4 траўня 2024, Субота, 21:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады адбіраюць лецішча ў Ніны Багінскай

27

Судовыя выканаўцы патрабуюць, каб актывістка тэрмінова вызваліла лецішча, канфіскаванае за штрафы.

Актывістку Ніну Багінскую судовыя выканаўцы прымушаюць вызваліць садовы домік у кааператыве «Геолаг-СМ» (вёска Дамашаны), які быў у траўні арыштаваны за нявыплату штрафаў, накладзеных пастановамі судоў. Прычым, тэрмін да якога Багінская абавязаная вызваліць арыштаванае раней лецішча ад асабістых рэчаў, сканчаецца 29 ліпеня. Ліст такога зместу «Аб вызваленні памяшкання» атрымала нядаўна Ніна Багінская з раздзелу прымусовага выканання Смалявіцкага раёна, паведамляе ПЦ «Вясна».

У рамках выканання пастановы аб здзяйсненні асобнага выканаўчага дзеяння аддзела прымусовага выканання Першамайскага раёна Менска яшчэ ў траўні з кватэры актывісткі судовыя выканаўцы канфіскавалі мікрахвалёўку і пральную машыну ў кошт штрафаў за акцыі, а таксама наклалі арышт на дачныя дзялянкі. І вось чарга дайшла да канфіскацыі першага з іх.

Дамок ужо паспелі ацаніць у КУП «Мінскі абласны цэнтр інвестыцый і прыватызацыі» на суму 10 000 рублёў (сто мільёнаў рублёў да дэнамінацыі). Гэтыя грошы пасля продажу «з малатка» лецішча дзяржава пусціць на выплату штрафаў, якіх у Багінскай на сёння сабралася амаль 75 мільёнаў рублёў. А што далей, няўжо чарга дойдзе і да апошняга дачнага надзела? І гэта пры тым, што частка пенсіі актывісткі штомесяц ідзе на выплату судовых штрафаў.

На свае пратэсты ў пракуратуры і заявы ў суды Багінская атрымлівае фармальныя адпіскі, аднак прадаўжае бараніць свае парушаныя правы. Ніна Багінская прынцыпова адмаўляецца выплачваць штрафы паводле пастановаў судоў за ўдзел у розных акцыях і пікетах, бо мяркуе, што штучныя забароны ўладаў на правядзенне масавых мерапрыемстваў - антыканстытуцыйныя па сутнасці і парушаюць яе права на мірныя сходы.

Ніна Багінская - удзельніца шматлікіх вулічных акцый, у якіх яна нязменна ўдзельнічае з бел-чырвона-белым нацыянальным сцягам.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках