8 траўня 2024, Серада, 16:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску аштрафавалі расейца, які напаў на аўто з украінскім сцягам

41

Расеец адмыслова «падрэзаў» машыну менчука і кінуўся на яго з кулакамі.

Кулакі - крайні і непажаданы сродак развязання канфліктаў. Тым больш на дарозе. Аднак на скрыжаванні вуліц Матусевіча і Дамброўскай кіроўца стаў ахвярай менавіта такога нападу, піша «Белсат».

Раней брутальныя разборкі на дарозе Артур Хаменка бачыў толькі праз тэлевізар. А тое, што сам калісьці патрапіць у такую сітуацыю, не мог нават уявіць. У той дзень, каб паспець адвезці сына на трэніроўку, ён абагнаў аўтамабіль «Toyota» з расейскімі нумарамі. У адказ кіроўца неаднаразова «падрэзаў» машыну Артура, а ўжо на светлафоры - выскачыў з аўто.

«Я апусціў шкло, кіроўца «Toyota» падышоў вось адсюль і тут жа ўдарыў мяне ў твар. Потым, калі я хацеў выйсці з машыны, ён трымаў вось так левай рукой дзверы, а другі спрабаваў працягваць наносіць ўдары», - Артур Хаменка распавядае і паказвае, як усё адбывалася.

У той жа час адзін з пасажыраў агрэсіўнага кіроўцы накінуўся на аўтамабіль. У выніку трэснула шкло і разбілася люстэрка. Прычынай жа такіх агрэсіўных паводзінаў Артур мяркуе не толькі непадзеленую трасу.

«Прыбіце гэтага хахла, у яго хахляцкі сцяг!» Вось такія выказванні былі. Таму я думаю, гэта напад і хуліганскія паводзіны выкліканыя іх рэакцыяй на тое, што ў мяне на панэлі ўкраінскі сцяг», - кажа Артур Хаменка.

Выпадкі, калі прыхільнікі так званага «расейскага свету» праяўляюць агрэсію і спрабуюць дыктаваць свае правілы ў Беларусі, маюць месца ўсё часцей. Даслоўна ў ліпені на рынку «Экспабел» аматары Расеі высвятлялі стасункі з актывістамі «Маладога фронту», на якіх былі майкі з нацыянальнай сімволікай.

«Адзінства трох народаў стварыла такую атмасферу, калі кожны прыхільнік Расеі ўважае, што з дапамогай фізічнай сілы ён можа даказваць сваю правату. І такія канфлікты, на жаль, здараюцца вельмі часта», - кажа Зміцер Дашкевіч, лідар «Маладога фронту».

У большасці такіх выпадкаў тая ж міліцыя на бок пацярпелых не ўстае.

«Сярод чыноўнікаў, у тым ліку і ў сілавых структурах, ёсць нейкая частка адэкватных людзей, але мізэрная колькасць. Яны нават не могуць нейкую крытычную масу стварыць. І нават калі б дзяржаўны апарат спрабаваў трохі павярнуцца. А пасля Крыма ён усё-такі спрабуе павярнуцца ў іншы бок. Але 20 гадоў адбудоўваліся структуры «расейскага свету». І ўсё гэта не так проста зараз памяняць», - працягвае Зміцер Дашкевіч.

Артуру жа Хаменка ў распачынанні крымінальнай справы паводле факта збіцця, нягледзячы на наяўнасць вынікаў экспэртызы, адмовілі. Адзінае пакаранне нападніка - штраф 10 базавых, то ёсць Br 210, за пашкоджанае аўто. Аднак пацярпелы спадзяецца на правасуддзе і працягвае шукаць сведкаў падзей.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках