5 траўня 2024, Нядзеля, 23:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дашкевіч: Мільёны беларусаў - за вяртанне бел-чырвона-белага сцяга

21
Дашкевіч: Мільёны беларусаў - за вяртанне бел-чырвона-белага сцяга
ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ
ФОТА: BELSAT.EU

Пачынаецца кампанія збору подпісаў за надаванне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

«Мы зараз бачым, што ў беларускім грамадстве ўзрастае цікавасць да сваёй гісторыі, сапраўдных нацыянальных сімвалаў - бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня». Маладафронтаўскія акцыі, якія мы праводзілі цягам лета (14 траўня на гадавіну сумнавядомага «рэфэрэндуму» 1995 года, на гадавіну абвяшчэння незалежнасці - 27 ліпеня і 25 жніўня) прадэманстравалі, што тысячы беларусаў падтрымліваюць вяртанне нашай сімволікі: мінакі выказвалі падтрымку, машыны пастаянна сігналілі ў знак салідарнасці, акцыі мелі вельмі станоўчы рэзананс у СМІ, на кожнай з іх раздаваліся сотні бел-чырвона-белых стужак. Гэта і не дзіўна, бо з розных сацыялагічных даследаванняў, для мільёнаў беларусаў сімвал нашай краіны - гэта бел-чырвона-белы сцяг», - распавёў «Беларускаму партызану» лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч.

Актывіст наважылі агучыць персанальную кампанію збору подпісаў за надаванне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, бо «калі агучваць такую ініцыятыву ад арганізацый, нічога не змяняецца - подпісы збіраюць усё роўна адзінкі».

«Цікава будзе паглядзець і на тое, як павядуць сябе палітычныя структуры, якія ўсё пераконвалі нас, што трэба хадзіць на ілжывыя «выбары», бо іншай магчымасці камунікаваць з насельніцтвам няма. Вось, вельмі добрая магчымасць, якой зараз ніхто не супрацьстаіць - збірайце подпісы за сцяг, пашырайце свае ідэі ў грамадстве, кантактуйце з людзьмі. І ў фальсіфікацыі ўдзельнічаць не трэба, і пераконваць нікога ў палітычных поглядах, бо бел-чырвона-белы сцяг падтрымлівае больш людзей», - упэўнены актывіст.

«Я маю досвед збору подпісаў і падчас парламенцкай кампаніі (у 2004 годзе хаця рэгістравацца на «выбары» і не пайшоў, але за месяц сабраў за сябе тысячу подпісаў не кідаючы працу), і падчас маладафронтаўскай кампаніі збору подпісаў за беларускую мову (у 2010 годзе за месяцы два сабраў блізу чатырох тысяч подпісаў), таму я і цяпер перакананы, што збяру тысячу подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг, выдаткоўваючы на гэтую справу толькі па некалькі гадзін часу пасля працы. Учора (на акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга» - заўвага) я ўжо сабраў першыя подпісы на выхадзе са станцыі метро Купалаўская-Каліноўскага. Дарэчы, самы першы подпіс паставіў актор і рэжысёр Павал Харланчук», - заяўляе Зміцер Дашкевіч.

Ён заклікае далучацца да збору подпісаў усіх ахвочых, хто таксама гатовы хаця б крыху ахвяраваць сваімі сіламі і часам для справы вяртання бел-чырвона-белага сцяга.

«Прыблізна праз месяц мы разам панясем подпісы да Міністэрства культуры, а яны там хай вырашаюць, што рабіць з шматтысячным народным патрабаваннем: бел-чырвона-беламу сцягу - статус гісторыка-культурнай каштоўнасці!» - рэзюмаваў Зміцер Дашкевіч.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках