26 красавiка 2024, Пятніца, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Праваабаронцы не дазваляюць рэжыму хлусіць беспакарана

Алесь Бяляцкі: Праваабаронцы не дазваляюць рэжыму хлусіць беспакарана
Алесь Бяляцкі
ФОТА: Сяргей Грыц

Праваабаронцам удалося данесці да міжнародных арганізацый інфармацыю аб масавых фальсіфікацыях на «выбарах» у Беларусі.

22 верасня беларускія праваабаронцы ў рамках канферэнцыі АБСЕ аб чалавечым вымярэнні правялі паралельнае мерапрыемства аб выніках «парламенцкіх выбараў», якія адбыліся ў краіне 11 верасня.

Свае ацэнкі сітуацыі з правамі чалавека ў сувязі з правядзеннем выбарчай кампаніі прысутным прадставілі кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend Вольга Смалянка і юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў.

«Мы абмяркоўвалі бягучую сітуацыю, якая склалася напярэдадні «выбараў» і адразу пасля іх. І нашы ацэнкі ў цэлым супадалі. Мы прыйшлі да высновы, што сітуацыя няпростая. Пасля скасавання санкцый у лютым гэтага года фактычна сітуацыя з правамі чалавека была замарожаная і не было ніякіх паляпшэнняў, і мы нават адзначаем пагаршэнне, бо ў нас з'явіліся новыя палітычныя зняволеныя, а ўлады гэтак жа, як і раней, пераследуюць грамадскіх актывістаў праз адміністрацыйныя затрыманні і пакаранні ў выглядзе штрафаў. І самая выбарчая кампанія праходзіла ў неспрыяльнай атмасферы, у кандыдатаў у дэпутаты быў нераўназначны доступ да сродкаў масавай інфармацыі, і фактычна «выбары» былі сфальсіфікаваныя», - распавёў Алесь Бяляцкі па выніках мерапрыемства, паведамляе сайт spring96.org.

Праваабаронца падкрэсліў, што фактычна пасля выбарчай кампаніі ацэнкі ўнутраных назіральнікаў супадаюць з ацэнкамі міжнародных:

«Выбары не былі празрыстымі і дэмакратычнымі. Больш за тое, нішто не сведчыць пра тое, што ўлады змянілі сваё стаўленне і метады ціску на грамадскіх актывістаў і кантролю над грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Ціск гэты прадаўжаецца і казаць пра лібералізацыю ці нейкіх дэмакратычных кроках, хай і маленькіх - рана».

Удзельнікі сесіі таксама закранулі пытанні пакарання смерцю, свабоды сходаў і свабоды асацыяцый і прыйшлі да высновы, што ў цэлым ніякіх змен у Беларусі не адбываецца.

«Здаецца, нам удалося перадаць міжнароднай супольнасці нашыую ўстурбаванасць і трывогу, данесці інфармацыю з першых рук, і гэта было дастаткова важна. Я думаю, што падфарбаваць сітуацыю, зрабіць яе лепшай, чым яна ёсць на самой справе, ва ўладаў не атрымліваецца, таму што ёсць грамадзянскі кантроль з боку беларускіх праваабаронцаў і няўрадавых арганізацый», - сказаў Алесь Бяляцкі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках