2 траўня 2024, Чацвер, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі значна падаражэла свініна

12
У Беларусі значна падаражэла свініна

Прадаўцы мяркуюць, што ў найбліжэйшы час зноў адбудзецца падаражанне.

За апошнія два тыдні кошты свініны на рынку ў Берасці выраслі ў сярэднім на 10-15 тысяч недамінаваных рублёў за кілаграм, і прадаўцы бязрадасна паведамляюць, што гэта, можа быць, толькі пачатак.

«Мы тут наогул ні пры чым, - апраўдваюцца яны перад пакупнікамі, якія ўсё яшчэ не могуць прывыкнуць да такога павароту. - Калгасы кошт паднялі на 16 тысяч за 1 кг. Сказалі, што і гэта не мяжа: маўляў, рыхтуйцеся. Вось-вось будзе яшчэ падаражанне».

Пакупнікоў у мясных радах у сераду раніцай няшмат, піша vb.by. Мяса на прылаўках - таксама. «Баімся браць больш, - прызнаюцца прадаўцы. - Дай Бог, гэта да канца дня прадаць. Вы ж бачыце, як людзі гэтымі коштамі купляюць».

Большасць прадаўцоў на рынку ў Берасці гандлююць мясам, закупленым на свінагадоўчых комплексах «Белавежскі» і «Заходні». Тлумачаць: прыватнікаў прымусілі выразаць усіх свіней праз чуму, вось цяпер свінакомплексы і задзіраюць кошты. Адпускалі мяса па 39 тысяч рублёў за кг, цяпер - па 56 (5 руб 60 кап у новых грашах). Трэба сказаць, ранейшы кошт вытворцаў пратрымаўся доўга. І пакупнік, чые рэальныя даходы ў апошнія год-паўтара дэманструюць сумную тэндэнцыю да зніжэння, да гэтых коштаў неяк прыстасаваўся, навучыўся ўвязваць іх са сваім бюджэтам. Цяпер даводзіцца зноў пераглядаць свае магчымасці.

На свінакомплексах не адмаўляюць: кошты паднялі. Прычына - значна падаражэлі кармы. «Бялковая сыравіна для вытворчасці кармоў, а гэта сланечнік, соя, іншыя дабаўкі, мы заўсёды закуплялі ва Украіне, - растлумачыў спецыяліст аднаго з прадпрыемстваў вобласці, які папрасіў не называць ягонае імя. - Але цяпер праз афрыканскую чуму свіней у шэрагу ўкраінскіх абласцей экспарт гэтай прадукцыі спынены. Іншыя рэгіёны, дзе не адзначаныя выпадкі АЧС, скарысталіся сітуацыяй і значна ўзнялі свае кошты. Выдаткі на камбікармы ў сабекошце вытворчасці прадукцыі складаюць блізу 60%. Каб не застацца ў мінусах, мы вымушаныя падымаць адпускныя кошты».

Ёсць яшчэ некалькі «бытавых» версій мяснога падаражання. Адна з іх: попыт на свініну ў Беларусі на гэты момант перавысіў прапанову, і менавіта гэта вызначыла кошт. Версія ідзе насуперак з афіцыйнымі заявамі: яшчэ пару месяцаў таму ў Мінсельгасхарчы Беларусі казалі, што задача аднаўлення пагалоўя свіней пасля ўспышкі АЧС да ўзроўню 1 студзеня 2013 года на гэты момант не стаіць. Маўляў, нам не трэба столькі свініны ў рэспубліцы: мы цалкам сябе забяспечваем у разліку на душу насельніцтва і разумеем, што экспарт свініны абмежаваны ва ўсе краіны. Аднак, некаторыя свінакомплексы вобласці атрымалі «разнарадку» на пастаўку свініны ў Менскую вобласць. «Недахоп свініны ёсць. І калі мы не падымем кошты, іх падымуць перакупшчыкі», - рэзюмуюць на прадпрыемстве.

А нас толькі што пераконвалі, што ў Беларусі не проста няма інфляцыі, але наогул пайшоў зваротны працэс: у жніўні ўпершыню за 7 гадоў кошты папаўзлі ўніз. Відавочна, у верасні быў узяты рэванш...

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках