29 красавiка 2024, панядзелак, 18:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг назваў падзею, якая можа паўплываць на ўвесь 2024 год

7
Палітолаг назваў падзею, якая можа паўплываць на ўвесь 2024 год
РЫГОР МЕСЕЖНІКАЎ

Захад стаіць перад вялікім выклікам.

Ці стала Расея слабейшай за гэты год? Якім быў 2023 год для беларускага рэжыму? Што азначае пачатак перамоваў паміж Украінай і Брусэлем аб уступленні ў ЕЗ? Што чакаць ад 2024 года?

Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org спытаў славацкага палітолага і прэзідэнта Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Браціслава) Рыгора Месежнікава:

- Прадаўжэнне агрэсіі Расеі супраць Украіны з'яўляецца ключавой падзеяй, якая вызначала шмат у чым агульную міжнародную сітуацыю. Зразумелая справа, што гэта ўплывала на ўнутранае развіццё гэтых дзвюх краін, якія з'яўляюцца непасрэднымі ўдзельнікамі канфлікту, на іх міжнароднае становішча. Шмат у чым гэтая вайна ўплывала і на палітыку Еўразвяза, NATO і іншых хаўруснікаў Украіны. Падтрымка заставалася моцнай, хаця, на жаль, да канца года ўзніклі праблемы з вайсковай дапамогай. Паглядзім, чым гэта ўсё скончыцца, хочацца спадзявацца, што ўсё нарэшце ўладзіцца.

Думаю, вайна ў Еўропе трымала ў напружанні ўвесь кантынент. Так як яна зацягнулася, а чаканае контрнаступленне Украіны з розных прычын не дасягнула тых мэт, якія былі намечаныя, цяпер усё будзе залежаць ад таго, як Захад павядзе сябе ў дачыненні да Кіева. Вялікія станоўчыя зрухі назіраюцца ў дачыненнях Украіны з Еўропай. Украіне ўдалося не проста атрымаць статус кандыдата ў чальцы ЕЗ, Еўразвяз цяпер пачне з Украінай перамовы аб уступленні. З пункту гледжання Украіны, гэта падзея гістарычнага значэння.

Калі казаць пра міжнародную сітуацыю, то зразумела, што вайна, якая цяпер ідзе паміж Ізраілем і ХАМАСам, вельмі моцна ўплывае на агульную сітуацыю ў свеце. Тут узнікаюць цалкам абгрунтаваныя меркаванні, што ХАМАС наважыўся на гэтую агрэсію ў тым ліку і з прычыны, выгаднай для Расеі, каб не проста адцягнуць увагу Захаду, але і адвесці рэсурсы, энэргію ад расейскай агрэсіі супраць Украіны. Насамрэч гэта і адбылося, так што гэтую падзею таксама можна ўважаць за вельмі важную.

Калі казаць пра Славаччыну, то ў нас прайшлі выбары, мы з вамі ўжо пра гэта вельмі падрабязна размаўлялі. Вынікі гэтых выбараў, вядома, вельмі моцна паўплывалі на ўнутраную сітуацыю ў краіне. Ускладненні цяпер узнікаюць у дачыненнях паміж Славаччынай і Еўразвязам што да тых змен, якія адбываюцца зараз у нашым унутрыпалітычным развіцці. Цяпер у Славаччыне ідуць чысткі ў органах правапарадку, розныя прапановы для змянення заканадаўства ў галіне прававой дзяржавы ўносяцца на разгляд парламента, якія выклікаюць занепакоенасць у самім Еўразвязе.

Пацвердзілася тое, што Славаччына перастала падтрымліваць Украіну самастойна, то бок, як асобную дзяржаву мы перасталі падтрымліваць нашага суседа пастаўкамі зброі. Аднак славацкі ўрад пакуль не перашкаджае рэалізацыі камерцыйных праектаў па вытворчасці ўзбраення. Гэтыя праекты фінансуюцца іншымі дзяржавамі, чальцамі Еўразвязу і NATO. Цяпер славацкі абаронны комплекс вырабляе для перадачы Украіне гаўбіцы Zuzana 2, гэта вельмі якасныя прылады. Вайсковая дапамога з іншых краін таксама часткова праходзіць па тэрыторыі Славаччыны, яна не спынілася.

Славацкі ўрад падышоў усё ж да гэтага пытання з пазіцыі частковай рэвізіі — сваю зброю мы ўжо не даем, але тую, якая закупляецца Захадам, у тым ліку — і тое, што вырабляецца ў нас, у Славаччыне, Украіне пакуль перадаецца.

Калі разглядаць сітуацыю ў Беларусі, тут, як кажуць, нейкіх асаблівых нечаканасцяў не адбылося. Рэжым Лукашэнкі працягваў сваё кіраванне насуперак нацыянальным інтарэсам Беларусі як незалежнай дзяржавы, усё больш і больш прымыкаў да Расеі. Відавочна, што пры разглядзе на Захадзе пытанняў наконт санкцый, нейкіх спартыўных мерапрыемстваў і гэтак далей, рэжым Лукашэнкі ідзе адным блокам з Расеяй. Фактычна, Лукашэнка - блізкі хаўруснік і суўдзельнік Пуціна ў многіх яго справах, накіраваных і на агрэсію супраць Украіны, і ў стаўленні да Захаду.

Цалкам відавочна, што Расея выкарыстоўвае Лукашэнку для розных крокаў, нейкіх мерапрыемстваў, ціску на еўрапейскія краіны. Ёсць падазрэнні, што зноў можа паўтарыцца сітуацыя з міграцыйным крызісам.

- Нягледзячы на пазіцыю Орбана, Фіцо і іншых палітыкаў, якія выступаюць супраць дапамогі Кіеву, Еўразвяз пастанавіў пачаць перамовы з Украінай і Малдовай аб чаленстве. Пра што гаворыць гэты факт?

- Па-першае, адразу хацеў бы ўдакладніць, што Фіцо пакуль нічога не распачаў супраць перамоўнага працэсу з Украінай, ён не перашкодзіў гэтаму. Орбан, дарэчы, таксама ўсё ўзважыў і пастанавіў проста не ўдзельнічаць у гэтым галасаванні, ён не прысутнічаў у зале падчас прыняцця пастановы. Але зразумела, што ён быў супраць, заявіў, што ёсць яшчэ час затармазіць увесь гэты працэс у будучыні.

А Фіцо - гэта тыповы папуліст, у Брусэлі ён прагаласаваў за Украіну, але потым некалькі дзён казаў, якая гэта карумпаваная краіна, непадрыхтаваная да ўступлення ў ЕЗ і наогул не трэба яе прымаць. Сваё «хатняе заданне» Фіцо ў гэтым выконвае.

Што ж да самой пастановы ЕЗ наконт Украіны, то нарэшце прыйшло поўнае разуменне з боку ЕЗ, што неабходна падтрымліваць цалкам памкненні Кіева па ўнутраным рэфармаванні. Гэта неабходна для таго, каб Украіна адбілася ад расейскай агрэсіі і перамагла як самастойная дзяржава. Перамоўны працэс важны акурат таму, што краіна пачынае прыводзіць сваё заканадаўства ў адпаведнасць з агульнымі нормамі Еўразвяза.

Думаю, што палітычная падтрымка стала такой масіўнай дзякуючы таму, што Украіна змагаецца, сапраўды адбіваецца ад расейскай агрэсіі. Можа, пакуль яшчэ рана казаць пра тое, што Украіна перамагае ці дакладна пераможа, але я ўпэўнены, што так і будзе. Пры гэтым відавочна, што расейскія планы на бліцкрыг не выйшлі, што Украіне, знаходзячыся пад сталым агнём ва ўмовах вайны, удалося ажыццявіць важныя крокі ў галіне ўнутраных рэформ.

Украіна паказала сябе як краіна, у якой сур'ёзныя намеры, ужо няма ніякіх ілюзіяў наконт будучыні краіны як еўрапейскай дзяржавы, як раўнапраўнага чальца сям'і еўрапейскіх нацый. Хтосьці сказаў, што Украіна канчаткова развялася з Расеяй. Думаю, што гэта вельмі добрая метафара, зараз ужо зусім відавочна, што зваротнага руху проста не будзе. Цяпер будзе рух толькі ў Еўропу, супрацоўніцтва з дзяржавамі, якія падтрымліваюць незалежнасць Украіны, яе дэмакратычную дзяржаўнасць. У адрозненне ад Расеі, якая спрабуе гэтую дзяржаўнасць проста знішчыць, забіваючы ўкраінцаў.

- Што можаце сказаць аб пуцінскай Расеі? Сёлета мы ўбачылі шмат цікавых падзей: мяцеж Прыгожына, паўзучая страта лідарства Крамлём на былой постсавецкай прасторы. Як бы вы ацанілі, Расея сканчае гэты год мацнейшай ці саслабелай?

- Мне здаецца, тут трэба ацэньваць сітуацыю з пункту гледжання самога гэтага рэжыму. Што да краіны, нейкіх яе эканамічных параметраў, мы бачым, што пэўная ўстойлівасць там усё ж ёсць. Былі чаканні, што санкцыі і вайна прывядуць да эканамічнага краху, але такога пакуль цалкам не адбылося, хаця згаданыя фактары і ўскладнілі развіццё Расеі.

З іншага боку, калі паглядзець на тое, што Расея наогул прапануе і свайму насельніцтву, і ўсяму свету, то ні пра якое лідарства Расеі не можа быць і гаворкі. Ні ў якіх сферах, нават у вытворчасці ўзбраення. Відаць жа, што Украіне дастаткова атрымаць адносна невялікую колькасць заходняга старога (нават састарэлага) узбраення - і краіна здольная адбівацца ад большых у колькасці сіл супраціўніка. Вядома, тут варта адзначыць і гераічнасць украінскіх вайскоўцаў.

Мяркую, што Расея зараз не дэманструе ні ў якой галіне лідарства: ні ў эканоміцы, ні ў тэхналогіях, ні ў культуры, ні ў чым. Гэтая дзяржава, якая развіваецца слаба, назіраецца стагнацыя. Ніякіх поспехаў, пра якія ўвесь час кажа кіроўная кліка, насамрэч у гэтай краіны няма.

З іншага боку, Расея апынулася на баку самых адмарожаных дыктатарскіх рэжымаў. Нічога новага ў гэтым няма, цяпер абсалютна відавочнае супрацоўніцтва паміж гэтымі краінамі, членамі «восі зла». Гэта Паўночная Карэя, Іран і іранскія проксі, цалкам відавочна, што гэтую групоўку падтрымлівае Кітай, Лукашэнка да гэтага д'ябальскага саюзу далучыўся, дзейнічаючы абсалютна насуперак інтарэсам беларускага народа. Фактычна, гэта злачынства, што Лукашэнка завёў Беларусь у гэты тупік аўтарытарызму і ізаляцыі. Расея стала дзяржавай-выгнанкай, ва ўсякім

разе - у вачах дэмакратычнай часткі чалавецтва, цывілізаванага свету. Так што ганарыцца гэтаму рэжыму асабліва няма чым.

- Хацелася б пачуць ваш прагноз на 2024 год, якія тэндэнцыі будуць пераважаць у сусветнай палітыцы?

- Будзе нямала вельмі важных падзей, па-першае, выбары ў Злучаных Штатах. Цяпер ёсць розныя здагадкі на гэты конт. Думаю, што калі Дональд Трамп будзе абраны амерыканскім прэзідэнтам, то нас чакаюць яшчэ большыя ўзрушэнні. Яны не будуць звязаныя непасрэдна з тым, што Амерыка сябе павядзе агрэсіўна, хутчэй наадварот. Асцерагаюся, што яе палітыка стане акурат больш ізаляцыянісцкай. Джон Болтан нядаўна казаў аб тым, што Дональд Трамп меў намер вывесці ЗША з NATO. Рызыка, што ён гэта зробіць у выпадку, калі стане прэзідэнтам, вельмі высокая. І гэта можа прывесці да агульнай дэстабілізацыі ў свеце.

З іншага боку, канешне, папоўніць адсутнасць ЗША ў Еўропе будзе вельмі цяжка. Аднак гэта можа стаць выклікам для буйных еўрапейскіх дзяржаў, што перад магчымай расейскай агрэсіяй (ці наўпроставай, ці паўзучай, гібрыднай), узнікне жыццёвая неабходнасць умацоўваць узаемадзеянне і супрацоўніцтва, узмацняць патэнцыял, ажыццяўляць працэс пераўзбраення, мадэрнізацыі ўзброеных сіл. Можа быць, хаця б часткова, гэта будзе кампенсаванае ўмацаваннем узаемнага супрацоўніцтва.

Мы пакуль не ведаем, як усё будзе. Можа, Трамп і не будзе абраны, а можа здарыцца і так, што нават калі яго і абяруць, ён не пойдзе на такія крайнія захады. Што ж так званы «deep state», разумная частка амерыканскага палітычнага і вайсковага істэблішменту, не дазволіць Трампу гэтага зрабіць, бо гэта было падчас яго пакуль першага прэзідэнцтва.

Зразумела, што Трамп не быў энтузіястам больш актыўнага ўдзелу Амерыкі ў тых працэсах, якія неабходныя для падтрымання стабільнасці ў свеце і падтрымкі дэмакратыі. Нягледзячы на гэта, яго асяроддзе нейкім чынам здолела ўтрымаць у традыцыйных рамках замежную палітыку ЗША. Магчыма, так адбудзецца і ў другі яго тэрмін.

У Расеі я пакуль не бачу нічога такога, што б сведчыла пра аслабленне рэжыму, нягледзячы на згаданы вамі кейс Прыгожына. Мне падаецца, што пуцінскі рэжым зараз нават больш кансалідаваны, чым быў да гэтага. Яны спахапіліся, зрабілі ўрокі з прыгожынскага путчу. У Крамлі зразумелі, што спадзявацца на падтрымку ад насельніцтва не варта, мы бачылі, што ніхто не выйшаў на абарону пуцінскага рэжыму, але і да Прыгожына, праўда, асабліва не далучыліся. Шырокія масы, як кажуць, засталіся дома.

Мне ўяўляецца, што ў гэтага рэжыму ўсё яшчэ дастаткова патэнцыялу для таго, каб утрымліваць уладу. Калі ўзнікнуць нейкія рызыкі, то з тымі, хто гэтыя рызыкі створыць, хутка расправяцца. Мяркую, што Уладзімір Пуцін застанецца ў 2024 годзе кіраўніком гэтага рэжыму, да таго ж ён у выбарах мае намер удзельнічаць, а іх вынікі ў Расеі можна прадказаць са стоадсоткавай упэўненасцю.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках