4 траўня 2024, Субота, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскія і літоўскія вайскоўцы запусцілі план «Ворша»

27
Польскія і літоўскія вайскоўцы запусцілі план «Ворша»

Што гэта значыць?

Літва і Польшча абвясцілі аб пачатку супольных вайсковых вучэнняў, якія надумалі правесці паводле плану “Орша”. Праходзіць яны будуць у рамках манеўраў "Адважны грыфон 24/II", якія, у сваю чаргу, з'яўляюцца часткай маштабных вучэнняў NATO "Стойкі абаронца", паведамілі ў прэс-службе літоўскіх узброеных сіл.

Паводле звестак літоўскіх вайскоўцаў, цягам найбліжэйшых некалькіх дзён салдаты з Польшчы, Літвы, ЗША і Партугаліі возьмуць удзел у вайсковых вучэннях у раёне Сувалцкага калідора. Агулам у іх плануюць задзейнічаць блізу 1500 жаўнераў і амаль 200 адзінак вайсковай тэхнікі, паведаміў польскі партал Interia.pl.

Сувалцкі калідор - адцінак тэрыторыі Польшчы і Літвы даўжынёй прыкладна 100 км, размешчаны паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю РФ.

Са звестак літоўскіх вайскоўцаў, іх супольны з Польшчай навучальны план "Орша" мае на ўвазе адпрацоўку абарончага сцэнару ў раёне Сувалцкага калідора. Сама назва плана з'яўляецца адсыланнем да гістарычнай бітвы і слаўнай перамогі войскаў ВКЛ і Кароны Польскай пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага над маскавітамі пад Воршай.

Як чакаецца, на манеўрах у адзін з дзён будуць асабіста прысутнічаць прэзідэнты абедзвюх краін Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа. Мяркуецца, што палітыкі сустрэнуцца з палявымі камандзірамі і паназіраюць за вайсковымі вучэннямі.

Абодва палітыкі раней не раз заяўлялі аб неабходнасці надаваць "асаблівую ўвагу і кантроль" Сувалцкаму калідору. Так, Анджэй Дуда, аб'яўляючы будучыя вучэнні NATO ў студзені гэтага года падчас візіту ў Літву, заявіў аб узмацненні польскай вайсковай прысутнасці ў гэтым рэгіёне і ўзмацненні аховы межаў.

Для літоўскіх вайскоўцаў гэтыя супольныя з Польшчай вучэнні стануць першым этапам нацыянальных вучэнняў, у якіх да чэрвеня 2024 года плануюць задзейнічаць блізу 10 тысяч рэзервістаў. Жыхароў краіны ўжо папярэдзілі аб вялікай колькасці вайсковай тэхнікі на дарогах і магчымых перабоях у дарожным руху.

Мэтай манеўраў NATO, якія прадоўжацца ў Літве да канца чэрвеня, камандзір літоўскім войскам генерал Вальдэмарас Рупшыс назваў “праверку планаў абароны”, якія былі ўхваленыя летась на саміце NATO ў Вільні, і пасыл “выразнага сігналу аб цвёрдай рашучасці і прыхільнасці чальцоў NATO ўзаемнай абароне”.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках