8 траўня 2024, Серада, 15:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лібералізацыя лібералізацыяй, але кайданкі не адмяняюцца

5
Лібералізацыя лібералізацыяй, але кайданкі не адмяняюцца

Актывіст «Маладога Фронту» Зміцер Хведарук, нягледзячы на законную адтэрміноўку, прызнаны прыдатным да службы ў арміі і адпраўлены адбываць арышт у турме на Акрэсціна.

Нагадаем, што Змітра Хведарука затрымалі 28 студзеня ў кватэры яго бацькоў у Менску. Сябра Змітра, які здымаў на відэа затрыманне, людзі ў цывільным збілі, зламалі камеру. Апазіцыянера адвезлі ў ваенкамат, нягледзячы на тое, што ён вучыцца ў Багаслоўскім каледжы на дзённым аддзяленні і мае права на адтэрміноўку ад службы ў арміі.

З ваенкамата міліцыянты адвезлі актывіста ў аддзяленне міліцыі Першамайскага раёна Менска. Там яму паведамілі, што ён павінен адбыць 10 сутак арышту. Яшчэ летась Хведарука затрымалі за святкаванне 1 траўня ўгодак пашырэння Еўразвяза. Шмат каго з апазіцыянераў тады арыштавалі, а некаторых, у тым ліку Хведарука, вызвалілі і пазней асудзілі завочна за ўдзел у акцыі.

Увечары таго ж дня Хведарука адвезлі ў турму на Акрэсціна адбываць 10-суткавы арышт. Але 29 студзеня апазіцыянера адправілі з ізалятара ў 14-ю паліклініку Менска для здавання аналізаў, неабходных для праходжання медкамісіі ў ваенкамаце.

Хведарук знаходзіўся ў паліклініцы на працягу ўсяго дня. Каля кабінета стаялі супрацоўнікі КДБ, якія не пускалі туды нікога, акрамя лекараў. Пасля абследавання, медыкі далі маладому чалавеку заключэнне аб тым, што ён прыдатны да службы ў арміі.

Пасля медагляду Змітра Хведарука зноў адвезлі ў ваенкамат, аднак наступным пунктам маршруту была не вайсковая частка, а ўсё той жа ізалятар, дзе апазіцыянер павінен адбыць 10 сутак арышту.

Нагадаем, што 28 студзеня ў Менску таксама гвалтоўна былі схопленыя і адпраўленыя ў армію моладзевыя лідэры Франак Вячорка і Іван Шыла.

Франака Вячорку схапілі проста на вуліцы людзі ў цывільным. Пры гэтым яго збілі і ў кайданках адвезлі ў Баранавіцкую армейскую радыётэхнічную брыгаду. У хлопца праблемы са здароўем, нядаўна яму была зробленая аперацыя на вочы. Апазіцыянер не быў прызнаны прыдатным да службы ў арміі, але яго гвалтоўна прымусілі легчы ў ваенны шпіталь для праходжання дадатковай медкамісіі, а 16 студзеня яго гвалтоўна затрымалі ў палаце ваеннага шпіталя і адвезлі ў ваенкамат. Апазіцыянер абскардзіў дзеянні супрацоўнікаў ваенкамата ў судзе, але суд прайшоў у закрытым рэжыме і без Франака. Актывіста прызналі прыдатным да арміі. На наступны дзень апазіцыянера і схапілі на вуліцы, незаконна адправіўшы ў ваенную частку.

Аднаго з лідэраў «Маладога Фронту» Івана Шылу затрымалі дома ў Салігорску. Учора апазіцыянера прывезлі ў вёску Межыцы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці для службы ў 29-й ракетна-зенітнай брыгадзе.

Раней Іван Шыла не быў прызнаны прыдатным да службы ў арміі, але 28 студзеня позна ўвечары ён прайшоў нейкую «паскораную» медкамісію і быў прызнаны «прыдатным». Актывіст абвесціў галадоўку на перыяд, пакуль не будзе разгледжаная яго скарга на дзеянні вайскоўцаў і ваенных лекараў, якімі, паводле словаў Івана, кіравалі людзі ў цывільным.

«Найбольш верагодна, што усё гэта робіцца свядома. Улады зразумелі розніцу паміж прызнанымі Захадам палітвязнямі і палітычнымі рэпрэсіямі наогул. Бо ёсць шмат розных механізмаў, каб паказаць людзям, чаго, на думку ўладаў, рабіць не варта.

І разам з тым гэтыя прыклады не так лёгка даказваць сусветнай супольнасці. Так, праваабаронцы могуць лічыць, што гэта палітычныя рэпрэсіі. Але еўрапейскім чыноўнікам, якія будуць прымаць рашэнне, ці падаўжаць санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі, сітуацыя будзе не настолькі зразумелая. Бо людзі не знаходзяцца за кратамі, у Беларусі існуе абавязковы прызыў у армію, і ў гэтым выпадку будзе вельмі шмат дэталяў, паглыбляцца ў якія еўрапейскім чыноўнікам будзе даволі складана.

Дарэчы, гэта складана ацаніць і простым беларусам, таму механізм рэпрэсіўнай машыны працуе вельмі добра. Ён дасягае сваёй мэты, абрастае нейкімі негатыўнымі плёткамі і чуткамі для той аўдыторыі, да якой гэты месыдж і быў накіраваны. А для ўсіх астатніх сітуацыя застаецца малазразумелай. Бо ў кожным канкрэтным выпадку ўзнікае шэраг пытанняў – ці правільна ўсё зрабіла медкамісія, ці сапраўды чалавек мае права на адтэрміноўку і гэтак далей. Такая вось праца рэпрэсіўнай машыны, праца «па-новаму» - гэта прыклад той «лібералізацыі», якую мы сёння назіраем», -- пракаментаваў сітуацыю ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

На фота: Зміцер Хведарук быў жорстка збіты амапаўцамі на акцыі "За незалежную Беларусь!", 12 снежня 2007 года

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках