28 красавiка 2024, Нядзеля, 3:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ужо ў 2010 годзе ў Менску можа не застацца рынкаў

16

У наступным годзе працягнуць працаваць толькі тыя прадпрымальнікі, якія пазбавяцца ад намётаў і навесаў і пераедуць «пад дах».

Восем месяцаў таму ўлады знеслі апошні кіёск, цяпер чарга за рынкамі. Як адзначае «Комсомольская правда в Беларуси», у генеральным плане развіцця Менска на 2010 год рынкаў няма.

- У праграме развіцця горада рынкаў няма. І новых рынкаў будаваць не будуць. У тых, што ўжо існуюць, пачнуць працы па рэканструкцыі і абнаўленні. Але калі ўласнікі не змогуць давесці іх да сучаснага ўзроўня - будуць зачыняць, - патлумачыла начальніца ўпраўлення гандлю і паслугаў Менгарвыканкама Ларыса Камарова. - Мы разумеем, што рынкі сёння, у крызіс, неабходныя фізічным асобам для гандлю. І магчымасць гандляваць не сыдзе нікуды. Хіба што будзе ўдасканальвацца. Але застануцца толькі тыя рынкі, у якія ўкладуць грошы. Некаторыя ўжо зжылі сябе і павінны сысці ў мінулае. Расце культура пакупнікоў, з'яўляецца жаданне атрымліваць якасныя паслугі. А на вуліцы прымерваць вопратку - ну што гэта такое? Мы ж павінны сябе паважаць!

- Але ж за камфорт прыйдзецца расплачвацца высокімі коштамі, якія ўзнімуцца з-за арэнднай платы.

- Так, арэндная плата на рынку і ў сучасным гандлёвым цэнтры розная. І на кошты ўплывае, на жаль. Але не можа горад Менск дазволіць сабе захоўваць непрыстойныя аб'екты на сваёй тэрыторыі.

Па запатрабаваннях Камітэта архітэктуры рынак не можа ўяўляць з сябе шэраг намётаў, над якімі пастаўленыя навесы. Патрэбныя добрыя будынкі ў сучасным стылі, а не зборна-разборныя канструкцыі. Напрыклад, рынак на стадыёне «Дынама» узнік як часовы. Сёння самі прадпрымальнікі ўжо ўсвядомілі, што ён не адказвае патрабаванням пакупнікоў, і сыходзяць у іншыя месцы - у падземныя гандлёвыя цэнтры, на «Ждановічы». Да пачатку рэканструкцыі стадыёна рынак перастане існаваць. І на новым стадыёне яго не будзе.

Якія яшчэ рынкі павінны змяніцца

- «Чэрвенскі» і «Курасоўшчынскі». Каб пазбегнуць закрыцця, іх прыйдзецца пабудаваць наноў.

- «Максімус» у Малінаўцы і Сухарава. Уладальнікі ўжо прапанавалі праекты рэканструкцыі. Гарадскія ўлады праект задаволіў.

- Камароўскі рынак працу працягне, але адтуль, хутчэй за ўсё, знікнуць сезонныя шэрагі, дзе пад навесамі бабулі прадаюць агуркі і бульбу са свайго агарода.

Калі рэканструкцыя гэтых рынкаў не скончыцца да канца 2010 года, дык рынкі могуць зачыніць.

Дарэчы ў 2000 годзе ў Менску было каля 4 тысячаў кіёскаў на прыпынках. Зараз у Менску засталіся толькі газетныя кіёскі і невялікія павільёны на выхадах з метро. Эксперты неаднаразова адзначалі, што менавіта дробны прыватны бізнэс кшталту кіёскаў мог бы павялічыць унутранае спажыванне і дапамагчы дзяржаве выбрацца з крызісу. І нават улады перасталі так актыўна адстойваць уласную слушнасць.

«На гэты момант рашэння вярнуць кіёскі не паступала», - адказваюць у Менгарвыканкаме.

Што страціла дзяржава з закрыццём кіёскаў?

- Падаткі.

Кожны кіёск плаціў ад 500 даляраў падаткаў штомесяц. У год - шэсць тысячаў даляраў з кіёска.

- Працоўныя месцы.

У кожным кіёску працавалі 2 - 3 прадаўцы, а абслугоўвалі іх кіроўцы, грузчыкі, прыбіральшчыкі. Калі кіёскам сказалі жорсткае «не», усе гэтыя людзі апынуліся без працы.

- Давер бізнэсмэнаў.

- Людзі ўклалі грошы ў кіёскі, узялі крэдыты, набылі машыны, хацелі развіваць бізнэс. А дзяржава закрыла для іх гэтую магчымасць, не прапанаваўшы альтэрнатыў. Зараз улады прапаноўваюць «іпэшнікам»: адкрывайце рэстараны і кавярні, дапамагайце разгружаць склады! Не ўсе адгукаюцца на гэтыя заклікі. Шмат хто ўзгадвае гісторыю з кіёскамі і не ідзе насустрач.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках