6 траўня 2024, панядзелак, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з угодкамі Слуцкага паўстання

14

90 гадоў таму, 27 лістапада 1920 года, распачаўся антысавецкі Слуцкі Збройны Чын.

Штогод 27 лістапада беларускае грамадства святкуе яго як Дзень герояў памяці слуцкіх паўстанцаў, перадае «Радыё Свабода».

З віншаваннем з Днём герояў да беларусаў свету звярнулася старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:

«Дарагія суродзічы, ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас з 90-мі ўгодкамі Слуцкага Збройнага Чыну, з нашым слаўным Днём Герояў. Случакі, як ніхто ў нашай гісторыі, заслугоўваюць звацца героямі. Яны мелі адвагу і мужнасць змагацца за ідэал, за волю для сваёй зямлі. Слуцкі Збройны Чын застаўся назаўсёды ў нашай памяці не таму, што ён быў збройным – зброі случакі мелі вельмі мала, -- а таму, што дзесяць тысячаў беларусаў вырашылі бараніць да апошняга сваю дзяржаву. Былі гатовыя аддаць жыццё, каб жыла беларуская Беларусь.

Дарагія суродзічы, памятайма прыклад нашых слаўных продкаў. Разам з усімі змагарамі за волю і незалежнасць, будзьма гатовыя бараніць наш край. Я веру, што абаронім мы яго ў пачатку гэтага, XXI стагоддзя, не зброяй, а нашай рашучасцю і нашай салідарнасцю. Да нашага моцнага пачуцця справядлівасці, да нашай нецярпімасці да крыўдаў і знявагаў, хапіла б дадаць крыху любові і талерантнасці адно да аднаго ды забыцца пра свае ўласныя інтарэсы ды амбіцыі, каб перамагчы ўсе перашкоды на нашым шляху да здзяйснення ідэалаў нашых слаўных случакоў.

Дык дапамажы нам Божа!

Жыве Беларусь!».

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках