28 красавiка 2024, Нядзеля, 8:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка змагаецца з журналістамі, як з ворагамі

15
Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка змагаецца з журналістамі, як з ворагамі

Дыктатар змагаецца за сваё жыццё, а на вайне ўсе сродкі добрыя.

Пакуль улады заганяюць на датэрміновае галасаванне служачых і студэнтаў, прыхільнікаў байкоту арыштоўваюць.

Так, учора людзі ў цывільным зладзілі налёт на санкцыянаваны пікет «Zмены». Затрымалі як удзельнікаў акцыі, так і журналістаў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Многіх збілі, зламалі тэхніку, актывістаў судзілі.

Прычына ўзмацнення рэпрэсій, на думку аднаго з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былога палітвязня Зміцера Бандарэнкі, які даў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» , у тым, што ўлады ведаюць рэальную карціну грамадскай думкі і разумеюць, што людзі на «выбары» не пойдуць .

- У чым прычына такой вострай рэакцыі ўладаў?

- Па-першае, у тым, што акцыя была ў падтрымку байкоту «выбараў». Яна вельмі крэатыўная, на ёй прысутнічалі журналісты, у тым ліку і замежныя. А ўлады ведаюць, што людзі не хочуць ісці на «выбары», што яны іх ігнаруюць. Таму рэакцыя была такой вострай.

- Чаму ўлады зацікаўленыя ў тым, каб людзі рэальна прыйшлі на «выбары». Нельга намаляваць тыя ж самыя лічбы, што падчас іншых кампаній?

- Думаю, што ёсць даследаванні, якія праводзіць КДБ, і яны паказваюць рэальнае становішча ў Беларусі. Калі большасць людзей не хоча прымаць удзел у гэтым фарсе, то ад уладаў патрабуецца больш намаганняў, каб паспрабаваць загнаць беларусаў на гэтыя «выбары». Таксама яны разумеюць неабходнасць трымаць грамадства ў страху, а такія брутальныя акцыі будуць абмяркоўвацца - гэта частка запалохвання, фон, на якім праходзіць кампанія.

- Але гэты фон будзе абмяркоўвацца і на Захадзе. Няўжо беларускія ўлады не хочуць, каб гэтыя «выбары» выглядалі больш-менш прыстойна там?

- У дыктатуры іншая логіка. Лукашэнка памятае лёс сваіх сяброў, якія так ці інакш адхілены з улады. Гэта Муамар Кадафі, Слабадан Мілошавіч, Хосні Мубарак. Ён ведае, што зараз адбываецца ў Сірыі. Лукашэнка ўвесь час застаецца ў стане вайны - са сваім народам, з усім светам. Для яго замежныя журналісты з'яўляюцца замежнымі салдатамі, з якімі ён змагаецца, як з ворагамі.

Ён змагаецца за сваё жыццё, а на вайне ўсе сродкі добрыя.

- Вы кажаце, што ўлада ваюе з уласным народам. Ці выкарыстае яна тыя ж самыя сродкі, што і ў снежні 2010 года?

- Дыктатар і яго атачэнне ўвесь час чуюць словы «Сыходзь, сыходзь», якія скандавалі людзі на плошчы Незалежнасці, магчыма гэта ім нават сніцца. Але дзесяткі тысяч людзей, якія выкрыквалі гэта, таксама пра гэта памятаюць. Беларускі народ разумны, і як чалавек, які з павагай ставіцца да маркетынгу, я хачу сказаць, што беларускім палітыкам трэба паважаць меркаванне народа. Калі народ разумее, што гэта не «парламент» і не «выбары», то трэба да яго прыслухоўвацца.

- Вы сказалі, што апазіцыя павінна зрабіць перапынак падчас гэтай кампаніі. Што вы мелі на ўвазе?

- Калі ўзмацніліся рэпрэсіі і многія лідэры апазіцыі сядзяць у турмах, прычым не проста ў турмах, а ў карцэрах, апазіцыі трэба ўзяць паўзу, падумаць як дзейнічаць далей, падрыхтавацца да наступнай бітвы. Гэта больш рацыянальна сёння, чым імітаваць актыўнасць на «выбарах».

- Наступная бітва - гэта прэзідэнцкія выбары?

- Гэта могуць быць як прэзідэнцкія выбары, так і падзеі, звязаныя з эканомікай, таму што крызіс працягваецца, але сённяшняя сітуацыя - гэта гульня улады. Яе трэба ігнараваць.

Беларуская апазіцыя ёсць. Яна даволі моцная. Калі б яна не была моцнай - не было б такой істэрычнай рэакцыі ўладаў на падзеі 19 снежня. Мы зараз падобныя на ўсходнееўрапейскую краіну 80-ых гадоў мінулага стагоддзя, - такую, як Польшча, Венгрыя, Чэхаславакія. Складанасць Беларусі была ў тым, што мы адны. Цяпер лукашызацыя адбываецца ў Расеі і Украіне. Гэта вымусіць цывілізаваны свет, палітычных лідэраў звярнуць увагу на наш рэгіён больш сур'ёзна.

Мы павінны быць гатовыя да барацьбы з дыктатарскімі рэжымамі на постсавецкай прасторы, мы павінны завяршыць ту справу, якую не дарабілі ў 1991 годзе.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках