6 траўня 2024, панядзелак, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Бандарэнка: «Платформа» працягне праваабарончую дзейнасць

2
Андрэй Бандарэнка: «Платформа» працягне праваабарончую дзейнасць

6 верасня ў Менскім гаспадарчым судзе пачнецца слуханне справы па пазове аб ліквідацыі інфармацыйна-асветніцкай установы (ІАУ) «Платформа».

Пазоў у суд пададзены інспекцыяй па падатках і зборах Савецкага раёна Менска. Працэс будзе весці суддзя Алег Клюйко, паведамляе БелаПАН.

Папярэдняе пасяджэнне па пазове прайшло ў Менгассудзе 3 верасня. Прадстаўнік падатковай інспекцыі заявіў, што ўстанова «Платформа» «неаднаразова і груба» парушала заканадаўства: несвоечасова падавала падатковыя дэкларацыі, не знаходзілася па паказаным юрыдычным адрасе, у сувязі з чым на яе накладаліся штрафныя санкцыі.

Са свайго боку дырэктар «Платформы» Андрэй Бандарэнка заявіў, што падатковыя дэкларацыі падаваліся своечасова, аднак у падатковай інспекцыі яны «губляліся». Акрамя таго, адзначыў ён, установа ўжо каралася штрафам на дадзенае парушэнне, а значыць, прыцягвацца да адказнасці паўторна не павінна.

Што ж датычыцца прэтэнзій у сувязі з юрыдычным адрасам, то, як сцвярджае Бандарэнка, ІАУ «Платформа» па паказаным адрасе знаходзілася. Дырэктар папрасіў суд выклікаць сведак, якія б змаглі гэта пацвердзіць. «Проста «Платформа» развіваецца, і акрамя офіса па юрыдычным адрасе мы здымалі і іншыя памяшканні, што, магчыма, выклікала памылку», - растлумачыў Бандарэнка. Ён падкрэсліў, што заканадаўства не забараняе здымаць для працы некалькі памяшканняў.

Андрэй Бандарэнка называе пазоў аб ліквідацыі ўстановы неабгрунтаваным, але на станоўчае рашэнне суда не спадзяецца. «Міфічнае незнаходжанне па юрыдычным адрасе - гэта адкрытая глупства, мы там знаходзіліся, знаходзімся і будзем знаходзіцца. Непрадастаўленне дэкларацыі аб падатку на прыбытак - адзіны аргумент, але мы дэкларацыю ўжо падалі, нас ужо аштрафавалі, так што ніякіх аргументаў у падатковай інспекцыі няма. Але трэба не забываць, што мы жывем у Рэспубліцы Беларусь, дзе суды жывуць асобным жыццём ад заканадаўства і прававых актаў і нормаў. Таму калі будзе ўказанне ліквідаваць «Платформу», то «Платформа» будзе ліквідаваная незалежна ад таго, ёсць нейкія парушэнні, або іх няма», - заявіў праваабаронца журналістам.

Паводле яго слоў, арганізацыя «даўно была гатова» да магчымай ліквідацыі. «Нас пра гэта папярэджвалі, нас палохалі і страшылі. Для нас гэта не страшна - у нас ёсць іншыя шляхі выхаду з сітуацыі, мы далей будзем працаваць, таму я лічу, што нічога асаблівага тут не адбываецца», - падкрэсліў Бандарэнка.

Абаронай праў зняволеных актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Бандарэнка пачаў займацца пасля таго, як правёў за кратамі без малога два гады. У 2009 годзе ён быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў здзяйсненні эканамічнага злачынства. Бандарэнка знаходзіўся за кратамі з траўня 2009 года па сакавік 2011-га, калі Вярхоўны суд Беларусі вынес пратэст на вынесены яму прысуд і адправіў справу на новае расследаванне. 22 сакавіка Менскі гарадскі суд прызнаў Андрэя Бандарэнку невінаватым.

У чэрвені таго ж года Бандарэнка заснаваў ІАУ «Платформа». У лютым гэтага года арганізацыя абвясціла аб пачатку рэалізацыі новага праекту - «Маніторынг праў чалавека ў месцах пазбаўлення волі», а ў чэрвені Андрэй Бандарэнка паведаміў журналістам, што «Платформа» мае намер расследаваць факты гібелі вязняў у беларускіх калоніях.

21 чэрвеня пракуратура Менска вынесла Бандарэнке папярэджанне «за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Нагодай стаў зварот «Платформы» у Міжнародную федэрацыю хакея з заклікам не праводзіць у Беларусі чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, «пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, а таксама не спыняцца рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцаў, журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці».

У ліпені Андрэя Бандарэнку апавясцілі, што ён пастаўлены на прафілактычны ўлік у КДБ. Згодна з указам прэзідэнта ад 4 ліпеня 2012 года № 295, грамадзянам, якія стаяць на прафілактычным уліку ў органах дзяржбяспекі, абмежаваны выезд за мяжу.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках