29 красавiка 2024, панядзелак, 1:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая ініцыятыва Лукашэнкі: замена «шыла на мыла»

41
Новая ініцыятыва Лукашэнкі: замена «шыла на мыла»

Ініцыятыва Лукашэнкі пра пошліну ў 100 даляраў, якая так узбаламуціла беларусаў, можа апынуцца звычайным пшыкам.

Раней народ паставіўся да слоў кіраўніка пра гэта, быццам бы, скептычна. І так і ставіўся б, калі б гэтую задуму заўзята не прынялі на ўзбраенне органы ўлады, піша «Товарищ онлайн».

Пад кіраўніцтвам ўсюдыіснага Пятра Пракаповіча гэтая ідэя атрымала дадатковы стымул - на працягу двух месяцаў ён абяцаў прадставіць Лукашэнку «працоўны варыянт» гэтай пошліны. Кіраўнікі памежных ведамстваў і мытні адрапартавалі, што калі будзе на тое «найвышэйшы загад» і распараджэнне, пошліну можна ўводзіць хоць заўтра. І народ занепакоіўся ўсур'ёз.

Аднак гэтая ідэя, падобна, не праіснавала і месяца. Падчас «Дажынак» Аляксандр Лукашэнка прызнаўся ў тым, што пра пошліну ён так, «ляпнуў».

«Я руплюся не за тое, каб забараніць выезд нашым грамадзянам, я перажываю, што пад 3 мільярды даляраў валюты вывозіцца штогод з краіны. Вось ляпнуў, сабе на шкоду, напэўна. Хоць я гэтага не баюся», - заявіў у суботу Лукашэнка.

«А наогул, гэта сур'ёзнае пытанне. Мы гаворым пра валюту, што ёсць праблема. Вы ведаеце, колькі нашыя мяшэчнікі-чалночнікі вывозяць валюты за межы краіны? Памежнікі падлічылі - за 2 мільярды даляраў. Калі б гэта ў краіне заставалася, то мы б жылі зусім па-іншаму», - сказаў ён.

«Таму я і кажу, што трэба шукаць нейкія рычагі, як іншыя дзяржавы гэта робяць. Добра, не будзем з цябе браць сто даляраў, але будзеш увозіць шмоткі, як у іншых дзяржавах, заплаціш пошліну. Гэта ж нармальна, цывілізавана», - прапанаваў новы варыянт Лукашэнка.

«Новы варыянт» Лукашэнкі - гэта замена «шыла на мыла», - лічыць эканаміст Барыс Жэліба. «Заява Лукашэнкі пра выязную пошліну - гэта быў пробны шар, каб праверыць рэакцыю насельніцтва. Ён выклікаў вялікае абурэнне, і з-за гэтага абурэння ад ідэі давялося адмовіцца», - сказаў ён.

У прынцыпе ж, рашэнні і пра выязную пошліну, і пра «падатак на імпарт», як гэта цяпер прапануе Лукашэнка, на думку эканаміста, практычна ідэнтычныя. «І тое, і іншае - чыста фіскальная мера, якая прадугледжвае абадраць больш заможных людзей, якія купляюць прадукцыю за мяжой, таму што рознасць у кошце і якасці не на карысць беларускіх тавараў. Вырашыць праблему беларускіх тавараў урад не ў стане, таму прапаноўваюцца «загараджальныя меры», - кажа эканаміст.

«Падатак на імпарт» у некаторай ступені існуе і зараз, і сутнасць яго складаецца ў тым, каб абараніць айчыннага вытворцу. Але, па словах Жэлібы, калі ён будзе ўведзены навечна, то гэта проста пакладзе ўсе нашы прадпрыемствы на лапаткі.

«Абарона айчыннага вытворцы ад імпарту павінна насіць часовы характар. Яна патрэбная для таго, каб айчынныя вытворцы назапасілі нейкі капітал, уклалі яго ў інавацыі, мадэрнізацыю, і пачалі выпускаць прадукцыю лепш і танней імпартнай. Калі ж «падатак на імпарт» будзе ўводзіцца на пастаяннай аснове, то гэта прывядзе да стварэння цяплічных умоў для айчынных прадпрыемстваў. А цяплічныя ўмовы, - гэта застой, балота. У прадпрыемстваў не будзе стымулу для развіцця, што цалкам лагічна адаб'ецца на ўсёй нашай эканоміцы», - адзначае Жэліба.

Вялікага піетэту ў дачыненні да планаў урада не адчуваюць і тыя самыя «мяшэчнікі», пра якіх казаў Лукашэнка.

Лідар рэспубліканскага грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка заявіў, што ўсе гэтыя меры задуманыя з адной мэтай - з мэтай, каб хтосьці атрымаў прэмію за ідэю «зрабіць грошы з паветра».

«Калі б улады хацелі спыніць выезд грамадзян за мяжу, яны б задумаліся над выязной пошлінай у 500, а то і ў тысячу даляраў», - кажа Шумчанка. І ініцыятывы Лукашэнкі з'яўляюцца «эканамічным падаткам» у першую чаргу, для жыхароў памежжа. Бо ўсё роўна, «як вазілі тавары, так і будуць вазіць».

«Гэта напэўна закране тых, хто выязджае за межы краіны некалькі разоў у месяц. Калі выязджаюць адзін раз, падатку, напэўна, не будзе. Бо чыноўнікі і іх сваякі таксама людзі, ім таксама трэба ездзіць», - кажа Шумчанка.

Чаму для жыхароў памежжа? Таму што, па-першае, яны часта ездзяць за мяжу «за шмоткамі» (не ад добрага жыцця, дадаў Шумчанка). А па-другое, за апошні год улады ўсяляк спрабавалі паставіць прымежны бізнес пад кантроль.

«Спачатку забаранілі выязджаць машынам часцей, чым раз у 8 дзён, на падставе барацьбы з «бензавозамі». Потым фактычна ліквідавалі «зялёны калідор» ініцыятывай аб тым, каб любое аўто і чатыры чалавекі ў ім ішлі праз «чырвоную зону». Цяпер «пошліна на выезд» або «падатак на імпарт», - адзначае Шумчанка.

Між тым, ён выказаў меркаванне, што адток валюты з краіны дзякуючы гэтым мерам толькі павялічыцца. Таму што грамадзяне, якія раней ездзілі за мяжу раз на тыдзень і пакідалі ў той жа Літве ці Польшчы, умоўна кажучы, сто даляраў, цяпер будуць выязджаць раз у месяц, але ўжо купляць па-буйному, на тысячу даляраў. Таму што лепш заплаціць падатак адзін раз за ўсё, чым чатыры разы па частках.

А беларускія прадпрымальнікі заўсёды могуць пераарыентавацца туды, дзе ў нас няма мяжы - на Расею, і ў меншай ступені на Украіну, куды пакуль не трэба віз.

А наогул некаторыя палічылі, што новая рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі - «Палац незалежнасці» ў Менску, каштуе 5 мільярдаў не даляраў, а еўра. Прычым, гэты кошт аб'екта без «даводкі», гэта значыць даробкі недаробак і браку. Можа быць, калі б мы не будавалі такіх палацаў, «калі б гэта ў краіне заставалася, то мы б жылі зусім па-іншаму»?

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках