6 траўня 2024, панядзелак, 15:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктара Івашкевіча пахаваюць 5 кастрычніка

26
Віктара Івашкевіча пахаваюць 5 кастрычніка

(абноўлена) Палітыка Віктара Івашкевіча пахаваюць 5 кастрычніка на Паўночных могілках.

Паніхіда па грамадскаму і палітычнаму дзеячу пачнецца ў 11 гадзін у рытуальнай зале на Альшэўскага, 12. Там жа з 12.00 да 14.00 пройдзе развітанне. У 14.00 труна з целам адправіцца ў апошні шлях на могілкі.

Палітык памёр пасля цяжкай працяглай хваробы ў шпіталі, не дачакаўшыся донарскай печані.

Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Менску. У 1991 годзе скончыў завочна факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. З пачатку 1980-х гадоў актыўна ўдзельнічаў у моладзевым нацыянальным руху, нефармальных аб'яднаннях «Майстроўня» і «Талака».

Івашкевіча лічылі адным з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцый. У іх ліку - марш-пратэст па Заходняй Дзвіне-Даўгаве (сумесна з аднадумцамі з Латвіі) супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС 1987 года, экалагічны марш па Прыпяці (адна з першых чарнобыльскіх акцый пратэсту) 1988 года, забастоўка кіроўцаў гарадскіх аўтобусаў у Менску 1989 года. У 1991 годзе Івашкевіч стаў ініцыятарам стварэння стачкамаў на менскіх прадпрыемствах. З 1988 года - у Беларускім Народным Фронце. Да 1996 года быў сакратаром управы БНФ, адказваў за арганізацыю масавых акцый і фінансавае забеспячэнне БНФ.

Восенню1996 года пакінуў пасаду сакратара ўправы БНФ, але не спыніў сяброўства ў гэтай палітычнай партыі. У 1997 годзе стаў рэдактарам газеты «Рабочий», у 1999-м – віцэ-прэзідэнтам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Палітык неаднаразова падпадаў пад адміністрацыйныя пакаранні ў выглядзе арыштаў і штрафаў, у знак пратэсту абвяшчаў галадоўку. У кастрычніку 2002 года быў асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме», у якім пракуратура ўбачыла паклёп на прэзідэнта.

У 2008 годзе Віктар Івашкевіч разам з Андрэем Саннікавым і Міхаілам Марынічам выступіў ініцыятарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і стаў яе каардынатарам. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ён быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Неўзабаве пасля выбараў, у лютым 2011 года, Івашкевіч і група іншых сяброў Партыі БНФ выйшлі з яе шэрагаў у знак нязгоды з дзеяннямі экс-кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і абвясцілі аб стварэнні Нацыянальна-дэмакратычнай партыі «Беларускі рух». Івашкевіч узначаліў аргкамітэт новай партыі. Сярод прыярытэтаў «Беларускага руху» называлася барацьба за вызваленне палітвязняў, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў без удзелу Лукашэнкі, максімальна жорсткія санкцыі ў дачыненні да кіруючай эліты Беларусі.

Фота: «Наша Ніва»

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках