28 красавiка 2024, Нядзеля, 0:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ самых скандальных ініцыятыў уладаў па напаўненні бюджэту

16
Топ самых скандальных ініцыятыў уладаў па напаўненні бюджэту

У перыяд эканамічнага крызісу кіраўніцтва Беларусі вылучае ідэі аб напаўненні казны, якія выклікаюць здзіўленне і ў экспертаў, і ў звычайных грамадзян.

Памяншэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі ў кастрычніку да сумы ніжэй псіхалагічнай важнай мяжы у сем мільярдаў даляраў прымушае беларускія ўлады шукаць новыя крыніцы даходаў. Пры гэтым фантазія чыноўнікаў і палітычнага кіраўніцтва часам прыводзіць да з'яўлення ініцыятыў, якія выклікаюць здзіўленне ў назіральнікаў і звычайных грамадзян краіны. Пяць самых яркіх прыкладаў падобнага роду - у матэрыяле Deutsche Welle.

Падатак на «дармаедаў»

Мінфін Беларусі паведаміў, што падрыхтаваў праект указа аб падаткаабкладанні грамадзян, якія, як адзначаюць прадстаўнікі ўладаў, «нідзе не працуюць, але актыўна карыстаюцца сацыяльнымі выгодамі».

Пра магчымасць увядзення гэтага падатку «на дармаедаў» 12 лістапада распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення фінансавання сацыяльнай сферы і навукі міністэрства фінансаў Святлана Крэтава. Паводле яе слоў, сума такога штогадовага падатку складзе больш за 200 еўра ў эквіваленце. І гэта пры тым, што месячная дапамога па беспрацоўі ў Беларусі складае сёння каля 15 еўра ў пераліку.

Пошліна на выезд за мяжу

З ідэяй увядзення такога роду пошліны выступіў сам Лукашэнка 6 верасня падчас наведвання аднаго з менскіх заводаў. Выступленне Лукашэнкі, на думку аналітыкаў, было выклікана незадаволенасцю тым, што беларусы актыўна ездзяць у шопінг-туры ў суседнія краіны ЕЗ.

«Нас крытыкуюць - бедная, жабрацкая краіна, а нашы людзі да 3 мільярдаў даляраў у год вывозяць за мяжу ў Еўразвяз і прывозяць тавары, якія мы таксама выпускаем», - заявіў Лукашэнка. І дадаў, што даручыў прыняць меры, аж да ўвядзення выязной пошліны: «Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем - 100 даляраў з носа плаці і едзь за мяжу».

Праўда, ужо 29 верасня Лукашэнка адыграў назад: «Ляпнуў, не падумаўшы, можа, і сабе на шкоду». Аднак да таго часу і віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч, і шэраг іншых высокапастаўленых чыноўнікаў ужо кінуліся выконваць чарговае распараджэнне кіраўніка, так што апошняму прыйшлося спыняць самых заўзятых.

Паборы з гастарбайтэраў і жыццё без пасярэднікаў

Першая ідэя таксама належыць Аляксандру Лукашэнку. Упершыню яна была апублікаваная больш за два гады таму, калі раззлаваны масавым выездам на працу ў Расею беларускіх будаўнікоў кіраўнік заявіў, што яны павінны цалкам, без датацый, аплачваць на радзіме камунальныя паслугі і медабслугоўванне. «Мы павінны гэтым «лятунам» сказаць: ты паехаў неарганізавана зарабляць у іншую дзяржаву і ў краіну грошай не прыносіш. Едзь, але першае: камунальныя паслугі стоадсоткава сям'я аплачвае. Медыцынскае забеспячэнне тваё асабістае, а сям'ю, дзяцей мы не чапаем, стоадсоткава аплачваеш», - прапанаваў Лукашэнка. Але далей слоў і на гэты раз справа не пайшла.

А 28 ліпеня 2009 года ўлады, заклапочаныя напаўненнем казны, звярнулі свой позірк на пасярэдніцкія арганізацыі. Пастанова ўрада №991 выключыла пасярэднікаў з ланцужку рэалізацыі юрыдычнымі асобамі імпартных або беларускіх тавараў. Прадпрыемствы і арганізацыі павінны былі набываць тавары за кошт уласных сродкаў або крэдытаў наўпрост у вытворцаў або іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

Аднак ужо 5 жніўня па патрабаванні Лукашэнкі пастанова ўрада была адмененая. Паводле ацэнак аналітыкаў, за некалькі дзён дзеяння гэты дакумент нанёс прадпрыемствам розных формаў уласнасці шкоду на суму ў мільёны даляраў. Пакаранне за тое, што здарылася, ніхто так і не панёс.

Заслон спадарожнікавым антэнам

16 траўня 2013 года ўрад Беларусі сваёй пастановай забараніў жыхарам шматкватэрных дамоў самастойна ўсталёўваць спадарожнікавыя антэны. Згодна з дакументам, для гэтага спачатку трэба распрацаваць праектную дакументацыю і атрымаць заключэнне адносна магчымасці ўсталёўкі «талеркі» на балконе або даху дома. А потым здабыць дазвол мясцовых уладаў, які павінен быць выдадзены на працягу месяца.

Эксперты ўгледзелі карупцыйны складнік у дадзенай пастанове, бо атрымаўшы права прымаць рашэнне, чыноўнікі на месцах, напэўна, не адмовяцца ім скарыстацца за кошт тых, хто хоча глядзець замежныя тэлеканалы.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках