11 траўня 2024, Субота, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праверкі на «Ждановічах» скончыліся сутыкненнямі

290
Праверкі на «Ждановічах» скончыліся сутыкненнямі

Прадпрымальнікі абаранілі сваіх калег ад падаткавікоў.

Канфлікт пачаўся сёння аб 11-й гадзіне, калі да аднаго з прадпрымальнікаў, які гандлюе джынсамі, прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспекцыі Маскоўскага раёна. Яны запатрабавалі суправаджальныя дакумэнты, а калі іх не знайшлося, пачалі канфіскоўваць тавар.

Прадпрымальнікі, якія гандлююць паблізу, замкнулі свае пункты і паўсталі на абарону калегі. Падаткавікі паклікалі на дапамогу супрацоўнікаў міліцыі і ОМОН. Аб здарэнні сайту charter97.org распавёў лідэр РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. Ён адзначыў, што супрацоўнікі падатковай інспекцыі дзейнічалі ў рамках закона, а канфлікт узнік праз нястачу інфармацыі ў прадпрымальнікаў.

«Гаворка ідзе пра ПУП, пад дахам якога працавала блізу 40 прадпрымальнікаў. Падаткавікі прыйшлі правяраць іх наконт суправаджальных дакумэнтаў. Гэта менавіта тое, да чаго нас цяпер падводзяць ўлады, бо дагэтуль ІП не ладзілі такія праверкі. Правяралі толькі ПУП, якія павінны мець суправаджальныя дакумэнты. Людзі вельмі ўсхваляваныя, яны разумеюць, што заўтра ім пагражае тое ж самае, таму спроба канфіскацыі скончылася сутыкненнямі», - распавёў Анатоль Шумчанка.

Падрабязнасці сайту charter97.org паведамілі самі прадпрымальнікі, якія былі відавочцамі падзей. З іхных слоў, да 16 гадзін вечара канфлікт так і не быў абладжаны.

«Спачатку на рынку з'явіліся супрацоўнікі падатковай інспекцыі Маскоўскага раёна. У іх узніклі прэтэнзіі да аднаго з ПУПаў, якое працуе на «Ждановічах» і мае некалькі пунктаў. Калі пачалі канфіскоўваць тавар, збегся люд. Вы ж разумееце, якія цяпер настроі на рынку. Дастаткова іскры, каб людзі выйшлі. На іншым пункце падаткавікоў проста разагналі, хтосьці залавіў кратамі, кагосьці проста пабілі. Калі тыя ачуліся - тавару ўжо не было, прадпрымальнікі паспелі забраць яго ў іншае месца», - распавяла Ірына, адна з працаўніц базару.

Праверкі працягнуліся на астатніх гандлёвых пунктах, што працуюць «пад дахам» ПУП, які зазнаў праверкі. Туды супрацоўнікі падатковай прыйшлі ўжо ў суправаджэнні міліцыі з сабакамі аховы рынку. Пазней былі падагнаныя аўтазакі з амонаўцамі. Сабраных здымалі на відэакамеру.

«Прадпрымальнікі проста не давалі ім забіраць тавары. Бо ў выніку пацерпіць не ПУП, а канкрэтныя ІП, якія з ім працавалі. Людзі сталі мурам і абаранялі прадпрыемцаў, у якіх хацелі забраць тавар. Зразумеўшы, што жывасілам развязаць канфлікт не выпадзе, міліцыя і падаткавікі пачалі перамовы», - распавёў іншы сведка падзей.

Прадпрымальнікі падкрэсліваюць, што прычынай сутыкненняў сталі не столькі канкрэтныя дзеянні падатковай інспекцыі, а палітыка ўлад і сакрэтнасць, у якой распрацоўваюцца і прымаюцца пастановы аб рэгламентацыі гандлю. Таксама яны кажуць аб недасканаласці заканадаўчай базы, дзеля якой адбываюцца гэткія інцыдэнты.

«Ужо паслязаўтра, 1 снежня, у такой жа сітуацыі апынемся і мы. Сёння падаткавікі казалі, што дастаць суправаджальныя дакумэнты - не праблема, але напраўду гэта не так. Што будзе ў нядзелю - ніхто не ведае», - распавяла Ірына.

Нагадаем, узмоцненыя праверкі, якія суправаджаюцца канфіскацыяй тавараў з розных прычын, пачаліся на рынках Беларусі 1 лістапада. Надоечы стала вядома, што менскія ўлады сарвалі правядзенне 25 лістапада форуму прадпрымальнікаў, на якім ІП меліся абмеркаваць сітуацыю, звязаную з увядзеннем у наступным месяцы новых правілаў гандлю. Яны незадаволеныя тым, што з 1 снежня 2013 яны не змогуць прадаваць тавары без дакумэнтаў, якія пацвярджаюць іх якасць і бяспеку ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічнага рэгламэнту Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці».

Увядзенне патрабаванняў тэхнічнага рэгламэнту Мытнага саюза ўжо выклікала пратэст. На рынках і ў гандлёвых цэнтрах Беларусі ў канцы чэрвеня - пачатку ліпеня прайшлі страйкі прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі выказалі незадаволенасць рэгламэнтам, заявіўшы, што ён паставіць іх на мяжу жыцця, бо абавязвае рабіць дарагую працэдуру сэртыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці.

Напісаць каментар 290

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках