27 красавiка 2024, Субота, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Рымашэўскі: Барацьба з дыктатурай - наша агульная справа

11
Віталь Рымашэўскі: Барацьба з дыктатурай - наша агульная справа

Сёння барацьба супраць дыктатуры стала агульным пытаннем для ўсіх народаў Усходняй Еўропы.

Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), каментуючы сайту charter97.org начны штурм Еўрамайдана.

«Тое, што адбываецца ў Кіеве сёння, па сутнасці з'яўляецца тым, што пачало адбывацца ў Беларусі, пачынаючы з 1996 года. Я лічу вельмі неабачлівымі заявы ўкраінскіх апазіцыйных лідараў, калі яны параўноўвалі Украіну з Беларуссю і казалі, што Украіна не Беларусь, а беларускі народ не здольны да супраціву ў параўнанні з украінцамі. Беларусы так жа, як і ўкраінцы, паказалі сваю волю да супраціву, да еўрапейскага выбару і дэмакратыі, але пачынаючы з 1996 года ў Беларусі расейскім бокам былі санкцыянаваныя і падтрыманыя рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага народа і безупынна ішло фінансаванне беларускага аўтарытарнага рэжыму», - перакананы палітык.

Сустаршыня БХД мяркуе, што тое ж самае адбываецца цяпер ва Украіне.

«Відавочна, што Януковіч атрымаў дазвол ад Пуціна, а яго дзеянні цалкам скаардынаваныя і легалізаваныя расейскай уладай. Таму сілавыя дзеянні будуць працягвацца, гэта ўжо відавочна. І тое, што Януковіч не ідзе на перамовы, што ён па сутнасці адкрыта плюнуў у твар еўрапейцам, у апошні момант адмовіўшыся ад падпісання пагаднення з ЕЗ, як раз пацвярджае, што арыентацыя рэжыму Януковіча будзе на Расею. І менавіта рэжыму, а не дэмакратычнай улады, таму што брутальным разгонам дэманстрантаў была перасечаная рыса», - падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Палітык лічыць, што ўкраінскай апазыцыі цяпер трэба рыхтавацца да доўгай барацьбы з рэжымам Януковіча.

«Я ўпэўнены, што ў гэтай барацьбе ўкраінскі і беларускі народ будуць адзіныя. Таму што сёння барацьба супраць дыктатуры стала агульным пытаннем для ўсіх народаў Усходняй Еўропы. І гэтаму таксама паспрыяла «рэал-палітык» з боку некаторых еўрапейскіх палітыкаў, стратэгія якіх заключалася ў тым, што з дыктатарамі можна дамовіцца. І да якіх наступстваў прыводзіць такая стратэгія, мы можам бачыць на прыкладзе Беларусі 2010 года і на прыкладзе Украіны ўжо 2013 года, калі за памылкі палітыкаў расплачваюцца простыя грамадзяне», - падсумаваў Рымашэўскі.

Нагадаем, сёння ноччу байцы «Беркута» паспрабавалі ўзяць штурмам будынак Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі на Крэшчаціку і зачысціць Еўрамайдан, аднак пасля аказанага жорсткага супраціву вымушаныя былі адступіць.

Раніцай сілавікі прыпынілі наступ на пазіцыі апазіцыйных актывістаў. Камунальнікі працягваюць разбор барыкад на «зачышчаных» тэрыторыях, аднак далей у бок еўраактывістаў пакуль не рухаюцца, адзначаюць назіральнікі. На сцэне, усталяванай на плошчы, аднавіўся мітынг, падчас якога лідары ўкраінскай апазыцыі заклікаюць міліцыю не слухацца незаконных загадаў і не ўжываць гвалт у дачыненні да дэманстрантаў.

Да плошчы тым часам пачынае сцягвацца народ. У цяперашні час, паводле ацэнак журналістаў, на Майдане каля сцэны знаходзяцца каля 30 тысяч чалавек, столькі ж - на вуліцах вакол плошчы. Людзі працягваюць прыбываць. Таксісты бясплатна падвозяць усіх жадаючых у цэнтр Кіева.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках