29 красавiка 2024, панядзелак, 23:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Цяжка зразумець арыфметыку ўлад

16
Станіслаў Багданкевіч: Цяжка зразумець арыфметыку ўлад

Калі дэфіцыту бюджэту ў Беларусі няма, то чаму мы бярэм новыя крэдыты і расце замежная запазычанасць?

Такім чынам экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч пракамэнтаваў сайту charter97.org адмоўнае сальда бягучага рахунку аплатнага балансу за студзень-сакавік 2013 года ў суме $ 2,437 млрд.

«Гэта звязана з выплатамі замежнай запазычанасці. Беларускае кіраўніцтва брала новыя крэдыты і сплачвала старыя, таму выйшла няўзгодненасць паміж прыбыткамі і выдаткамі краіны. Не выключана, што гэтая лічба значна большая, бо выплаты за расейскія крэдыты ўлічваюцца ў статыстыцы прамінулай датай. Наогул, у нашай краіне ўсё магчыма. Я не магу зразумець таго, што калі дэфіцыту бюджэту ў нас няма, то чаму мы бярэм новыя крэдыты і расце замежная запазычанасць? Калі я жыву паводле прынцыпу «колькі зарабляю, столькі і выдаткоўваю», то ніякага дэфіцыту ў мяне няма, і завінавачанасці я не маю. У нас чамусьці паводле афіцыйных звестак прыбыткі ўрада большыя, чымся выдаткі, аднак ён яшчэ бярэ крэдыты, за кошт чаго ёсць замежная запазычанасць. Таму цяжка зразумець гэтую арыфметыку», - адзначыў навуковец.

Эканаміст мяркуе, што гэтая лічба не з'яўляецца крытычна пагрозлівай.

«Замежная запазычанасць Беларусі складае 12,4 мільярды даляраў пры ВУП у 63 мільярды, то бок завінавачанасць дзяржавы блізу 20%. У параўнанні з Еўразвязам, ЗША і Японіяй яна значна ніжэйшая, але такое параўнанне праводзіць немэтазгодна, бо трэба ўлічваць тое, што ў нас нізкая прадукцыйнасць, а валавы прадукт на душу насельніцтва ў тры разы ніжэйшы, чым у Еўропе. Гэтая лічба была б крытычнай, калі б не было датацый з боку Расеі і такіх коштаў на нафту і газ», - упэўнены эксперт.

Ён падкрэсліў, што нейкі адзін паказчык не вызначае стан «здароўя» эканомікі.

«Трэба браць комплексную адзінку. Трэба ўлічваць той факт, што ў нас вялікія сумы замарожаныя ў рэштках нерэалізаванай прадукцыі, і яны выраслі за першы квартал у паўтары разы. Рост так званай дэбіторскай запазычанасці адбыўся таксама ў паўтары разы. Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання з 25% да 15%. Я ўважаю гэтую пастанову за аблудную. Арыентавацца трэба не толькі на ўзровень інфляцыі, але і на іншыя паказчыкі.

Дарагі крэдыт з пазіцыі макраэканомікі патрэбен для таго, каб заахвоціць дырэктарат прадпрыемстваў вырабляць тую прадукцыю, якую можна прадаць, і прадаць прыбыткова. А ў нас усё наадварот. Гэта гульні ў ручное кіраванне эканомікай. Нават калі мы прадамо трактары праз паўгода, то прадамо цяперашнім коштам. Але напраўду з прычыны інфляцыі адбудзецца змяншэнне вартасці, і мы страцім абарачальны капітал. І такое гаспадаранне са стратай уласнага абарачальнага капіталу вядзе эканоміку да банкруцтва і нявыкруткі», - перакананы Станіслаў Багданкевіч.

Нагадаем, у выніку студзеня-сакавіка 2013 года сальда бягучага рахунку аплатнага балансу склалася адмоўным у суме 2 437 млн даляраў ЗША (у студзені-сакавіку 2012 года - 4,4 млн даляраў ЗША). У стасунку да ВУП гэтыя паказчыкі склалі адпаведна мінус 17,1% і 0%, значыцца ў аналітычным аглядзе Нацбанка Беларусі «Асноўныя тэндэнцыі ў эканоміцы і грашова-крэдытнай сфэры Рэспублікі Беларусь» за студзень - красавік 2013 года.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках