17 траўня 2024, Пятніца, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Rzeczpospolita: Вучэнні «Захад-2013» накіраваныя супраць Польшчы

18
Rzeczpospolita: Вучэнні «Захад-2013» накіраваныя супраць Польшчы

У рамках вучэнняў «Захад-2013» Беларусь і Расея адпрацоўваюць падаўленне ўяўнай польскай дыверсіі.

Вось ужо чатыры дні каля мяжы з Польшчай праходзяць вучэнні «Захад-2013». Міністэрства абароны Расеі раскрыла першыя падрабязнасці, якія тычацца іх сцэнара. Паводле паведамлення, «часткі расейскіх механізаваных войскаў рушылі ў раён палігона «Брэсцкі» з мэтай аховы дзяржаўнай мяжы Беларусі, а таксама ліквідацыі магчымасці перасячэння мяжы арганізаванымі «тэрарыстычнымі» групамі».

Манеўры павінны быць адказам на лакальныя канфлікты апошніх дзесяці гадоў. Сцэнар прадугледжвае прыбыццё на тэрыторыю Беларусі «дыверсійных» і «тэрарыстычных» груп, якія павінны дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне. «Тэрарысты» атрымліваюць зброю і рыштунак з-за мяжы. Каб стабілізаваць сітуацыю, на дапамогу беларускім калегам вылучаецца расейскае войска.

Наўпрост не гаворыцца, пра якія «дыверсійныя» групы ідзе гаворка, як і пра тое, хто павінен дапамагаць звонку. У сувязі з тым, што гаворка ідзе пра беларуска-польскую мяжу, меркаваную дапамогу «дыверсантам» можа аказваць толькі Польшча, піша Rzeczpospolita (пераклад - charter97.org).

Гэта нагадвае сцэнар 2009 года, калі беларускія і расейскія войскі душылі «бунт» польскай меншасці ў Беларусі, якая па сцэнары, праводзячы дыверсіі, расчышчае шлях для атакі польскага рэгулярнага войска. Расейцы і беларусы таксама дэсантавалі часткі войскаў на пляжы, які імітаваў польскае ўзбярэжжа, і праводзілі ўмоўную ядзерную атаку.

«Нашу турботу выклікалі віды ўзбраенняў, прымяненне якіх адпрацоўваецца», - кажа кіраўнік прэс-службы МЗС Польшчы Міхал Сафянік.

У гэтым годзе ў вучэннях прымае ўдзел 13 тысяч салдат, з іх 2,5 тысячы расейскіх, 70 танкаў, 50 ракетных і артылерыйскіх установак, больш за 60 самалётаў і верталётаў, а таксама беларускія беспілотныя лятальныя апараты. «Кур'ёзна выглядае антытэрарыстычная аперацыя, якая патрабуе выкарыстанне танкаў і цяжкай артылерыі», - цытуе міністра абароны Літвы Юозаса Алекаса Baltic News Service.

Яго латвійскі калега Арціс Пабрыкс назваў манеўры дэманстрацыяй сілы. «Цяпер маецца некалькі прычын для таго, каб лічыць, што расейска-беларускія вучэнні «Захад-2013», якія пачынаюцца ў пятніцу, не носяць абарончы характар. Напрыклад, на тэрыторыі Беларусі, непадалёк ад літоўскай мяжы, Расея размясціла новую базу знішчальнікаў. У сваю чаргу ў Астраўцы, у некалькіх дзесятках кіламетраў ад латвійскай мяжы - верталётную базу, што па сутнасці тое ж самае, як калі б расейскі верталётаносец тыпу Mistral знаходзіўся бы ў Рыжскім заліве», - заявіў ён.

Міністр абароны Эстоніі лічыць вучэнні непразрыстымі. «Гэта непразрыстыя вучэнні. Расейская Федэрацыя публічна дэкларавала, што гэта антытэрарыстычныя вучэнні. Але на справе мы назіраем трансфармацыю эскалацыі антытэрарыстычнай дзейнасці Расеі ў супрацьстаянне з дзяржавамі НАТА. Адсюль можна зрабіць выснову, што гэта вучэнні з антызаходнім сцэнаром. Вучэнні такога характару і ў такім аб'ёме, на якія не запрошаныя назіральнікі з краін Балтыі, напэўна негатыўна паўплываюць на бяспеку рэгіёну», - адзначыў Урмас Рэйнсалу.

Польскае Міністэрства абароны пакуль што не каментуе дадзеныя вучэнні. Аднак гэта зрабіла прэзідэнцкае Бюро нацыянальнай бяспекі. «Часам вучэнні могуць быць добрым сродкам пабудовы даверных адносінаў, калі яны максімальна празрыстыя і даступныя для назіральнікаў. Вучэнні «Захад-2013», на жаль, не адносяцца да гэтай катэгорыі. Мы павінны вельмі ўважліва за імі назіраць», - кажа старшыня БНП генерал Станіслаў Казей.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках