11 траўня 2024, Субота, 22:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: Дзеянні ўладаў маглі прывесці да паўтору Нямігі

14
Алег Волчак: Дзеянні ўладаў маглі прывесці да паўтору Нямігі

Трагедыя, якая адбылася ў менскім метро ў 1999 годзе, цалкам магла паўтарыцца сёння.

Пра гэта заявіў кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву», былы следчы пракуратуры Алег Волчак, каментуючы сайту charter97.org выпадкі эвакуацыі людзей з менскага метро.

Ён лічыць, што прычынай гэтага і ўчора, і сёння былі вучэнні, і прайшлі яны непрафесійна.

«Першы момант, калі праводзяцца вучэнні, то яны рыхтуюцца загадзя, і, як правіла, папярэджваецца насельніцтва, каб не было шоку. Напрыклад, сёння быў гармідар на «Кастрычніцкай». І ні АМАП, ні супрацоўнікі метрапалітэна не маглі растлумачыць, на колькі зачыняецца, чаму зачыняецца метро і ці адкрытыя іншыя станцыі на лініі. Проста зачынілі дзверы і ўсё. Вы самі разумееце, што пасля тэракту ў людзей усё роўна застаўся сіндром страху», - адзначыў юрыст.

Ён падкрэсліў, што гэта гаворыць аб мінусе падрыхтоўкі такога мерапрыемства.

«Другі момант, калі мы рыхтаваліся да вучэнняў у войску, дзе вучыліся дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях, то мы загадзя рыхтавалі статыстаў і папярэджвалі мясцовае насельніцтва аб правядзенні ў гэтым раёне вучэнняў. Улады маглі б зрабіць тое ж самае. Бо ёсць курсанты і досыць вайскоўцаў, якіх можна было загадзя падрыхтаваць, і аб'явіць па радыё, што метро з 12 да 14 гадзін будзе перакрытае ў сувязі з вучэннямі. І тады людзі б планавалі свой дзень, каб куды-небудзь дабрацца. А так атрымалася яшчэ горш. Нават калі шараговыя амапаўцы не ведаюць, што ў гэтай сітуацыі рабіць, то пра якую якасць такіх вучэнняў можна казаць?», - працягнуў праваабаронца.

Ён лічыць, што зусім неабавязкова было выбіраць для вучэнняў цэнтр горада, а выбраць станцыі на ўскраіне ці ж праводзіць вучэнні ўвечары, калі не такі вялікі паток людзей.

«Так, трэба праводзіць вучэнні па эвакуацыі людзей і правільных дзеяннях у экстрэмальных сітуацыях, але не дылетанцкім спосабам, а больш прафесійна. Таму што можна яшчэ больш бед нарабіць і, не дай Бог, паўтарыць Нямігу. Бо хтосьці едзе на працу, хтосьці на вучобу, і, вядома, можа ўзнікнуць даўка, а тут закрываюць дзверы. Таму я думаю, што не зусім якасна і прафесійна прайшлі гэтыя вучэнні», - сказаў на заканчэнне Алег Волчак.

Нагадаем, сёння цягнікі Маскоўскай лініі Менскага метрапалітэна не хадзілі на працягу 30 хвілін. Прычынай спынення руху і эвакуацыі пасажыраў стала задымленне на станцыі метро «Усход».

Таксама адзначым, што ўчора ў цэнтры Менска ў гадзіну пік сталічная міліцыя нібыта правяла вучэнні ў метрапалітэне, што выклікала сапраўдную паніку сярод грамадзян.

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках