3 траўня 2024, Пятніца, 2:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка зладзіў маскарад

35
Лукашэнка зладзіў маскарад

Новыя прызначэнцы Лукашэнкі - сааўтары крызісу ў Беларусі.

Апошнія падзеі адыходзячага года сайту charter97.org пракаментаваў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Зміцер Бандарэнка.

- Канец года выдаўся насычаным на падзеі. Навошта Лукашэнка памяняў адзін «тэхнічны» ўрад на іншы?

- Сітуацыя цалкам паўтарае 2010-2011 гады. Лукашэнка перакладае адказнасць на ранейшы ўрад. У канцы снежня 2010 года ў адстаўку быў адпраўлены Сідорскі. Цяпер адпраўлены Мясніковіч. Вынікі будуць тыя ж. Толькі 2015 будзе яшчэ цяжэйшы.

- Вас не здзівіў новы склад урада? Прэм'ер Кабякоў вельмі шмат часу да гэтага праводзіў у Маскве.

- Не здзівіў. Гэта не эмацыйная, а прадуманая пастанова Лукашэнкі. Кіраўнікі адміністрацыі прэзідэнта, урада і Нацбанку - людзі, якія на працягу 15 гадоў або ўзначальвалі асноўныя ўладныя структуры, або былі намеснікамі іх кіраўнікоў. Гэта значыць, нельга сказаць, што яны не нясуць адказнасці за апошні крызіс. Наадварот, на практыцы кіруюць першыя намеснікі, і гэтыя людзі - творцы цяперашняга эканамічнага хаосу разам з Лукашэнкам.

Лукашэнка зладзіў маскарад, прыбраўшы зіц-старшыняў у асобе Мясніковіча і Ермаковай і паставіўшы іх намеснікаў.

Лаўка запасных у Лукашэнкі вельмі кароткая і ніякіх зменаў не будзе. Я прагназую, што 2015 будзе развівацца паводле сцэнару 2011-га, але менавіта сумяшчэнне яго з датай прэзідэнцкіх выбараў дае пэўныя надзеі на змену палітычнай сітуацыі ў 2015-2016 гадах.

- Ужо адбылося фактычнае абрынанне курсу рубля на 30%. Вы мяркуеце, што дно яшчэ не дасягнутае?

- Я думаў, што дэвальвацыя беларускага рубля будзе значна раней, але Лукашэнка скарыстаўся парадамі Маўродзі і пабудаваў фінансавую піраміду. Уявіце: эканоміка не расце, ВУП не расце, а стаўкі ў дэпазітах у розны час складалі ад 50 да 70%. Натуральна, гэта прыцягнула грошы авантурыстаў з Расеі, якія ўкладвалі ў беларускую банкаўскую сістэму. Але немагчыма выплачваць такія дывідэнды пры нязменным курсе беларускага рубля.

Крызіс у Расеі і Украіне падказваў, што дэвальвацыя беларускага рубля адбудзецца самым бліжэйшым часам. Так і здарылася. Але гэта толькі першая праява фінансава-эканамічнай катастрофы, у якой знаходзіцца Беларусь.

Мы памятаем (хаця Лукашэнка стараецца пра гэта забыцца), што «пяцігодка» 2011-2016 гадоў цалкам праваленая. Пакуль мы сядзелі ў турме, было абвешчана, што новы пяцігадовы план па ўстойліваму эканамічнаму развіццю краіны мяркуе штогадовы рост ВУП не менш за 10%. Адпаведна павінны былі павялічвацца заробкі беларусаў і расці іншыя выгоды. Але за чатыры гады рост ВУП фактычна склаў 1-2%, а заробкі за гэты час выраслі ў два разы.

Таму мы цяпер назіраем першую праяву катастрофы, галоўным архітэктарам якой з'яўляецца Лукашэнка.

- Цяпер вядуцца перамовы з Масквой пра чарговую фінансавую падтрымку. Пуцін зноў падкіне некалькі мільярдаў "хаўрусніку"?

- Не падкіне. Скарачэнне бюджэту Расейскай Федэрацыі на наступны год ужо запланавана на 10%. У Расеі хапае сваіх звышпраблем і займацца Беларуссю яна не ў стане. Так, будзе весціся гульня аб нейкіх нібы вялікіх рознагалоссях Пуціна і Лукашэнкі з тым, каб выцыганіць у МВФ новыя крэдыты, але дапамагчы Расея не зможа.

Сёння беларусы адказваюць за сваю палітычную і геапалітычную пасіўнасць. Гэта «шчасце» пад назвай «еўразійскі мытны саюз» з'яўляецца прычынай бед расейцаў, беларусаў, казахаў, армянаў. За Бугам ніякага крызісу няма. У Польшчы ўсё стабільна. Стабільна ў Нямеччыне, стабільна ў Чэхіі, стабільна ў Славаччыне. Толькі на тэрыторыі былога СССР кашмары.

Беларусы выпусцілі свой шанец жыць так, як жывуць палякі, чэхі, славакі, немцы, і за гэта расплачваюцца. Словы новага прэм'ера Беларусі аб тым, што яго галоўная задача - ліквідаваць уплыў сусветнага крызісу, поўная хлусня. Крызіс пасяліўся толькі на тэрыторыі Мытнага саюза.

- Як у гэтых умовах Лукашэнка збіраецца праводзіць прэзідэнцкія выбары? Можа, ён іх наогул скасуе?

- Выбары Лукашэнка скасаваць не зможа. Ён будзе ліхаманкава шукаць грошы на ўсіх кірунках, у якіх рухаецца стрэлка компаса. Цяпер мы будзем назіраць яго хаатычныя паездкі ва ўсе краіны свету.

Але гэтыя выбары будуць праходзіць ва ўмовах эканамічнага крызісу. Гэта рэальнасць.

Мала таго, паколькі Лукашэнка кіруе ўжо досыць вялікі тэрмін і дазваляе сабе пэўныя капрызы, то гэта страшна раздражняе Пуціна. Многія аналітыкі і палітолагі, пачынаючы ад Бжэзінскага і заканчваючы Паўлоўскім, у розны час прадказвалі, што Расея памяняе кіраўніка ў Рэспубліцы Беларусь, і гэта можа супасці з правядзеннем так званых выбараў або адбыцца адразу пасля іх.

- І якая стратэгія павінна быць у гэтых умовах у апазіцыі?

- Беларусь знаходзіцца ў пачатку трансфармацыі як улады, так і альтэрнатыўнай часткі грамадства. Беларускае грамадства прыйдзе ў рух. Беларусь выйдзе са стану спячкі, у якой яна знаходзіцца апошнія некалькі гадоў. Крызіс носіць рэгіянальны характар, рэзаніруе з унутраным крызісам і простых развязанняў па выхаду з яго няма.

Праўда такая, што пакуль Расея згаджалася з правіламі гульні сусветнай палітыкі, Захад дапамагаў ёй крэдытамі і тэхналогіямі. Але пасля таго вар'яцтва, якое прадэманстраваў Пуцін ва Украіне, на Захадзе прынятая пастанова імкліва скараціць дапамогу РФ.

У 2015 годзе мы станем сведкамі вельмі дынамічных падзей у Расеі, Украіне і Беларусі. Не думаю, што старая апазіцыя будзе здольная адэкватна адказваць на гэтыя выклікі. Немінуча з'явяцца новыя лідары і новыя структуры.

- Пакуль жа ў Беларусі заблакавалі нават інтэрнэт-сайты - апошнія крыніцы незалежнай інфармацыі. Ці будуць беларусы пратэставаць?

- Пакуль будзе захоўвацца гэтая палітычная канструкцыя, якая трымаецца на рэпрэсіўным апараце, нейкіх адкрытых пратэстаў чакаць складана, але змены і дынаміка падзей у Беларусі будуць адбывацца праз вонкавыя штуршкі. Наладзіць стасункі з Захадам ва ўмовах блакавання незалежных сайтаў Лукашэнку не ўдасца. Інтэрнэт з'яўляецца сімвалам свабоды для палітычных элітаў, журналістаў і грамадзянскай супольнасці на Захадзе.

Праз геапалітычную калатнечу Захад гатовы пайсці да Лукашэнкі насустрач, але закрыццё і блакаванне сайтаў робіць гэтыя працэсы немагчымымі. Гэта ўзмоцніць эканамічны крызіс у Беларусі і зломіць дзяржаўную машыну дыктатарскага тыпу.

Фота: radikal.ru

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках