3 траўня 2024, Пятніца, 11:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хірург Майдана: Людзей забівалі з дробнакаліберных вінтовак

7

Ахвяр супрацьстаяння ў цэнтры Кіева, па інфармацыі медыкаў, больш паўсотні.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту charter97.org заявіў лекар-хірург Аляксандр Мазурок, які дапамог сотням параненых падчас сутыкненняў у Кіеве.

«Я нарадзіўся ў Івана-Франкоўску, жыў у Ратна, што ў 17 кіламетрах ад мяжы з Беларуссю. Скончыў Чарнавіцкі медінстытут і з'яўляюся хірургам. Служыў у Афганістане, зараз капітан запасу. Я прыехаў у Варшаву, быў у амбасадзе ЗША з тым, каб заклікаць кіраўніцтва гэтай краіны да больш рашучых дзеянняў, але са мной так ніхто і не сустрэўся. Тады я вырашыў ехаць у Ватыкан, каб патрапіць на аўдыенцыю да Папы Рымскага, і каб ён правёў малебен за Украіну, а таксама звярнуў увагу ўсяго свету на тое, што адбываецца там. Уся надзея на яго, паколькі ЗША і Еўразвяз кінулі Украіну і пакінулі яе на з'ядзенне Януковічу», - адзначыў ён.

Колькасць людзей, якім Аляксандр Мазурок аказаў дапамогу і выратаваў жыцці, вылічаецца сотнямі.

«Бывала, што я не спаў па трое сутак. Калі столькі не спіш, то ходзіш быццам бы п'яны. Калі аказваў людзям дапамогу ці аперыраваў, то не лічыў іх, паколькі мая справа - лячыць, а не лічыць. Магу толькі сказаць, што гэта былі сотні. 19 снежня, калі пачаліся сутычкі на Грушэўскага, параненых забіралі дзяржаўныя органы «хуткай дапамогі» якія адвозілі людзей проста ў лапы СБУ, таму колькасць зніклых была пад дзве тысячы. Пасля гэтага мы арганізавалі свае «хуткія». Добра памятаю беларуса Мішу Жызнеўскага, які з драўляным шчытом прыкрыў майго сябра. Але тонкі шчыт не выратаваў яго ад кулі з наразной зброі. Армяніна Сяргея Нігаяна «бройлеры» («беркутаўцы» - заўв. рэд.) забілі з гладкаствольнай зброі - дроб трапіла яму ў шыю і перабіла сонную артэрыю. У маю спіну таксама трапіла куля, праўда, гумовая (паказвае). Ёсць яшчэ пластмасавыя, але яны больш вострыя і раняць глыбей. Потым ужо бегаў у бронекамізэльцы і амерыканскіх берцах, якія мне падарылі. Каска таксама была. Дарэчы, Данецк даслаў на Майдан цэлы вагон касак» - адзначыў лекар.

Хірург дадаў, што па інфармацыі яго калег-медыкаў, у Кіеве за час апошніх сутыкненняў загінулі 57 чалавек.

«Снайперы забівалі людзей з дробнакаліберных вінтовак, а «беркутаўцы» святлошумавымі гранатамі, да якіх прыматывалі цвікі, шрубы і карцеч. Кагосьці проста забівалі да смерці. Магчыма, ужывалі і баявыя гранаты, але Майдан выстаяў. Зараз Януковіч, вядома, можа ўсіх разагнаць, але тады пачнецца партызанская вайна, бо ўсе абласныя адміністрацыі ў заходняй Украіне ўжо занятыя. Упэўнены, што тады Чаўшэску і Кадафі пазайздросцяць Януковічу, таму што ён і яго сям'я паспеюць застрэліцца. Я веру ў перамогу і хачу сказаць беларусам: змагайцеся - пераможаце, і хай вам дапамагае Бог» - сказаў на заканчэнне Аляксандр Мазурок.

Нагадаем, 18 лютага ў цэнтры Кіева адбыліся найбольш жорсткія сутыкненні паміж дэманстрантамі і сілавікамі. Яны пачаліся ўчора раніцай адразу пасля адкрыцця пасяджэння Вярхоўнай Рады, на якім разлічвалі вырашыць палітычны канфлікт у краіне. Па мітынгоўцах стралялі з драбавікоў, спецназаўцы выкарыстоўвалі гранаты, гумовыя кулі і карцеч. Вакол Вярхоўнай Рады актывісты ўзвялі новыя барыкады, аднак неўзабаве іх выціснулі з урадавага квартала. Медыкі і дэпутаты паведамілі пра пяць загінулых. Вечарам і ноччу, пасля пачатку зачысткі самога Майдана Незалежнасці, колькасць забітых вырасла да 26 чалавек. Некалькі сотняў дэманстрантаў атрымалі раненні.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках