26 красавiка 2024, Пятніца, 16:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь і Расея абвясцілі гандлёвую вайну ЕЗ з-за Украіны

115
Беларусь і Расея абвясцілі гандлёвую вайну ЕЗ з-за Украіны

Менск і Масква ўводзяць абмежаванні на пастаўку тавараў з Еўропы.

Алімпійскія гульні - час міру, але Алімпіяда ў Сочы пачынаецца ў атмасферы вайны, распачатай іх гаспадаром. У канцы мінулага тыдня Рассельгаснагляд наклаў забарону на імпарт свініны з Еўразвяза. Сваю пазіцыю Расея тлумачыць выяўленнем ачагоў афрыканскай чумы ў Літве, піша Gazeta Wyborcza (пераклад - charter97.org).

«Гэтая забарона непрапарцыйная. Нашы расейскія партнёры забараняюць экспарт нават з тых краін ЕЗ, якіх такія выпадкі не закранулі» - заявіў камісар ЕЗ па пытаннях аховы здароўя Тоніо Борг.

У пятніцу Беларусь таксама забараніла імпарт свініны з Еўразвяза. «Нашы калегі з Беларусі пачалі разварочваць аўтамабілі са свінінай з ЕЗ, аргументуючы тым, што гэтая прадукцыя не адпавядае патрабаванням ветэрынарнага сертыфіката» - сказаў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт пасля сустрэчы з віцэ-прэм'ерам Беларусі Міхаілам Русым. Ужо ў суботу Беларусь абвясціла, што па просьбе расейцаў уводзіць эмбарга на бульбу з ЕЗ, імпарт якой Масква забараніла раней.

Справа ў тым, што Расея трымае Беларусь на кароткім ланцужку. У канцы мінулага году Пуцін паабяцаў Лукашэнку крэдыт у 2 мільярды даляраў, што на думку экспертаў уратуе беларускі рубель ад дэвальвацыі.

Еўрадэпутат з Польшчы Павел Залеўскі лічыць, што «расейскае эмбарга накіравана ў тым ліку і супраць Польшчы, якая падтрымлівае еўрапейскія імкненні Украіны».

Ён таксама лічыць, што Расея хоча забіць двух зайцоў адным стрэлам. - У адносінах ЕЗ з Расеяй ужо шмат спрэчных пытанняў. Масква можа падняць планку перад маючымі адбыцца перамовамі, каб выгандляваць як мага больш выгады - заявіў ён.

Нагадаем, бестэрміновая акцыя пратэсту, якая пачалася ў Кіеве пасля адмовы ўладаў Украіны ад падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, працягваецца па ўсёй краіне ўжо больш за два месяцы. Да 22 студзеня асноўныя пратэстныя дзеянні праходзілі ў сталіцы. У гэты дзень сітуацыя ў цэнтры горада была асабліва напружанай: сутыкненні з сілавікамі скончыліся ахвярамі сярод дэманстрантаў.

На працягу апошняга тыдня студзеня пратэсты перамясціліся ў рэгіёны. Імі былі ахопленыя не толькі заходнія вобласці, якія традыцыйна лічацца апорай апазіцыі , але і цэнтр і ўсход краіны. У выніку ўлады пайшлі на саступкі і прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў падаў у адстаўку, а «законы аб дыктатуры» былі адмененыя. Аднак прыняты Вярхоўнай Радай закон аб амністыі не быў узгоднены з апазіцыяй, таму яна адмовілася выконваць яго.

Напісаць каментар 115

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках