Расейскі МЗС ужо падхапіў правакацыю аб «Правым сектары» ў Славянску
11- 20.04.2014, 13:47
- 14,161
МЗС РФ ва ўласцівай яму манеры ўжо паспеў выказаць абурэнне ў сувязі з падзеямі ў Славянску.
Расейскія дыпламаты традыцыйна абвінавацілі ў перастрэлцы «Правы сектар», а ўкраінскія ўлады ў нежаданні раззброіць нацыяналістаў і экстрэмістаў.
Паводле дадзеных МЗС РФ, у ноч на 20 красавіка ў Славянску было парушана велікоднае перамір'е.
«У выніку ўзброенага нападу баевікоў так званага «Правага сектара» загінулі ні ў чым невінаватыя мірныя грамадзяне. Пры гэтым жыхарамі горада былі захопленыя аўтамашыны тых, хто нападаў, у якіх было выяўлена зброя, карты аэрафотаздымкі дадзенага раёна, сімволіка «Правага сектара», - гаворыцца ў паведамленні.
У МЗС адзначылі, што абураныя дадзенай правакацыяй баевікоў, якая сведчыць «пра нежаданне кіеўскіх уладаў утаймаваць і раззброіць нацыяналістаў і экстрэмістаў».
«Выклікае здзіўленне, што гэтая трагедыя адбылася ўжо пасля падпісання 17 красавіка сёлета ў Жэневе Заявы паводле вынікаў чатырохстаронняй сустрэчы прадстаўнікоў Расеі, ЗША, ЕЗ і Украіны, у якім утрымліваецца заклік устрымацца ад любых гвалтоўных дзеянняў, запалохвання і правакацый», - падкрэслівае расейскі бок.
Нагадаем, украінскія праваахоўнікі пацвердзілі факт перастрэлкі на блок-посце паміж двума групамі ўзброеных грамадзян. Аднак аб датычнасці да гэтага інцыдэнту членаў «Правага сектара» не паведамляецца.
Пры гэтым расейскія СМІ запусцілі правакацыю аб тым, што ПС нібыта расстраляў ў Славянску блізу 6-ці чалавек.