29 красавiка 2024, панядзелак, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэвід Крэмэр: ЗША павінны ўвесці санкцыі супраць Мілера, Сечына і Чэмезава

12
Дэвід Крэмэр: ЗША павінны ўвесці санкцыі супраць Мілера, Сечына і Чэмезава

Украіне патрэбныя дзеянні, а не словы.

Падчас свайго візіту ў Кіеў віцэ-прэзідэнту Джо Байдэну варта прайсці па Майдану, дзе ён убачыць самаробныя помнікі больш чым ста ўкраінцам, якія загінулі, змагаючыся за лепшую будучыню сваёй краіны. Гэта вельмі кранальна. З лістапада яны і яшчэ сотні тысяч тых, хто выйшаў на вуліцы, патрабавалі свабоды і ўлады закону, годнасці і павагі да правоў чалавека, знішчэння карупцыі і магчымасці паглыбіць сувязі з Еўропай - гэта значыць супрацьлеглага ўсяму таму, што ўвасабляюць Віктар Януковіч і Уладзімір Пуцін, піша Дэвід Крэмэр (David J. Kramer) - прэзідэнт арганізацыі Freedom House, які быў намеснікам дзяржсакратара ЗША па Расеі і Украіне ў адміністрацыі Джорджа Буша - у выданні The Washington Post (пераклад - Inosmi.ru).

Візіт Байдэна на Украіну праходзіць пасля перамоваў у Жэневе, якія атрымалі негатыўныя ацэнкі ад пратэстоўцаў, якія ўсё яшчэ не сыходзяць з вуліц Кіева. У заяве, зробленай пасля перамоваў у чацвер, не гаворыцца нічога пра дзесяткі тысяч расейскіх салдат, якія знаходзяцца на расейска-украінскай мяжы, або пра нелегальнае далучэнне Украіны Расеяй.

Па выніках перамоваў паміж Украінай, Расеяй, ЕЗ і ЗША не было выпрацавана заклікаў паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, аднак гаварылася пра тое, што канстытуцыйны працэс у краіне павінен быць «усёабдымным, адказным і празрыстым», хай нават гэта гуляе на руку пуцінскаму імкненню ўмяшацца ў сітуацыю на Украіне. Не існуе ясных механізмаў увасаблення жэнеўскага пагаднення ў жыццё, а прарасейскія сілы ў Данецку ўжо заявілі, што яно іх не тычыцца. Нават прэзідэнт Абама выказаў сумневы ў тым, што Жэнеўскія дамоўленасці вырашаць крызіс.

Такі скептыцызм абгрунтаваны. Тыя, хто кажа, што перамовы паміж бакамі былі найлепшым шляхам (выхаду з крызісу), павінны разумець, што сама згода на ўдзел у гэтых перамовах давала Пуціну магчымасць адцягнуць увядзенне дадатковых, больш жорсткіх санкцый. У гэтым сэнсе Жэнеўскія перамовы прынеслі больш адмоўных, чым станоўчых вынікаў. Санкцыі - гэта адзіны дзейсны спосаб прымусіць Пуціна перагледзець сваю палітыку агрэсіі, а таксама спарадзіць унутры Расеі супрацьдзеянне яго палітыцы.

ЗША і ЕЗ, хутчэй за ўсё, захочуць даць жэнеўскаму працэсу час перад тым, як сур'ёзна задумацца аб увядзенні далейшых санкцый. Гэта ўскладніць сітуацыю для Байдэна, так як украінскія чыноўнікі і лідары грамадзянскай супольнасці чакаюць дзеянняў, а не словаў.

Украінцы, якіх я сустрэў падчас нядаўняга візіту ў Кіеў, скардзяцца на пасіўную пазіцыю Захаду і задаюць пытанні аб тым, чаму ЗША і ЕЗ не спрабуюць прадухіліць далейшыя спробы Расеі дэстабілізаваць сітуацыю ў іх краіне. З іх пункту гледжання, Пуцін вызначае парадак дня, а Захад накіроўваецца за ім. Украінцы стаміліся ад дакучлівых заяў еўрапейскіх сталіц аб тым, што ЗША і ЕЗ «разглядаюць магчымасць увядзення дадатковых санкцый, калі Расея працягне свае дзеянні».

Пуцінскаму захопу Крыма, у апраўданне якога прыводзяць заявы быццам бы пра тое, што рускамоўнае насельніцтва там знаходзілася пад пагрозай, папярэднічала звяржэнне Януковіча з пасады прэзідэнта Украіны. Гэта ўзмацніла пуцінскае пачуццё неабароненасці і параною з нагоды таго, што падобнае можа адбыцца ў Расеі. Анэксія Крыма апынулася на здзіўленне лёгкай, і Пуцін звярнуў позірк на іншыя ўсходнія часткі Украіны, імкнучыся дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне настолькі, каб надзеі тых, хто выйшаў на Майдан, ніколі не рэалізаваліся і не сталі магчымай мадэллю для расейцаў, а таксама дамагчыся таго, каб Захад страціў цікавасць да ўмацавання сувязяў з Украінай, якая апускаецца ў хаос.

Пуцінская гульня пакуль каштавала яму малога - двух раундаў абмежаваных санкцый з боку ЗША і ЕЗ, якія відавочна не з'яўляюцца дастатковымі мерамі. Нават калі расейскі лідар дзейнічае падобным чынам з-за параноі і слабасці, ён думае, што перамагае. Пуцін лічыць, што Захад слабей, чым ён сам, і падазрае, што ЕЗ з ЗША не ўвядуць жорсткія санкцыі, таму што падобныя меры пацягнулі б за сабой эканамічны дыскамфорт у Еўропе - не кажучы пра тое, што яны могуць таксама сур'ёзна пашкодзіць расейскай эканоміцы.

Да перамоваў у Жэневе ЗША павінны былі ўвесці трэці раунд санкцый - на гэты раз супраць такіх фінансавых устаноў, як «Газпрамбанк» і «Сбербанк». Пры гэтым санкцыі варта ўвесці і ў дачыненні да набліжаных да Пуціна людзей: Ігара Сечына, кіраўніка найбуйнейшай нафтавай кампаніі «Раснафта», Аляксея Мілера, кіраўніка «Газпрама», і Сяргея Чэмезава, кіраўніка кампаніі «Расабаронэкспарт», а таксама кантралюемых імі кампаній. Калі б Захад - ці, па меншай меры, ЗША, увялі яшчэ адзін раунд сур'ёзных санкцый перад жэнеўскімі перамовамі, Пуцін знаходзіўся б у «пазіцыі абароны», а не адноснай сілы.

Увядзенне падобных мер да візіту Байдэна ў Кіеў стала б моцным знакам падтрымкі Украіны і «пакараннем» для Масквы.

Паездка Байдэна дае ЗША шанец прадэманстраваць салідарнасць з украінскім народам. Візіт на Майдан быў бы асабліва дарэчны, падкрэсліўшы, што цяперашні крызіс нарадзіўся з імкнення ўкраінцаў быць свабоднымі - і спробаў Пуціна адмовіць ім у гэтым.

Фота: ІТАР-ТАСС

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках