1 траўня 2024, Серада, 11:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расеі пагражае заходні кукурузны жук

21
Расеі пагражае заходні кукурузны жук

Рассельгаснагляд заявіў аб магчымасці забароны імпарту з Украіны гародніны і садавіны праз «пагрозу пранікнення ў Расею заходняга кукурузнага жука».

Гэта ўжо не першы такі выпадак: раней установы абмяжоўвалі пастаўкі з Украіны бульбы, малочнай прадукцыі і кандытарскіх вырабаў, піша gazeta.ru.

Нягледзячы на надзеі на мірнае ўрэгуляванне канфлікту ў Данбасе, расейска-ўкраінскія стасункі прадаўжаюць заставацца напружанымі. Масква далей абмяжоўвае імпарт з Украіны харчавання. Рассельгаснагляд заявіў пра імавернасць забароны на ўвоз украінскай прадукцыі расліннага паходжання.

Такую пастанову ва ўстанове тлумачаць высокай ступенню пагрозы пранікнення на тэрыторыю Расеі заходняга кукурузнага жука, а таксама звязанымі з гэтым рызыкамі.

Як растлумачыў афіцыйны прадстаўнік Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка, згодна з зацверджаным камісіяй Мытнага саюза пераліку падкаранціннай прадукцыі, забарона можа закрануць шырокую групу тавараў. Гэта прадукцыя з высокімі (гародніна, садавіна, арэхі, кветкі, збожжа, драўніна і лесаматэрыялы) і нізкім (кава, гарбата, бавоўна, тытунёвая сыравіна, некаторыя віды будматэрыялаў) фітасанітарнымі рызыкамі.

Заходнія кукурузныя жукі сілкуюцца пылком многіх відаў раслін, у тым ліку сямейства астравых, бабовых, маравых, злакавых, паслёнавых і гарбузовых. Агульныя страты пры высокай заражанасці пасеваў гэтымі шкоднікамі могуць дасягаць 5 млрд рублёў у год, папярэджвае расейская ўстанова. Паводле вынікаў першага квартала 2014 на Расею прыпала амаль 20% усяго ўкраінскага экспарту, дзель харчовай прадукцыі ў ім складае менш за 15% (паводле звестак дзяржаўнай службы статыстыкі Украіны).

Аднак вытворцы прадукцыі расліннага паходжання ў вялікай ступені залежаць ад Расеі, адзначаюць украінскія экспэрты. Напрыклад, на дзель Расеі прыпадае не менш за 80% усяго аб'ёму экспарту свежай і перапрацаванай плодаагародніннай прадукцыі Украіны, вынікае са звестак профільнага партала «АПК-Інформ: гародніна і садавіна». Агульны кошт экспарту ў Расею гэтай прадукцыі партал ацэньвае амаль у $30 млн, а адсутнасць экспарту, на думку аналітыкаў, можа прычыніцца і да масавых банкруцтваў найбуйнейшых цяплічных камбінатаў. Кошт украінскага экспарту драўніны і вырабаў з яе ў 2013 годзе склала $96,3 млн, а паперы і кардона - $866 млн.

Еўропа ў якасці рынку збыту, нягледзячы на пагадненне аб асацыяцыі і ільготах, пакуль Расею не заменіць. Украінскія прадпрыемствы не змогуць бліжэйшым часам пачаць пастаўляць сваю прадукцыю на рынкі ЕЗ, сказаў намеснік кіраўніка дзяржаўнай ветэрынарнай і фітасанітарнай службы Віталь Башынскі. Паводле ягоных слоў, для пачатку экспарту сельгасвытворцы краіны павінны будуць у ліпені прайсці аўдыт на прадмет адпаведнасці прадпрыемстваў патрабаванням еўрапейскага заканадаўства. Аднак праз бюракратычныя чыннікі з атрыманнем дазволаў і сертыфікатаў пастаўкі могуць пачацца не раней за 2015 год.

Агулам пасля пагаршэння стасункаў паміж Масквой і Кіевам украінскія экспарцёры пачалі адчуваць значныя складанасці з пастаўкай сваёй прадукцыі на расейскі рынак. Можна меркаваць, што ўжо ўведзеныя і пэўныя абмежаванні звязаныя не толькі з пытаннямі якасці, але і са складанай геапалітычнай сітуацыяй.

Да прыкладу, у сакавіку пасля праверак супрацоўнікамі рэгіянальнага кіравання ФМС і галоўнай управы МУС Расеі была прыпыненая праца ліпецкай фабрыкі ўкраінскай кампаніі Roshen. Таксама былі заблакаваныя яе расейскія рахункі. Агулам забарона на пастаўкі на тэрыторыю Расеі прадукцыі фірмы, уладальнікам якой пакуль што з'яўляецца прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, дзейнічае з ліпеня 2013 года. У красавіку Расспажыўнагляд увёў часовую забарону на ўвоз малочнай прадукцыі пяці ўкраінскіх вытворцаў, абгрунтаваўшы гэта тым, што яны парушалі некаторыя пункты Тэхнічнага рэгламенту. У чэрвені інспектары Рассельгаснагляду Рэспублікі Крым і Севастопаля выявілі больш за 100 тон кантрафактных прадуктаў, якія былі накіраваныя з Украіны на паўвостраў на 40 грузавых аўтамабілях.

Апошняя забарона расейскіх службаў закранула пастаўкі ўкраінскай бульбы: яна была ўведзеная «ў сувязі з частымі выпадкамі выяўлення залацістай бульбяной нематоды». На думку ўкраінскіх удзельнікаў рынку, гэтая забарона матываваная палітычна. Паводле інфармацыі дырэктара Украінскай асацыяцыі вытворцаў бульбы Багдана Зваланскага, нематоды знайшлі толькі ў некаторых прыватных гаспадарках заходніх абласцей, у той час як увоз забаранілі з усёй краіны. Зрэшты, расейскі імпарт бульбы з Украіны невялікі: паводле вынікаў 2013 ён склаў 16,3 тысяч тон на суму амаль $3 млн.

Фота: extension.entm.purdue.edu

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках