1 траўня 2024, Серада, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палова віцебскіх ІП падалі «нулявыя дэкларацыі»

16
Палова віцебскіх ІП падалі «нулявыя дэкларацыі»

Прадпрымальнікі пратэстуюць супраць указу Лукашэнкі.

Прыкладна 50% індывідуальных прадпрымальнікаў Віцебскай вобласці падалі ў падатковыя органы «нулявыя дэкларацыі» напярэдадні ўступлення ў дзеянне з 1 ліпеня ўказу Лукашэнкі №222 аб рэгуляванні дзейнасці ІП. Такія дэкларацыі падаюцца ў выпадку адсутнасці выручкі.

Пра гэта БелаПАН паведаміла старшыня аргкамітэта ў стварэнні прафсаюза «Разам», віцебская прадпрымальніца Ірына Яскевіч.

Указ Лукашэнкі забараняе гандаль без сертыфікатаў і суправаджальных дакументаў на тавары, у тым ліку на тыя, што ўвозяцца з краін Мытнага саюза. Прадпрымальнікі сцвярджаюць, што гэта патрабаванне выканаць немагчыма - яно залежыць не ад іх, а ад пастаўшчыкоў, у асноўным расейскіх, у якіх атрымаць патрэбныя дакументы практычна немагчыма. Дакумент таксама ўстанаўлівае пераходны перыяд да 1 сакавіка 2015 года, калі ІП могуць распрадаваць рэшткі тавараў без дакументаў. пералік гэтых тавараў неабходна зарэгістраваць у падатковым органе да 30 ліпеня гэтага года. Але шматлікія прадпрымальнікі звярнулі ўвагу на тое, што гэты ўказ прама не дазваляе рэалізоўваць рэшткі тавараў без сертыфікатаў МС.

На сумесным пасяджэнні, якое адбылося на мінулым тыдні, прадстаўнікі Міністэрства гандлю і Дзяржаўнага камітэта стандартызацыі дазволілі ІП прадаваць рэшткі тавараў па пераліку без сертыфікатаў МС, аднак дакументальна гэта рашэнне пакуль ніяк не пацверджана.

Са слоў Яскевіч, 24 чэрвеня на Полацкім рынку ў Віцебску адбыўся сход, у якім узялі ўдзел блізу 200 ІП, а таксама мясцовыя ўлады. Прадпрымальнікі паднялі пытанне аб праблеме свабоднага продажу рэшткаў, адрозненнях у патрабаваннях уладаў да беларускіх і расейскіх ІП і непрызнанні нацыянальных сертыфікатаў адпаведнасці на тавары.

«Мы спакойна сядзім і чакаем гэтай паперы (дазволу на рэалізацыю рэшткаў тавараў без сертыфікатаў). Але калі не будзе ніякіх зменаў, то выйсці на працу з 1 ліпеня ў прадпрымальнікаў не будзе ніякай магчымасці. Людзі, тым не менш, аптымісты, яны спадзяюцца на лепшае і проста чакаюць неабходнага дакумента», - сказала старшыня «Разам».

«Мы не за тое, каб не працаваць, мы за тое, каб працаваць паводле закона, не паступаючыся сваімі інтарэсамі, бо кожны з нас займаецца прадпрымальніцтвам, каб мець нейкі заробак», - падкрэсліла Яскевіч.

Напружанасць сярод ІП назіраецца ў розных рэгіёнах Беларусі. Так, 13 чэрвеня на кааператыўным рынку ў Баранавічах з'явіўся плакат, у якім гаварылася, што многія прадпрымальнікі маюць намер 30 чэрвеня падаць «нулявыя дэкларацыі», 1 ліпеня - сустрэцца з кіраўніцтвам гарвыканкама і заявіць аб немагчымасці працягваць працу, 2 ліпеня - зарэгістравацца ў якасці беспрацоўных, а 3 ліпеня - выйсці на Кастрычніцкую плошчу Менска, каб выказаць пратэст супраць указу №222.

Пытанні, звязаныя з гэтым указам, а таксама з тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці», які і стаў першапрычынай незадаволенасці, прадпрымальнікі абмяркуюць на чарговым форуме 30 чэрвеня, які арганізуе рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Перспектыва».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках