29 красавiка 2024, панядзелак, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам не ўбачыць італійскіх макарон ды ўкраінскіх цукерак

12
Беларусам не ўбачыць італійскіх макарон ды ўкраінскіх цукерак

Барацьбу з імпартам улады перавялі на ўзровень падзаконных актаў.

Да канца тыдня ўнівермагі і гіпермаркеты ў Менску павінны ў значнай ступені змяніць асартымент тавараў з замежнага на беларускі. Такім чынам, беларускія ўлады хоць і адмовіліся ад ідэі забараніць імпарт на паўгода, самую ідэю барацьбы з замежнымі таварамі не скасавалі, піша «Незалежная газета».

Калі падыходзіць даслоўна да сказанага мясцовымі чыноўнікамі, то да чацвярга ва ўсіх буйных сталічных крамах прапорцыі імпартнае/беларускае павінна скласці 15/85. Такі ўказ далі менскаму гандлю чыноўнікі гарвыканкама. Тыя, у сваю чаргу, адштурхваліся ад выказвання прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча, якое прагучала падчас наведвання аднаго з гандлёвых прадпрыемстваў краіны.

Гаворка не ідзе аб новых законах і нормах - патрабаванне з'яўляецца падзаконным актам, што, зрэшты, не вызваляе ад патрэбы яго выконваць.

Калі браць тавараабарачэнне краіны агулам, то задача не такая ўжо неразвязальная. Паводле вынікаў мінулага года дзель тавараў мясцовага вырабу ў рознічным тавараабарачэнні складала 70%. Праўда, тэндэнцыя вяла не да росту іх удзельнай вагі, а да зніжэння - 2012 год скончыўся прапорцыямі 74/26 на карысць мясцовага вытворцы. Аднак у дачыненні да асобных груп тавараў гаворка можа ісці аб істотным скарачэнні асартыменту і звужэнні магчымасці выбару для спажыўца. Напрыклад, дзель імпартных тэлевізараў на мясцовым рынку ў 2013 годзе склала 84%, пралак - 55%, сінтэтычных мыйных сродкаў - 57%, верхняга адзення - 43%. У кожнай групе адзначаецца рост у параўнанні з 2012 годам на 3-10% пункты.

Праблема не новая для Беларусі. Імпартазамяшчэнне - гэта даўняя частка беларускай эканамічнай палітыкі. На думку экспэртаў, яе наяўнасць з'яўляецца вынікам нізкай канкурэнтаздольнасці мясцовых тавараў, адсутнасцю канкурэнцыі і дзяржаўным пратэкцыянізмам. Улады ж, не хочуць ці не ўмеюць працаваць над ліквідацыяй прычын праблемы, дзейнічаюць метадам забарон і абмежаванняў, якія прыносяць сумнеўны эфект.

Нарастанне дэфіцыту гандлёвага балансу і рахункаў аперацый, скарачэнне золатавалютных рэзерваў, абясцэньванне нацыянальнай грашовай адзінкі - актывізацыя ўсіх гэтых працэсаў абвастрыла ахвоту ўладаў чарговым разам распачаць змаганне супраць спажывецкага імпарту. Так, з 1 чэрвеня ўведзенае ліцэнзаванне шмат якіх тыпаў макарон, кандытарскіх вырабаў і піва, што ўвозяцца з-за мяжы. Дарэчы, на пачатку гэтага тыдня першую ліцэнзію паводле новых правіл атрымала ўкраінская кампанія «Абалонь». Яе прадстаўнікі паспелі заявіць, што ўмовы былі нявыгаднымі - Беларусь запатрабавала падвысіць кошты і скараціць пастаўкі.

Увесь мінулы тыдзень бізнэс абмяркоўваў адыёзную прапанову ўрада - абмежаваць спіс кампаній-імпарцёраў 12 дзяржаўнымі заводамі, якія вырабляюць прадукцыю, аналагічную той, якую павінны імпартаваць. "НГ" падавала думкі і каментары экспэртаў, якія сцвярджалі, што ноў-хаў беларускіх уладаў абернецца спусташэннем многіх прадпрыемстваў, адтокам валюты за мяжу, ростам шэрага імпарту і стратамі бюджэту, а таксама праблемамі з краінамі - гандлёвымі партнёрамі, і ў першую чаргу ў Мытным саюзе.

Здагадка экспэртаў апраўдалася: улады адмовіліся ад свайго намеру. «Першая прычына - неразуменне ў Крамлі», - мяркуе эканаміст Леанід Заіка. «Расейскі ўрад і расейскія эканамісты мне тэлефанавалі і пыталіся: «Што здарылася?» таму што гэта напраўду парушае прынцыпы Мытнага саюза і свабоднага руху тавараў і паслуг», - кажа экспэрт. Ды і самі беларускія ўлады ўрэшце ўсвядомілі бесперспектыўнасць такога падыходу, мяркуе ён. Днём раней апраўдвацца пачала прэс-служба ўрада. «Урад не даваў даручэнняў аб увядзенні гэтай меры і іншых загараджальных мер на ўвоз тавараў», - цытуе яна рэакцыю Міхаіла Мясніковіча на гэты конт. Пра тое, што прыняцце дакумента немэтазгодна, заявіла і Міністэрства прамысловасці, у падпарадкаванні якога знаходзяцца заводы – неспраўджаныя імпарцёры.

Не паспела мясцовая эканамічная грамадскасць атрымаць асалоду ад сваёй перамогі, як стала вядома яшчэ пра адну забаронна-кантрольную ініцыятыву ўладаў. Інфармацыю пра тое, хто і колькі купіў замежнай валюты ў банку, прапануецца вывесці са спісу банкаўскай таямніцы. Права запытваць у банка такія звесткі могуць атрымаць падатковыя інспекцыі. Распрацоўнікі новаўвядзенні разлічваюць, што такім чынам здолеюць не толькі адбіць у насельніцтва ахвоту купляць даляры і еўра, але і вылічыць тых, хто набывае іх значна больш, чым мае прыбытку.

Як і да папярэдніх ноў-хаў урада, да гэтага экспэрты ставяцца скептычна. Тыя, каму трэба, знойдуць магчымасць адысці ад адказнасці, кажуць яны. «Кантроль не заўсёды прычыняецца да спынення той ці іншай дзейнасці», - упэўнены старэйшы аналітык ForexClub у Беларусі Валерый Палхоўскі. Змагацца з ценявой эканомікай пашырэннем легальных магчымасцяў улады Беларусі пакуль не плануюць, са шкадаваннем канстатуюць незалежныя эканамісты.

Фота: Kirill Kravtsov

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках