29 красавiка 2024, панядзелак, 19:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Французскія СМІ: Продаж «Містраляў» РФ парушае законы ЕЗ

12
Французскія СМІ: Продаж «Містраляў» РФ парушае законы ЕЗ

Скандальнае пагадненне паміж Парыжам і Масквой аб пастаўках «Містраляў» не толькі амаральнае, але і незаконнае.

У 2011 годзе Францыя падпісала пагадненне аб продажы Расеі двух «Містраляў» з магчымасцю замовы яшчэ двух суднаў. Яны з’яўляюцца дэсантнымі караблямі стратэгічнага прызначэння, якія здольныя перавозіць істотныя вайсковыя сілы: 16 баявых гелікоптэраў, 60 адзінак бронетэхнікі (у тым ліку танкавы батальён) і 900 жаўнераў. Парыж стаў першым чальцом NATO, які пагадзіўся прадаць Расеі стратэгічную зброю, і яго хаўруснікі не раз выказвалі сумневы з нагоды ўгоды з самага пачатку перамоў, піша L'Express (пераклад - Иносми.ру).

Пасля расейскай агрэсіі на Украіне кантракт наклікае на сябе ўсё большую крытыку. У сакавіку Расея анэксавала Крым, напляваўшы на нормы міжнароднага права, а сёння працягвае падтрымку зброяй і байцамі бунтаўнікоў на ўсходзе Украіны. Такім чынам, продаж сучаснай зброі рэжыму, які публічна спрабуе жывасілам перарысаваць межы ў Еўропе, ніяк не назваць найлепшым ходам для Францыі. Аднак наш урад нічога не робіць, ігнаруючы незадаволенасць хаўруснікаў і акцыі пратэсту, што праходзяць ва ўсім свеце супраць гэтай умовы.

Паводле еўрапейскага заканадаўства дамова нелегальная

Як бы там ні было, перад выкананнем дамовы можа ўстаць перашкода ў выглядзе еўрапейскага заканадаўства. У 1998 годзе Еўрапейскі Звяз зацвердзіў уласны кодэкс зброевага экспарту з ініцыятывы Францыі і Вялікабрытаніі. У 2008 годзе гэтыя нормы сталі абавязковымі да выканання, прыняўшы форму агульнай пазіцыі. Кодэкс уключае ў сябе восем крытэраў, і неадпаведнасць нават аднаму з іх аўтаматычна азначае ануляцыю права на экспарт. Францыя заўсёды казала, што «грае надзвычай чынную ролю» у «павелічэнні празрыстасці і адказнасці дзяржаў-чальцоў у перадачы зброі трэцім краінам». Таму складана ўявіць, што цяпер яна можа пайсці насуперак такой агульнай пазіцыі.

Крытэры агульнай пазіцыі стасуюцца да краін-пакупніц. І, як адзначаюць некаторыя экспэрты, Расея не адпавядае, прынамсі, шасці з іх.

У другім крытэры еўрапейскай пазіцыі значыцца, што краіна-пакупніца павінна абараняць правы чалавека, чаго зусім не адбываецца ў Расеі, калі меркаваць з ціску на апазіцыянераў і журналістаў.

Трэці крытэр прадугледжвае адсутнасць збройнага канфлікту на тэрыторыі краіны-пакупніцы. Гэтую ўмову ў Расеі таксама можна ўважаць за нявыкананую з улікам доўжанага вось ужо два дзесяцігоддзі канфлікту на Каўказе.

У чацвёртым крытэры пазначана, што краіна-пакупніца не павінна ставіць пад пагрозу стабільнасць, супакой і бяспеку ў рэгіёне і свеце. Інакш кажучы, дзяржавы-чальцы ЕЗ павінны ўстрымацца ад паставак зброі краінам, якія могуць напасці на іншыя суверэнныя дзяржавы або паспрабаваць гвалтам развязаць тэрытарыяльныя спрэчкі. З улікам гвалтоўнай анэксіі Крыма, нелегальнай акупацыі паўвыспы і падтрымкі паўстання на ўсходзе Украіны (гэта калі толькі абмежавацца 2014 годам), Расея пэўна парушае гэты крытэр.

З пятага крытэру вынікае, што Францыя павінна прымаць да ўвагі інтарэсы хаўруснікаў і партнёраў з ЕЗ. Некаторыя нашы хаўруснікі на чале з Польшчай і Прыбалтыкай неаднаразова паўтаралі, што ўгода становіцца пагрозай для іх бяспекі. Украіна, партнёр ЕЗ пасля падпісання пагаднення аб асацыяцыі, стала аб'ектам расейскай акупацыі. Гэта значыць, гэны крытэр таксама не выкананы.

Нарэшце, у шостым крытэры абумоўліваюцца сувязі краіны-пакупніцы з тэрарызмам і выкананне ёй нормаў міжнароднага права. Расея анэксавала Крым, нягледзячы на падпісанне Будапэшцкага мэмарандума, паводле якога Украіна адмаўляецца ад ядзернага арсэналу ў абмен на гарантыі недатыкальнасці яе межаў. Такім чынам, Расея паставіла пад сумнеў міжнароднае права і дамову аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Значыць, шосты крытэр парушаны.

Выяўляецца, што, перадаючы зброю агрэсару, які імкнецца жывасілам перарысаваць межы ў Еўропе, Францыя сутыкаецца не толькі з маральнымі праблемамі і патэнцыйным недаверам з боку хаўруснікаў, але і юрыдычнымі перашкодамі. Продаж «Містраляў» Расеі можа стаць парушэннем еўрапейскага заканадаўства і нанесці сур'ёзны ўдар па веры ў еўрапейскія інстытуты і вартасці.

Працэдура і магчымыя развязанні

Але ці сапраўды гэтыя крытэры валодаюць абавязковым дзеяннем? Былы міністр абароны Эрвэ Марэн (Hervé Morin) так адказаў на гэтае пытанне ў звароце да Нацыянальнага сходу 2 лютага 2010 года: «Гэтая агульная пазіцыя з’яўляецца юрыдычным актам, які валодае абавязковым дзеяннем, што не патрабуе якіх-небудзь захадаў на нацыянальным узроўні і наўпрост рэгулюе дзеянні французскай адміністрацыі. (...) У выніку, пастановы міжміністэрскай камісіі ў экспарце вайсковай тэхнікі таксама прымаюцца з улікам дзейных эмбарга і абмежавальных захадаў на падставе вычарпальных спісаў, якія дапаўняюцца пры з'яўлення рэзалюцый Арганізацыі аб'яднаных нацый і агульных пазіцый Еўрапейскага Звязу».

Такім чынам, міжурадавая камісія павінна заблакаваць экспарт «Містраляў» на падставе агульнай пазіцыі Еўрапейскага Звязу.

Аднак разгляд абаронных пытанняў заўсёды быў суверэннай справай кожнай нацыі, і французскі ўрад можа, нягледзячы на ўсё гэта, праігнараваць парушэнне нормы і перадаць «Містралі» Расеі. Як бы там ні было, мяркуе Сільві Матэлі (Sylvie Matelly), кодэкс валодае абавязковым дзеяннем і, такім чынам, раўназначны закону. Таму, «у тэорыі, кожны еўрапейскі грамадзянін можа падаць у суд на еўрапейскую дзяржаву, што парушае гэтую пастанову». Паводле ейных слоў, паспяхова давесці да канца такі працэс будзе вельмі няпроста, аднак шанцы на іх з'яўленне «не роўныя нулю, і гэта тычыцца як дзяржаў, так і прадпрыемстваў». Такім чынам, нягледзячы на ўсе намаганні ўрада, гісторыя з «Містралямі» можа атрымаць нечаканы працяг.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках