30 красавiка 2024, aўторак, 10:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крызіс не для ўсіх: чыноўнікі замовілі аўто на 8,6 мільярда рублёў

52
Крызіс не для ўсіх: чыноўнікі замовілі аўто на 8,6 мільярда рублёў

Валютныя праблемы не паўплывалі на жаданне чыноўнікаў абнаўляць аўтапарк.

Колькасць абвешчаных тэндэраў на закупку аўто за бюджэтныя грошы не памяншаецца ў параўнанні з мінулым годам, паведамляе "Еврорадио".

Вось, да прыкладу, Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце хоча набыць 21 аўтамабіль на суму больш за 4,6 мільярда рублёў. Пытанне, ці гатовыя яны ў крызіс паменшыць свае апетыты, тут ці то ігнаруюць, ці то не разумеюць:

"Не, натуральна, не гатовыя адмовіцца. А навошта? Дамова на пастаўку ўжо падпісаная, - кажуць у інспекцыі. Распавядаюць, што будуць купляць "УАЗ Патрыёт", а не аўтамабіль, сабраны ў Беларусі. - Geely па балоце не пойдуць, яны возяць "партфелі" ў горадзе. А нас цікавяць балоты, бездараж, перамяшчэнні, так бы мовіць, у цяжкіх беларускіх умовах".

Новы аўтамабіль набылі нядаўна для намесніка старшыні Жыткавіцкага райвыканкама - седан Geely за 150 мільёнаў. Згодна з планам, павінныя былі набыць два аўто, але атрымаўся адзін.

"У нас не было выбару: па-першае, аўто павінны быць выраблены ў Беларусі, а па-другое, мы два аўтамабілі хацелі, але нам трэба было аформіць і правесці ўсё ў канцы года, грошы выдаткаваць. Дзякуй богу, і так трохі абнавіліся . Аформілі паўмесяца таму. Кіроўца сказаў, добры аўтамабіль!"- радуюцца куплі ў Жыткавічах. Ну вось: трэба было два аўтамабілі, а набылі толькі адзін - ужо эканомія!

Таксама аўтамабіль беларуска-кітайскага аўтапрама набылі і ў Бабыніцкім сельскім выканаўчым камітэце Віцебскай вобласці. Аддалі за яго 150 мільёнаў.

"Мы нават не чакалі такога падарунку! У нас былі 10-гадовыя "Жыгулі", мы іх рамантавалі, ездзілі без тэхагляду і, натуральна, штрафы атрымлівалі за гэта. Рамонт абышоўся бы ў палову кошту Geely", - радуюцца ў сельвыканкаме. Пасля пытання, ці маглі б яны пражыць без аўтамабіля ў крызісны год, хвалююцца: "Без аўто ніяк нельга! У нас 39 населеных пунктаў, і трэба наведваць іх штомесяц, а аўтобус ходзіць два разы на тыдзень! Без аўто ніяк. Да таго ж чым далей, тым даражэй! Аўтамабіль мы купілі за 150 мільёнаў, а ён ужо 180 мільёнаў каштуе".

Баранавіцкі райвыканкам таксама збіраўся купіць новы Geely за 139 мільёнаў, нават абвясціў тэндэр, але нічога не атрымалася.

"Грошыкаў мала ў бюджэце - толькі на неадкладныя пакупкі засталося, таму скасавалі закупку, - тлумачаць у Баранавіцкім райвыканкаме. - Магчыма, праз паўгода толькі аб'явім новы тэндэр".

Валявым рашэннем адмаўляецца ад аўто і Берасцейскі аблвыканкам, пра гэта распавядае Аляксей Белабееў, кіраўнік справамі аблвыканкама. Тут хацелі набыць аўто за 344 мільёны, марылі аб Volkswagen. Але не атрымалася, таму што няма грошай.

"Не купляем. Ужо гэтае пытанне закрытае, таму што няма грошай. Нічога не будзем купляць, пакуль крызіс, усе тэндэры закрылі", - кажуць у Берасці. Але, як высвятляецца, тэндэр не адбыўся, бо ніхто на яго не адгукнуўся.

Цікава, што многія тэндэры чыноўнікі абвясцілі напярэдадні ўзнікнення валютных праблем - з 9 па 17 снежня мінулага года. Пакуль беларусы стаялі ў чэргах ля абменнікаў, чыноўнікі спяшаліся замовіць аўто па старых цэнах. Але і ў гэтым годзе чыноўнікі прадоўжылі замаўляць аўтамабілі, аўтамабільнае паліва, запчасткі і паслугі мыйкі для аўтамабіляў. Прычым замаўляюць не толькі айчынныя Geely, але і імпартныя аўтамабілі: Toyota Camry (замовіў Астравецкі райвыканкам), Volkswagen CARAVELLE LR TDI (Палац Рэспублікі), Volkswagen Caddy Maxi Kombi (РУП "Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр падаткаў і збораў"), SKODA Oсtavia Eliegance (Інспекцыя Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам) і гэтак далей.

Дарэчы, карыстальнікі інтэрнэту нават абвясцілі петыцыю - "Перасадзім беларускіх чыноўнікаў на айчынныя аўто". Пад петыцыяй ужо падпісалася больш за 13 тысяч чалавек.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках