26 красавiка 2024, Пятніца, 13:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турчынаў: Расея рыхтуецца да сур'ёзнай і маштабнай вайны

10
Турчынаў: Расея рыхтуецца да сур'ёзнай і маштабнай вайны
Аляксандр Турчынаў
ФОТА: REUTERS

Аперацыі Расейскай Федэрацыі на ўсходзе Украіны і ў Сірыі - толькі падрыхтоўка да рэалізацыі «геастратэгіі рэваншу».

Вайсковыя аперацыі Расеі апошніх гадоў - толькі падрыхтоўка да куды больш сур'ёзнай і маштабнай вайны, трэніроўка і нарошчванне баявога патэнцыялу, мяркуе сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў. Пра гэта ён напісаў у артыкуле, апублікаваным на яго асабістым сайце.

Так, з яго слоў, на ўсходзе Украіны расейскае войска адпрацоўвала тэхналогію правядзення сухапутных аперацый з выкарыстаннем магутнай артылерыі і сістэм залпавага агню, у Сірыі адпрацоўваецца баявое прымяненне самалётаў і ракет.

«Трэба дакладна ўсвядоміць: расейскі рэжым не збіраецца спыняцца. Ён стварае і выкарыстоўвае «гарачыя» кропкі для выпрабаванняў новай зброі, адпрацоўкі новых тактычных прыёмаў вядзення баявых дзеянняў, набыцця вайсковымі падраздзяленнямі баявога досведу, а таксама для ціску на краіны, што супрацьстаяць яму. Пуцін любым шляхам хоча рэалізаваць «геастратэгію рэваншу», - падкрэсліў Турчынаў.

Звяртаючыся да еўрапейскіх палітыкаў, сакратар РНБА адзначае, што спробы ўзаемадзейнічаць і супрацоўнічаць з Расеяй - гэта «саюз з тэрарыстамі для барацьбы з тэрарызмам», вар'яцтва, якое прывядзе да яшчэ большай колькасці ахвяр сярод мірнага насельніцтва і справакуе перарастанне лакальнага вайсковага канфлікту ў глабальны.

Турчынаў адзначыў, што ў тэрарыстычнай групоўцы «Аль-Каіда» «досыць вялікі баявы досвед і досыць зброі», але нікому не прыходзіць у галаву аб'яднаць намаганні з «Аль-Каідай» для барацьбы з ІДзІЛ. У той жа час, падкрэсліў палітык, паводле маштабаў тэрарыстычнай пагрозы «Аль-Каідзе» да РФ вельмі далёка - Расея, дзейнічаючы па класічна тэрарыстычнай схеме, захоплівае не самалёты або канцэртныя залі, а цэлы паўвостраў Крым, і бярэ ў закладнікі мільёны людзей, якія пражываюць на захопленых тэрыторыях Данбаса.

«Спробы дамовіцца з Расеяй і Пуціным запускаюць механізм, што спрацаваў 11 верасня, але ў больш страшных і зверскіх маштабах», - рэзюмаваў Турчынаў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках