7 траўня 2024, aўторак, 0:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскіх студэнтаў зганяюць на чэмпіянат свету ў біятлоне

26
Менскіх студэнтаў зганяюць на чэмпіянат свету ў біятлоне

Мінадукацыі просіць ВНУ забяспечыць арганізацыю наведванняў мерапрыемстваў чэмпіянату свету ў біятлоне.

«Я не разумею, чаму павінна ехаць на чэмпіянат у Раўбічы, стаяць некалькі гадзін на марозе? Я не заўзятар, не біятланіст, мне гэта не трэба», - распавяла «Беларускім навінам» студэнтка Нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, якую, як яна сцвярджае, вымушаюць наведаць спаборніцтвы.

Яна распавяла, што ўчора ўвечары ёй патэлефанавала стараста групы і вельмі прасіла вызначыцца, у які з дзён яна зможа пазаўзець на чэмпіянаце: «Мне патлумачылі, што ёсць распараджэнне адміністрацыі, што гэта вельмі важна для факультэта, бо ВНУ павінна даць шмат студэнтаў на чэмпіянат. І абяцалі, што вызваляць ад аднаго занятку фізкультурай. Мой сябар, студэнт БДУ, падчас адкрыцця чэмпіянату свету прастаяў некалькі гадзін на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Чаму нам не даюць спакойна займацца, а робяць за наш кошт план у наведвальнасці?»

Як атрымалася высветліць, адказ на гэтае пытанне ведае Міністэрства адукацыі, якое 17 лютага разаслала лісты ў Менскі аблвыканкам, гарадскі Камітэт адукацыі, установы вышэйшай адукацыі Менска і БРСМ. У дакуменце напісана, што ў адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні чэмпіянату свету ў біятлоне, зацверджаным Саўмінам, і іншымі нарматыўнымі дакументамі, «Мінадукацыі просіць забяспечыць арганізацыю наведванняў мерапрыемстваў чэмпіянату свету ў біятлоне сярод юніёраў і юнакоў у адпаведнасці з прыкладзеным графікам», - гаворыцца ў ім.

Далей на 11 лістах распісана, калі і якая ВНУ павінна даць студэнтаў. Універсітэтам фактычна прапанавана здымаць з заняткаў студэнтаў і адпраўляць пад кіраўніцтвам выкладчыкаў у Раўбічы. У забеспячэнні масавасці на ЧС задзейнічаныя практычна ўсе менскія ўніверсітэты.

Напрыклад, БДУ абавязалі 11 разоў прывезці студэнтаў. Прычым у некаторыя дні на ранішнія і вячэрнія спаборніцтвы па 60 чалавек на кожныя - 18, 19, 20, 23, 24 лютага. У іншыя дні ім дазволілі даставіць па 50-60 чалавек.

Дастаўка забяспечваецца альбо за кошт ВНУ (транспартам універсітэта), альбо за кошт студэнтаў (на рэйсавым аўтобусе).

Адразу ў некалькіх універсітэтах карэспандэнту Naviny.by сказалі, што забяспечыць план Мінадукацыі не змогуць.

«Далёка не ўсіх маладзёнаў можна ўгаварыць, ды і перарываць навучальны працэс не хацелася б, але давядзецца. Значная частка нашай дэлегацыі - выкладчыкі», - сказаў прадстаўнік адміністрацыі адной са сталічных ВНУ.

У той жа час прадстаўніца прэс-службы БДУ папрасіла ўлічыць, што ў медаля два бакі: «Заўсёды знойдуцца незадаволеныя. Аднак ёсць і тыя студэнты, якія ўдзячныя за магчымасць пабываць на спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню абсалютна бясплатна».

Рэалізацыю квіткоў праводзіць кампанія «Тикетпро». У продажы маюцца квіткі трох відаў - па 30 тысяч рублёў (свабоднае размяшчэнне ўздоўж лыжнай трасы), па 50 тысяч рублёў (на стаялай трыбуне) і па 200 тысяч рублёў (VIP-білет з паркоўкай). У кампаніі «Тикетпро» адмовіліся адказваць на пытанне, наколькі актыўна ідуць продажы квіткоў. Аднак, мяркуючы з інфармацыі на сайце аператара, квіткоў на спаборніцтвы дастаткова.

Як распавяла намесніца дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі ў зімовых відах спорту «Раўбічы» Алена Маляўская, на пасяджэннях аргкамітэтах было пастаноўлена сабраць звесткі пра ахвотных наведаць спаборніцтвы ў той ці іншы дзень.

Паводле звестак намесніцы дырэктара, у ліку іншых праявілі цікавасць 26 спартовых устаноў адукацыі сталіцы, прыедуць таксама 20 чалавек з Віцебска і 40 з Магілёва: «Едуць тыя, каму цікава. Сілавыя метады ў гэтым выглядзе спорту не працуюць».

Намеснік дырэктара «Раўбічаў» Леанід Карась уранку 18 лютага распавёў, што гледачы на трыбунах ёсць: «Распаўсюджваннем квіткоў я не займаюся. Бачу, што трыбуна поўная. Ёсць глядач і на стадыёне, і ўздоўж трас».

Што ж, значыць, не дарэмна ўчора прарэктары ВНУ тэлефанавалі на факультэты, а куратары - старастам, якія, у сваю чаргу, тэлефанавалі аднакурснікам...

У Беларусі да практыкі выкарыстання студэнтаў і школьнікаў у якасці масоўкі на важных для ўладаў мерапрыемствах прывыклі. Факты прымусовай працы і прымус студэнтаў і школьнікаў да ўдзелу ў афіцыйных мерапрыемствах - норма акадэмічнага жыцця ў Беларусі.

Яскравы прыклад - у 2012 годзе на матч кваліфікацыі футбольнага ЧС-2014 Беларусь - Гішпанія настаўнікаў і работнікаў некаторых прадпрыемстваў прымушалі купляць квіткі. Тады арганізатары і Камітэт адукацыі Менгарвыканкама заяўлялі, што не маюць ніякага дачынення да гвалтоўнага распаўсюджвання квіткоў. А праз чатыры дні пасля матчу Аляксандр Лукашэнка паведаміў на прэс-канферэнцыі, што ўключыў адміністрацыйны рэсурс, каб забяспечыць поўныя трыбуны на стадыёне «Дынама».

Адміністрацыйны рэсурс застаецца самым устойлівым метадам кіравання ў сістэме адукацыі, які і ініцыятыву душыць, і трымае студэнтаў і выкладчыкаў на кароткім ланцужку. Акадэмічныя свабоды, якія прадугледжваюць нейкую аўтаномнасць ад дзяржавы - гэта справа далёкай перспектывы для Беларусі.

Пры гэтым фіксуецца вельмі нізкая пратэстная актыўнасць студэнтаў і выкладчыкаў. Негатоўнасць адстойваць свае правы экспэрты тлумачаць, прынамсі, няведаннем сваіх правоў і абавязкаў, а таксама інструментаў іх рэалізацыі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках