29 красавiка 2024, панядзелак, 9:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Скончылі з СССР, скончым і з дыктатурай

38

Змены ў Беларусі могуць адбыцца хутчэй, чым мы думаем.

26 лютага ў Гародні прайшла прэзентацыя кнігі першага кіраўніка незалежнай Беларусі, экс-кіраўніка Вярхоўнага савета Беларусі Станіслава Шушкевіча "Маё жыццё: крах і адраджэнне СССР". Аўтабіяграфія ахоплівае ўсе перыяды жыцця беларускага дзяржаўнага дзеяча - ад дзяцінства да сучаснасці, піша "Беларускі партызан".

 

Яшчэ перад пачаткам прэзентацыі, угледзеўшы ў зале фартэпіяна, вядомы палітык сыграў невялікі імправізаваны канцэрт. Тут жа, на фартэпіяна, ён пазней падпіша свае кнігі ўсім жадаючым.

 

"Я прысвяціў сваю кнігу моладзі, каб яна не паўтарыла нашых памылак", - такімі словамі пачаў прэзентацыю кнігі Станіслаў Шушкевіч. Ён падкрэсліў, што ўсё напісанае пададзена з яго асабістага пункту гледжання і пазіцыі.

"У жыцці важна мець цярпенне і выслухаць кожнага чалавека. Многія мае добрыя ўчынкі былі здзейсненыя менавіта таму, што я ўмеў выслухаць кожнага, хай нават не самага прыемнага чалавека, і дапамагчы развязаць ягоную праблему. Галоўны філосаф у маім жыцці - мая бабуля, не раз казала - дрэннае ў чалавеку ўбачыць лёгка, а ты паспрабуй знайсці добрае. Вось я ўсё жыццё і шукаў", - распавёў палітык.

 

З залы пасыпалася шмат пытанняў. Так, на пытанне пра тое, якую самую галоўную памылку ў жыцці дапусціў палітык, Станіслаў Шушкевіч парыраваў тым, што ён яе яшчэ не здзейсніў. "А галоўнае маё дасягненне ў жыцці - тое, што я выратаваў Беларусь ад знішчэння. Беларусь заўсёды была закладніцай Расеі. На яе паверхні было столькі ядравай зброі, што можна было знішчыць усю Еўропу. Я ўважаў гэта вельмі небяспечным. Калі мы падпісалі Белавежскія пагадненні, я сказаў так: мы выведзем ядравую зброю без папярэдніх умоў і кампенсацый. І сёння я ганаруся гэтай пастановай", - адзначыў ён.

Турбавала ўдзельнікаў прэзентацыі будучыня Беларусі і беларусаў - чаго на думку палітыка варта чакаць далей?

"У футуралогіі ёсць такі падыход: усё будзе як будзе і ўсё залежыць ад усяго. Нельга нічога прадбачыць. Калі б у Віскулях нам за гадзіну да падпісання сказалі, што мы падпішам дакумент аб ліквідацыі Савецкага Саюза, я б пасмяяўся з гэтага як з жарту. Так што змены ў Беларусі могуць наступіць хутчэй, чым мы ўсе думаем: знойдуцца людзі, атрымаецца такі збег абставінаў, - і Лукашэнка страціць уладу", - упэўнены Станіслаў Шушкевіч.

З нагоды таго, ці магчымая была іншая будучыня СССР, палітык заўважыў, што без хірургічнага ўмяшання ніякія рэформы немагчымыя, а з такім чалавекам, як Гарбачоў, рэформы немагчыма было сабе ўявіць. "Не ў Белавежскай пушчы разваліўся Савецкі Саюз, ён разваліўся падчас жнівеньскага путчу. Мы толькі зафіксавалі гэта на паперы", - канстатаваў Шушкевіч.

 

Пафантазіраваў палітык і на тэму таго, што б зрабіў, калі б стаў прэзідэнтам.

"Гісторыя не трывае ўмоўнага ладу, але аднак паспрабуем сабе гэта ўявіць. Уладу павінен выбіраць народ. Уінстан Чэрчыль сказаў неяк: "Дэмакратыя найгоршая форма праўлення, але нічога лепшага пакуль не прыдумалі". Найлепшую альтэрнатыву дэмакратыі не знайшоў нават Чэрчыль, не знайду і я.

Разварот у бок дэмакратыі і законнасці павінны рабіць разумныя людзі вельмі далікатна. Па-першае, трэба, каб няўхільна выконвалася цяперашняя Канстытуцыя. Па-другое, трэба распрацаваць змены ў Канстытуцыю, каб там не заставалася неадназначных трактовак і яна была дэмакратычнай. Затым варта прывесці заканадаўства ў адпаведнасць з новай Канстытуцыяй, каб не давесці справу да беззаконня і бандытызму. У Беларусі ёсць людзі, здольныя гэта зрабіць", - распавёў свой план Шушкевіч.

Закранулі таксама тэму расейскай агрэсіі.

"Расею і Крэмль трэба размяжоўваць. Расейскія ўлады хочуць узнавіць імперыю. З імі не трэба змагацца, проста трэба рабіць усё паводле сваіх законаў. Беларусы плацілі Крамлю сваімі жыццямі, бо гэта - самая танная зброя. Пуціну не шкада людзей - жанчыны яшчэ народзяць. І сёння Захад, які кіруецца зусім іншымі каштоўнасцямі, гэтага ніяк не можа зразумець", - сказаў палітык.

Як навуковец-фізік, Станіслаў Шушкевіч выказаў сваё меркаванне з нагоды АЭС, якая будуецца ў Беларусі.

"Я адназначна выступаю за тое, каб у Беларусі пабудавалі АЭС. У перспектыве яна стала б крыніцай найбольш таннай энэргіі, якую можна вырабляць у Беларусі. Калі паглядзець на ўзровень жыцця ў розных краінах свету, можна заўважыць наўпроставую залежнасць паміж дабрабытам людзей і ўжываннем атамнай энэргіі. Але вядома, АЭС трэба будаваць максімальна бяспечнай. Тое, што будуюць у нас - дакладна бяспечнай станцыяй не назавеш. Можна было б знайсці і лепшыя варыянты. Да таго ж, пляцоўка пад АЭС абраная некарэктна ў дачыненні да Літвы. Такія пытанні ўзгадняюцца з суседнімі краінамі, для Літвы АЭС - пагроза. Беларусь жа паступае непаважліва да сваіх суседзяў", - адзначыў палітык.

Гутарка з першым кіраўніком незалежнай Беларусі доўжылася каля дзвюх гадзін. У канцы палітык падпісаў сваю кнігу ўсім жадаючым.

 

Станіслаў Шушкевіч адказаў на пытанні "Беларускага партызана".

 

- Першапачаткова вы ехалі ў Белавежскую пушчу не для таго, каб ліквідаваць Савецкі Саюз, а каб дамовіцца з Расеяй аб пастаўках энэрганосьбітаў. Чаму выбралі менавіта Віскулі?

- Гісторыя вельмі простая. Набліжалася зіма, а нам не было чым ацяпляць краіну. Пытанне з энэрганосьбітамі трэба было развязваць як мага хутчэй. 20 кастрычніка 1991 года я быў у Нова-Агарове. Калі застаўся з Ельцыным сам-насам, то прапанаваў яму як паляўнічаму з'ездзіць у Белавежскую пушчу адпачыць, а заадно і дамовіцца аб усім. Яму ідэя спадабалася. У пушчы была база адпачынку ЦК КПСС, дзе мы ўсе і сабраліся. Гэта значыць Віскулі - гэта было месца, куды можна было прывабіць Ельцына.

- Што вы адчувалі, калі падпісвалі дакумент аб ліквідацыі СССР? Пастанова такога маштабу - гэта велізарная адказнасць.

- Усе эмоцыі былі толькі на першым этапе, калі мы дамовіліся падпісаць, што Савецкі Саюз як геапалітычная рэальнасць і суб'ект міжнароднага права заканчвае сваё існаванне. Фактычна трэба было прыняць і іншыя пункты, каб паказаць, што мы не выкінулі гэтакую костку, а, як вобразна сказаў Ельцын, на гэтую костку нанізанае мяса. Трэба было дадаць астатнія неабходныя пункты, напрыклад, што мы прытрымліваемся міжнародных пагадненняў, што Расея з'яўляецца пераемніцай правоў Савецкага Саюза, што сталіцай і каардынацыйным цэнтрам будзе ўжо не Масква, а Менск, і г.д. Таму эмоцый асабліва не было, была праца. Нарыхтоўку зрабіла за ноч наша дэлегацыя, а там ужо ўзгаднялі і дапрацоўвалі тое, што было падрыхтавана.

- Вы нарадзіліся і выраслі ў Савецкім Саюзе. Рука не завагалася, знішчаючы яго?

- Ёсць шмат таго з Савецкага Саюза, што хацелася б перажыць і паўтарыць яшчэ раз. Але з іншага боку, гэта была краіна ГУЛлагаў. І яшчэ я разумеў, што пабудаваць так званы камуністычны строй немагчыма без мора крыві, і ўсё роўна не атрымалася б таго, што хацелі. Часта перафразую Чэрчыля: Хто не шкадуе пра распад СССР - у таго няма сэрца, а хто марыць аб яго рэстаўрацыі - у таго няма галавы. У падпісантаў у Віскулях не было сэрца, калі яны ліквідавалі СССР. Але калі б яны не падпісалі гэты дакумент тады, іх бы сёння абвінавачвалі ў тым, што яны не мелі галавы.

 

- Вы сказалі аб тым, што прысвяцілі сваю кнігу моладзі. Як вам бачыцца моладзь, якая нарадзілася і вырасла ўжо ў незалежнай Беларусі?

- Яна апынулася ў значна лепшых умовах, чым маё пакаленне. Але гэтыя ўмовы атручваюць вельмі дрэнныя людзі. Я пра беларускую прапаганду не буду казаць - яна прымітыўная і ўбогая. А вось расейская прапаганда, напрыклад, тыя ж Уладзімір Салаўёў, Дзмітрый Кісялёў - гэта злачынцы. Яны прапаведуюць каштоўнасці Расейскай імперыі, славянізм пад расейскім сцягам. Яны атручваюць розумы людзей, выкарыстоўваючы ўвесь арсенал мастацтва псіхалагічнага ўздзеяння. У гэтым крыецца вялікая небяспека, і супрацьстаяць ёй вельмі цяжка. Яны са сваіх каналаў - тэлевізіі - даносяць свае ідэі мільёнам. Аўдыторыя, напрыклад, вашага сайта значна меншая, а значыць, менш людзей даведаюцца альтэрнатыўную інфармацыю. Гэта падобна на спаборніцтва тых, хто валодае рэактыўнымі самалётамі, з тымі, хто змагаецца атручанымі стрэламі. Тое, што ў свой час рабіў Гебельс, у Беларусі робіцца сёння. На жаль, адукаванасць, прафесіяналізм, кампетэнтнасць значна слабейшыя, чым папулізм, але на папулізме далёка не з'едзеш. Але, зрэшты, мне здаецца, сённяшнюю моладзь цяжка падмануць, пачуццё хлусні ў яе вастрэйшае, чым, напрыклад, у майго пакалення. Таму думаю, што гэтая моладзь у выніку пераможа.

- Часам паўжартам-напаўсур'ёзна гучаць заявы аб тым, што Вільня, Беласток, Смаленск - нашы, беларускія. Як вы ставіцеся да падобных прэтэнзій?

- Я б параіў усім людзям, якія кажуць аб несправядлівасці цяперашніх межаў, пачытаць гістарычныя дакументы, звязаныя са станаўленнем Беларусі. Фактычна ўпершыню ў трэцяй статутнай грамаце, якая была прынятая 25 сакавіка 1918, Беларусь пазначаная як краіна, дзе пераважная большасць насельніцтва - беларускамоўнае. Межы Беларусі не былі дакладна вызначаныя. Прызнаць тады на міжнароднай арэне БНР было немагчыма таму, што не было таго кавалка зямлі, якім кіравала тагачасная беларуская ўлада. У літоўцаў, эстонцаў, латышоў межы былі больш выразныя. Казаць сёння пра справядлівасць-несправядлівасць межаў - гэта пачынаць бойку. Людзі ж дамовіліся, уклалі Версальскае пагадненне пасля першай сусветнай вайны. Потым былі Ялта, Патсдам, дзе былі вызначаныя межы. Я мяркую, што іх і трэба было б прытрымлівацца. Мы ў Белавежскай пушчы меркавалі гэтак жа. Літоўцы на гэтым вельмі выйгралі. Значыць, у іх былі разумныя палітыкі - слава ім. А на той тэрыторыі, якую займае сёння Беларусь, можна будаваць нармальную нацыянальную дзяржаву.

- Як вы ставіцеся да каляровых рэвалюцый у Грузіі, Украіне? Ці магчымы такі сцэнар у Беларусі?

- Я стаўлюся да іх як да выказвання людзьмі сваіх поглядаў. І гэта права людзей ісці па такім шляху. У Грузіі і Украіне, у пэўным сэнсе ў Малдове і Кыргызстане, грамадства саспела, дзякуючы гэтым рэвалюцыям. У Беларусі як у мінуўшчыне Савецкага Саюза ніякая рэвалюцыя немагчымая. У нас улада зацягнула ў кроў і здзекі ўсіх тых, хто змагаўся за дэмакратычную Беларусь. Нашы харызматычныя лідары стараннямі ўлады зніклі. Нашы харызматычныя кандыдаты ў прэзідэнты - у турмах. Усё як і ў Савецкім Саюзе. Але як пакончылі з Саюзам, так скончым і з дыктатурай.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках