7 траўня 2024, aўторак, 9:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Паўночная Карэя набліжаецца да Беларусі

50

Падабенства падыходаў нашай краіны і КНДР у многіх пытаннях канстатаванае на вышэйшым узроўні.

«Салідарнасць» знайшла і іншыя падабенствы.

У Менску адбыліся перамовы кіраўнікоў замежнапалітычных устаноў Беларусі Уладзіміра Макея і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Лі Су Ёна. Міністры замежных спраў абмяняліся прамовамі, паведамляе БелаПАН.

- Беларусь адкрыта ўзаемадзейнічае з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай. Нашы краіны, як было адзначана сёння, маюць агульныя мэты: развіццё стабільнай і незалежнай эканомікі, павышэнне ўзроўню дабрабыту сваіх народаў, - адзначыў Уладзімір Макей.

- На нашай сустрэчы асаблівы акцэнт быў зроблены на блоку эканамічных пытанняў, наладжванні і ўмацаванні нашых эканамічных стасункаў.

Таксама бакі пацвердзілі ўзаемную гатоўнасць падтрымліваць адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях. Ва ўсіх закранутых пытаннях мы маем падобную і ідэнтычную пазіцыю, - заявіў у сваю чаргу Лі Су Ён.

Што яшчэ робіць падобнымі дзве такія розныя краіны і ці такія яны розныя?

Апошнія радкі ў рэйтынгах

У рэйтынгу самых свабодных эканомік свету Беларусь неаднаразова аказвалася ў ніжэйшай катэгорыі «рэпрэсіўных эканомік», часцяком апярэджваючы ў гэтым антырэйтынгу шэраг афрыканскіх краін.

Пару гадоў таму мы апынуліся ў адной тройцы разам з Зімбабвэ і Паўночнай Карэяй.

Не далёка сышлі адзін ад аднаго дзве краіны і ў рэйтынгу паводле індэксу дэмакратыі. Так, у 2012 годзе па гэтым паказчыку Беларусь заняла 141 месца, а Паўночная Карэя - апошняе 168-е.

Cанкцыі

Абедзве краіны вось ужо шмат гадоў за парушэнне правоў чалавека падпадаюць пад эканамічныя і палітычныя санкцыі з боку Еўропы і ЗША. У прыватнасці, у дачыненні да Паўночнай Карэі ўведзена эмбарга на пастаўкі зброі, эмбарга, звязанае з ядзернымі праграмамі, забарона на экспарт у КНДР прадметаў раскошы, забарона на паездкі (супраць фізічных асоб, што адказныя за супрацьпраўныя паводзіны дзяржавы), замарожванне актываў.

Топ-мэнэджар Google: у адным шэрагу з Эрытрэяй, Зімбабвэ і Паўночнай Карэяй

Кіраўнік савета дырэктараў Google Эрык Шміт у сваёй кнізе «Новы лічбавы век» падзяліўся шэрагам меркаванняў пра будучыню тэхналогій на планеце. Успомніў топ-мэнэджар і пра Беларусь.

- Такія краіны, як Беларусь, Эрытрэя, Зімбабвэ і Паўночная Карэя - аўтарытарныя рэжымы з культам асобы і статусам ізгоя ва ўсім свеце - амаль нічога не страцяць ад уваходжання ў кіберсаюз дыктатур, дзе змогуць абменьвацца падыходамі да цэнзуры, маніторынгу, а заадно і адпаведнымі тэхналогіямі.

Нязменныя лідары і «найгоршыя дыктатары свету»

«Вечны прэзідэнт, што накіроўвае сонечны прамень, бліскучы таварыш» - менавіта такімі афіцыйнымі назвамі паўночнакарэйскі народ заве кіруючы трыумверат апошніх 40 гадоў: Кім Ір Сена, Кім Чэн Іра і Кім Чэн Ына. Паўночная Карэя, не мудрагелячы хітра, абрала ў якасці перадачы ўлады спосаб ад бацькі да сына. Цяпер краінай кіруе трэці прадстаўнік дынастыі - Кім Чэн Ын.

У Беларусі за Аляксандрам Лукашэнкам пасада «вечнага прэзідэнта» пакуль афіцыйна не замацаваная. Аднак дзякуючы змене Канстытуцыі кіраўнік дзяржавы атрымаў магчымасць балатавацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў, што і робіць цягам вось ужо 20-ці гадоў. Што ж тычыцца магчымасці перадачы ўлады ад бацькі да сына, то час ад часу такія думкі зрываюцца з языка Аляксандра Лукашэнкі, якія ён пасля сам жа і зняпраўджвае.

Дарэчы, і мінулы і цяперашні кіраўнік Паўночнай Карэі разам з Аляксандрам Лукашэнкам рэгулярна трапляюць у ТОП найгоршых дыктатараў свету. У 2010 годзе амерыканскі часопіс The Foreign Policy змясціў беларускага лідэра на 22-ы радок (Кім Чэн Ір тады заняў "ганаровае" 1-е месца), а ў 2013-м паводле версіі расейскага агенцтва РБК, Лукашэнка наблізіўся да новага паўночнакарэйскага лідара, заняўшы ўжо чацвёртае месца ў рэйтынгу.

Навагоднія віншаванні

Як гэта ні парадаксальна гучыць, але лідары дзвюх краін практычна аднолькава віншуюць сваіх грамадзян з Новым годам. У 2013-м журналісты выявілі, што выступы Аляксандра Лукашэнкі і Кім Чэн Ына нібы спісаныя пад капірку, быццам у іх агульныя спічрайтэры.

Агульныя інтарэсы і захапленні лідараў

Зрэшты, не толькі ў прамовах падобныя лідары дзвюх краін. Прыгледзеўшыся да фатаграфій беларускага і паўночнакарэйскага кіраўнікоў, журналісты таксама выявілі, што яны любяць адны і тыя ж рэчы, ходзяць у адны і тыя ж месцы і нават захапленні ў іх аднолькавыя.

Увогуле, на гэты момант у нас вымалёўваецца «поўны Пхеньян».

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках