7 траўня 2024, aўторак, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейца абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе праз рэзюмэ для шведскай кампаніі

6
Расейца абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе праз рэзюмэ для шведскай кампаніі

Былога супрацоўніка ГРУ абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе праз рэзюмэ, якое ён адправіў у шведскую кампанію.

Былы супрацоўнік ГРУ, радыёінжынер Генадзь Краўцоў ужо 9 месяцаў знаходзіцца пад арыштам паводле абвінавачвання ў дзяржаўнай здрадзе, аднак рэзананс гэтая гісторыя атрымала толькі нядаўна, паведамляе «Радыё Свабода».

Краўцоў звольніўся з ГРУ ў 2006 годзе. Ягоная жонка Ала распавяла, што ён накіраваў сваё рэзюмэ ў замежную кампанію яшчэ ў 2010-м. Праз тры гады Генадзя затрымалі. У першы раз - менш чым на дзень. Затым у ягоны дом прыйшлі з ператрусам, а Краўцова абавязалі з'яўляцца на допыты. У траўні 2014-га ён быў арыштаваны.

«Ягонае затрыманне звязанае з лістом у Швецыю. Спачатку яго выклікалі некалькі разоў да следчых, і ён ім штосьці распавядаў без адваката. Я прасіла яго наняць адваката, але ён казаў, што ён ні ў чым не вінаваты і абараняцца яму няма ад чаго, - распавядае Ала Краўцова. Цягам некалькіх месяцаў Генадзь хадзіў на допыты, а ў траўні яго арыштавалі і адправілі ў Ляфортаўскі следчы ізалятар. - Ён пайшоў на вуліцу па хлеб, на яго там напалі, скруцілі. У іх такі сцэнар затрымання. Яшчэ з 37 года, напэўна».

Генадзь Краўцоў абвінавачваецца паводле артыкула 275 КК РФ - «Дзяржаўная здрада». Справа знаходзіцца пад грыфам «цалкам сакрэтна». Адвакат Краўцова ў інтэрв'ю «Адкрытай Расеі» сказаў, што зыход справы, на ягоную думку, залежыць ад вынікаў экспэртызы. Менавіта экспэрты змогуць вызначыць, ці змяшчаецца ў лісце ў Швецыю дзяржаўная таямніца, ці не.

З пачатку года ў Расеі было распачата некалькі спраў паводле 275-га артыкула. Самая гучная з іх - справа Святланы Давыдавай, шматдзетнай маці з Вязьмы. Яна была абвінавачаная ў дзяржаўнай здрадзе праз званок ва ўкраінскае пасольства з паведамленнем аб размове вайскоўцаў, пачутай у маршрутным таксі. У студзені Давыдава была арыштаваная, і яе этапавалі ў Маскву. У пачатку лютага арышт быў прызнаны незаконным, і Святлану адпусцілі дадому. Але справа да гэтага часу не закрытая.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках