29 красавiка 2024, панядзелак, 2:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Gazeta Wyborcza: «Газпром» ужо не такі магутны інструмент Расеі супраць Украіны

8
Gazeta Wyborcza: «Газпром» ужо не такі магутны інструмент Расеі супраць Украіны

Украіна прыстрашыла Расею адмаўленнем куплі ў яе газу, каб прымусіць яе знізіць кошт паліва.

Такі прыём Кіева супраць Масквы стаў магчымы дзякуючы рэверсу газу з Еўразвязу, які аслабіў усемагутнасць «Газпрома» ў пытанні ціску на ўкраінскую старану. Аб гэтым піша Томаш Бялецкі на старонках Gazeta Wyborcza (пераклад - zn.ua).

Ён цытуе міністра энэргетыкі Украіны Уладзіміра Дзямчышына, які папярэдзіў, што Кіеў не будзе купляць расейскі газ з 1 красавіка. Таму што рэверсны газ з Еўропы каштуе 270 даляраў, а Масква патрабуе за наўпроставую пастаўку 348 даляраў за тысячу кубаметраў.

«Перакрыцце газавага крана заўсёды было прэрагатывай расейцаў. Але Кіеў, хоць і часова, але можа цяпер сабе дазволіць памяняцца ролямі, бо ЕЗ цягам апошніх месяцаў павялічыў рэверс газу ва Украіну», - гаворыцца ў артыкуле. Аглядальнік нагадвае, што такія краіны, як Славаччына і Вугоршчына, на фоне канфлікту ва Украіне прынялі бок Крамля ўнутры Еўразвяза, дамагаючыся скасавання або паслаблення эканамічных санкцый. Але пры гэтым яны працягваюць перапрадаваць расейскі газ па больш таннаму кошту Украіне.

«Газпром» паспрабаваў націснуць на Еўропу, заявіўшы, што рэверс - незаконны. Аднак гэта не праўда, бо ў ніводным кантракце паміж расейскім энэргетычным гігантам і еўрапейскімі краінамі гэтага не пазначана. Да таго ж, рэверс стаў законным спосабам ЕЗ дыверсіфікацыі энэргетычнага рынку і падтрымання энэргетычнай бяспекі.

Таму «Газпром» цяпер хоча зноўку падпісаць пагадненне з краінамі ЕЗ, каб уключыць пункт аб забароне рэверсу газу суседзям аб'яднанай Еўропы. «Крэмль спрабуе падзяліць ЕЗ з дапамогай стаўлення розных краін да Украіны, але эфект ад яго дзеянняў выявіўся слабейшым, чым хацелася б. Гэта пацвярджае і тое, што на апошнім саміце ЕЗ лідары краін наважылі прывязаць дзеянне санкцый супраць Расеі да выканання менскіх пагадненняў або вяртанню Украіне кантролю над мяжой у Данбасе», - гаворыцца ў артыкуле.

У гэты ж час, Еўракамісія рыхтуе кампрамісную прапанову аб газе для Украіны і РФ. Для яе падрыхтоўкі Расея і Украіна атрымаюць ад Еўракамісіі пытанні што да зместу будучага пагаднення, на якія тыя павінны адказаць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках