26 красавiка 2024, Пятніца, 12:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскія прадпрымальнікі: Нічога не застаецца, як ісці на плошчу

18

Тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў Гомельскай вобласці спынілі працу.

1 сакавіка пачаў дзейнічаць указ №222, які абавязвае мець сертыфікаты і таварна-транспартныя накладныя на тавары лёгкай прамысловасці, у тым ліку і прывезеныя з Расеі. У Рэчыцы 2 сакавіка дзесяткі прадпрымальнікаў з рынкаў «Цэнтральны», «Юбілейны», «Рытм» прыйшлі да райвыканкаму з патрабаваннем заступіцца за іх перад уладамі, паведамляе «Радыё Свабода».

«Каб выканкам стаў на абарону прадпрымальнікаў, выставіў свае патрабаванні ўраду - адкласці дзеянне ўказу №222 да 2017 года, як гэта зрабіла Расея. А заадно паспрыяць, каб беларускія прадпрымальнікі змаглі атрымліваць у Расеі дакументы на тавар з тамтэйшых аптовых рынкаў.

У Рэчыцы цяпер звыш тысячы прадпрымальнікаў, з іх прыкладна 800 засталіся без працы. Тыя, хто гандлюе таварамі лёгкай прамысловасці, практычна ўсе закрыліся. Засталіся толькі асобныя прадпрымальнікі, якія гандлююць беларускімі таварамі і маюць належныя дакументы. Астатнія ўсе закрыліся», - кажа лідар прадпрымальніцкага руху з Рэчыцы Алег Шабетнік.

Рэчыцкая прадпрымальніца Алена, маці траіх малалетніх дзяцей, кажа, што цяпер яе сям'я вымушана жыць на дзяржаўную дапамогу дзецям - гэта крыху больш за 3 мільёны на пяць душ.

«Мужа зрабілі дармаедам, а цяпер і я стала дармаедкай. У мяне вышэйшая адукацыя - я б з задавальненнем пайшла працаваць. Але куды? Усюды скарачэнні, спыняецца вытворчасць. Усюды кланы сямейныя. Паглядзі на той жа наш метызны завод: тата, мама, сваты браты, сёстры - туды не сунешся, калі няма «валасатай рукі». Я б з задавальненнем сядзела ў цёплым кабінеце - але куды ісці?» - пытаецца жанчына.

Сотні дробных бізнэсоўцаў засталіся без працы і ў абласным цэнтры. У гандлёвым цэнтры «Сакрэт» на стыхійным сходзе, які адбыўся напярэдадні, тамтэйшыя гандляры разам з прадстаўнікамі Цэнтральнага рынку скандавалі: «Указ №222 - скасаваць, скасаваць, скасаваць!»

Прадпрымальніца Святлана, якая пасля шматгадовай працы закрыла

свой ралет ў гандлёвым цэнтры да лепшых часоў, не можа зразумець логіку ўладаў у дачыненні да прадпрымальнікаў:

«Урад паставіў нас у патавую сітуацыю: мы працаваць не можам - нас выганяюць на вуліцу. Нашы рэалізатары, з якімі мы працавалі доўгія гады, - яны таксама ідуць на вуліцу. У краіне, дзе няма працоўных месцаў, дзе заводы пераходзяць на трох-ці чатырохдзёнкі, а ў людзей няма грошай на самае неабходнае і няма працоўных месцаў, - нас выкідваюць на вуліцу. Пра што думае ўрад краіны? Я сто пяты раз пытаюся нашых дзяржаўнікаў: для каго пішуцца такія законы, у якіх указана, што яны нібыта для народа? Для якога народа? Мы што - не народ?»

Напярэдадні ўваходжання ў дзеяння ўказа №222 намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты праз тэлевізію заявіў, што дакумент адправяць на дапрацоўку. І прадпрымальнікі да падпісання канчатковай версіі ўказа нібыта могуць працаваць спакойна - іх не будуць штрафаваць за адсутнасць дакументаў. Аднак прадпрымальнікі не вераць такім расказам чыноўнікаў.

Прадпрымальнік Юры, які мае дробны гандлёвы бізнес, так рэагуе на запэўніванні чыноўніка:

«Словы словамі, а паперы паперамі. Штрафаў ніхто не скасаваў, і гэтага баімся».

Валянціна кажа, што індывідуальныя прадпрымальнікі пастаўленыя ў такія ўмовы, што ні самім жыць, ні дзяцей вучыць:

«Стаім мы - беспрацоўныя. Нам няма чым заплаціць за вучобу - дзеці вучацца на платнай аснове. Няма грошай, каб заплаціць за вучобу. Нам нічога не застаецца, як ісці на плошчу і патрабаваць скасавання гэтага ўказу. Іншага выйсця проста няма».

На Гомельшчыне цяпер 28 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле звестак прадпрымальніцкіх структур, 80 адсоткаў з іх 1 сакавіка спынілі працу. Наўрад ці цэнтры занятасці здольныя будуць знайсці ім працоўныя месцы - пры цяперашнім крызісным стане эканомікі. Значыць, гэтыя людзі папоўняць шэрагі так званых «дармаедаў», з якімі ўлады маюць намер змагацца. Акрамя таго, самыя сціплыя падлікі паказваюць, што бюджэт толькі ў Гомельскай вобласці страціць прынамсі 30 мільярдаў рублёў падаткаў.

Нагадаем, нядаўна ў Беларусі прайшоў Форум прадпрымальнікаў, на якім улады паставілі крыж на надзеях прадпрымальнікаў развязаць канфлікт: з 1 сакавіка ў дзеянне ўваходзіць нашумелы Указ №222 і гандляваць без належных суправаджальных дакументаў будзе забаронена. У выпадку парушэнняў іпэшнікаў будуць штрафаваць на 9 мільёнаў, а тавар будзе канфіскоўвацца.

Цягам апошніх некалькіх месяцаў ішлі масавыя стыхійныя праверкі і канфіскацыі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках