2 траўня 2024, Чацвер, 3:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўстрыйскі «Kurier»: Лукашэнка на тонкім лёдзе

27
Аўстрыйскі «Kurier»: Лукашэнка на тонкім лёдзе

Перамовы ў Менску. Беларусы, ваюючыя на ўсходзе Украіны. Вайна тычыцца і Беларусі.

Гэта дзяржава больш за ўсё баіцца нестабільнасці. У інтэрв'ю «Блумбэрг» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «без Амерыкі ва Украіне не можа быць стабільнасці». Гэта што, своеасаблівае запрашэнне? Вайна дала яму, абвешчанаму практычна па-за законам у ЗША і ЕЗ, унікальную, але рызыкоўную пляцоўку, піша вядомая аўстрыйская газета «Kurier» (пераклад - charter97.org).

У лістападзе ў Беларусі зноў адбудуцца прэзідэнцкія выбары. «Пераможцам» зноў будзе Лукашэнка, які займае гэтую пасаду з 1994 года і знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ. Адкрытым застаецца толькі адно пытанне: як на гэта адрэагуе вуліца. Тое, што адбываецца ва Украіне, заўсёды адклікаецца ў Беларусі. А там шмат што адбылося: рэвалюцыя, вайна, Крым. Сотні беларусаў змагаюцца на баку Украіны. Беларускія актывісты дзейнічаюць у Кіеве - ва ўмовах свабоды, як яны кажуць.

Андрэй Саннікаў мяркуе, што Лукашэнка ступіў на тонкі лёд. Саннікаў быў самым моцным апазіцыйным кандыдатам на выбарах 2010 года, амаль два гады правёў у зняволенні і цяпер знаходзіцца ў Польшчы.

«Рэжым Лукашэнкі, - адзначае ён, - няздольны рэфармавацца». Рост коштаў і эканамічныя праблемы Расеі ўплываюць на сітуацыю. Усё можа змяніцца вельмі хутка, кажа ён. «Падобныя рэжымы здаюцца незвычайна моцнымі, але бурацца ўраз». 2010 паказаў, што такі патэнцыял сапраўды маецца.

Увечары ў дзень прэзідэнцкіх выбараў вялізная колькасць людзей рушыла ў бок прэзідэнцкай адміністрацыі. Запахла рэвалюцыяй. Людзі перакрылі рух. На наступны дзень усё вярнулася назад: Лукашэнка застаўся на пасадзе, рух транспарту аднавіўся, усе апазіцыйныя кандыдаты былі арыштаваныя. Саннікаў таксама.

Сённяшнюю рэвалюцыю і барацьбу ва Украіне ён называе «вызваленчай барацьбой, у якой мае патрэбу ўся постсавецкая прастора». Палітык мяркуе, што падзенне рэжыму Януковіча ва Украіне «напалохала» Лукашэнку. Але пакуль ён і гэта выкарыстаў у сваіх інтарэсах. Лукашэнка набраў балы падчас Менскіх перамоваў і займеў фота з Мэркель, Аландам і Пуціным. А галоўнае - ні слова крытыкі з боку еўрапейскіх гасцей сітуацыі з правамі чалавека.

Саннікава гэта трывожыць. Ва Украіне ў канчатковым выніку змагаліся за каштоўнасці, а ў Менску тут жа пра каштоўнасці забыліся. Гэта, з ягоных слоў, «небяспечны сігнал».

Лукашэнка спрабуе балансаваць паміж ЕЗ і Расеяй. 2 студзеня, адразу ж пасля ўваходжання ў сілу дагавора аб Еўразійскім саюзе, маскоўскім праекце, ён заявіў, што неабходна паменшыць расейскі ўплыў. Пазней ён рэзка выступіў супраць валютнага саюза праз нестабільнасць рубля. Усе гэтыя заявы звернутыя да яго апанентаў, якія абвінавачваюць яго ў продажы дзяржавы Расеі.

Глядзіце, што Лукашэнка робіць і не слухайце тое, што ён балбоча, адзначае Саннікаў. Ён прыводзіць факты расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі і цесную каардынацыю з Масквой у пытанні аб амерыканскіх і еўрапейскіх санкцыях, якія дзейнічаюць у дачыненні да Расеі і не распаўсюджваюцца на Беларусь.

Пра сябе Саннікаў кажа, што «ён знаходзіцца па-за краінай, але не па-за палітыкай». Калі спатрэбіцца, ён будзе гатовы і дадае: «Я спадзяюся, што гэты дзень наступіць, беларусы вернуцца з Украіны, і ўкраінцы нам дапамогуць».

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках