27 красавiка 2024, Субота, 1:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марэк Буцька: Наіўнасць еўрапейскіх палітыкаў проста ўражвае

6
Марэк Буцька: Наіўнасць еўрапейскіх палітыкаў проста ўражвае
Марэк Буцька
Фота: polskieradio.pl

Еўразвяз які раз паўтарае адну і тую ж памылку, спрабуючы ісці на дыялог з беларускім дыктатарам.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў намеснік кіраўніка польскага фонду «Свабода і дэмакратыя», былы першы сакратар польскай амбасады ў Менску Марэк Буцька, камэнтуючы дзве знакавыя для еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі падзеі: удзел афіцыйнага Менска ў саміце «Усходняга партнёрства» ў Рызе і прызначаны на 18 чэрвеня візіт дэлегацыі Еўрапарламента ў нашу краіну.

- Я думаю, што ёсць толькі адна інстытуцыя ў свеце, якая можа дваццаць разоў паўтарыць адну і тую ж памылку - і нічому не навучыцца. І гэтай інстытуцыяй з'яўляецца Еўразвяз. Колькі разоў мы ўжо чулі аб «новых магчымасцях» для «адкрыцця» Беларусі, колькі дэлегацый еўрапейскіх палітыкаў ездзіла ў Менск у перыяд кіравання Аляксандра Лукашэнкі, колькі разоў мы чулі ад іх запэўніванні, што ён можа змяніцца - і ніколі нічога не мянялася. На жаль, наіўнасць еўрапейскіх палітыкаў проста ўражвае. Як і іхняе захапленне тым, што Лукашэнка дазволіў праводзіць у Менску «мірныя перамовы». Але ж гэта не ён «дазволіў» - гэта Уладзімір Пуцін яму загадаў. Але гэтага стала, каб пераканаць частку еўрапейскіх палітыкаў у тым, што Лукашэнка можа змяніцца.

- На Вашу думку, якая палітыка Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі была б дзейснай?

Санкцыі, санкцыі і яшчэ раз санкцыі. Лукашэнка можа адступіць толькі перад санкцыямі. Але гэта павінны быць санкцыі дзейсныя, а не сімвалічныя. Яны павінны біць па рэжыме, а не выконваць касметычныя функцыі. Я ўсё больш пераконваюся, наколькі неэфектыўная сённяшняя еўрапейская палітыка, калі Лукашэнку яны адразу абяцаюць вялікія сумы грошай, у тым ліку ад Сусветнага банка, а наўзамен не могуць развязаць нават невялікіх, з пункту гледжання міжнароднай палітыкі, пытанняў. Напрыклад, вызваліць Мікалая Статкевіча. А ў Беларусі ж ёсць не толькі Мікалай Статкевіч, але й іншыя палітзняволеныя...

- Ці варта разлічваць дэмакратычным сілам у Беларусі на змену еўрапейскай палітыкі найбліжэйшым часам?

- Калі быў я б беларусам, то на Еўрапейскі звяз у гэтым пытанні наогул бы не разлічваў. Таму што Еўразвяз пакуль яшчэ нічога істотнага для Беларусі не зрабіў. А калі і спрабаваў нешта змяніць, то паводзіўся як «слон у парцалянавай краме» - як напрыклад, у 2010 годзе, калі Еўразвяз так падышоў да пытання прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, што потым рэпрэсій стала яшчэ больш. Беларусы найперш павінны разлічваць на саміх сябе...

- А якія Вашыя прагнозы наконт палітыкі Польшчы ў пытаннях падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі?

- Хачу нагадаць, што ўсё, што было зроблена істотнага ў Польшчы для ўзмацнення барацьбы за дэмакратычную будучыню Беларусі, - і падтрымка рэпрэсаваных, і стварэнне беларускіх СМІ ў Польшчы, і праграма Каліноўскага - усё было створана ў перыяд, калі прэм'ерам быў Яраслаў Качыньскі. Я думаю, што новы прэзідэнт ад партыі "Права і справядлівасць" Анджэй Дуда таксама мерыцца праводзіць актыўную ўсходнюю палітыку.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках