6 траўня 2024, панядзелак, 11:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады спужаліся салідарнасці прафсаюзных актывістаў са звольненым рабочым

1
Улады спужаліся салідарнасці прафсаюзных актывістаў са звольненым рабочым
Фота: praca-by.info

Ва ўсёй Беларусі пераследуюць актывістаў прафзвязу РЭП, якія падтрымалі несправядліва звольненага таварыша.

Прадаўжаецца судовы канвеер у дачыненні да актывістаў прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), якія арганізавалі 31 сакавіка 2016 года каля прахадной Слонімскай камвольным фабрыкі пікет у падтрымку несправядліва звольненага сябра прафзвязу Міхаіла Сошку, паведамляе praca-by.info.

31 сакавіка актывісты прафзвязу РЭП з Менска, Берасця, Баранавічаў, Горадні, Бабруйска, Смалявічаў правялі каля прахадной фабрыкі, дзе працаваў Міхаіл Сошка, акцыю, падчас якой раздалі выходзіўшым са змены работнікам улёткі з просьбай падтрымаць звольненага калегу.

Пікет доўжыўся 25 хвілін. Але гэтага было дастаткова, каб абвінаваціць прафсаюзных актывістаў у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства. У выніку 8 красавіка на рапарт начальніка Слонімскага РАУС мясцовы ўчастковы склаў пратаколы і разаслаў іх па месцы жыхарства ўдзельнікаў акцыі. Пасля чаго рушылі ўслед індывідуальныя «гутаркі» і суды.

Паколькі падчас самой акцыі ніхто з прадстаўнікоў праваахоўных органаў да актывістаў не падыходзіў і не складаў пратакол, трэба было вызначыць, хто менавіта ўдзельнічаў у пікеце. І міліцыянты скарысталіся інфармацыяй, размешчанай у інтэрнэце.

Як распавёў прэс-сакратар прафзвязу РЭП Мікалай Герасіменка, якога выклікалі ў суд Фрунзенскага раёна Менска 29 красавіка, у справе былі сабраныя копіі артыкулаў аб правядзенні пікета з розных сайтаў.

Прафсаюзны актывіст адзначыў, што міліцыянты не пашкадавалі сродкаў - фатаграфіі былі раздрукаваныя на каляровым прынтары.

- У папцы было блізу 15 розных дакументаў, - падзяліўся падрабязнасцямі Мікалай Герасіменка. - Справа была аформленая скрупулёзна. Самае галоўнае, копіі здымкаў удзельнікаў, якія стаялі з плакатамі і сцягамі прафзвязу РЭП, зробленыя з розных навінавых сайтаў, былі надрукаваныя на каляровай друкарцы. А гэта ж каштуе вялікіх грошай. Акрамя таго, у справе былі раздрукоўкі ўсіх нашых тэлефонных званкоў за гэты дзень. Мабыць, менавіта па іх і высвятляліся асобы ўдзельнікаў. Але паказанняў сведак ніякіх не было. І яшчэ быў зачытаны адзін дакумент, што ў перыяд з 16.30 да 17.30, калі работнікі фабрыкі выходзілі праз прахадную, супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным афіцыйна пацверджана, што пікетоўцаў ужо не было.

Са словаў прафсаюзнага актывіста, падчас слухання справы асноўны ўпор быў зроблены на парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах.

- Менавіта таму, на думку суддзі, мы не мелі права надаваць маральную падтрымку нашаму таварышу. Закон быццам бы парушылі! У выніку быў абвешчаны прысуд - мяне прызналі вінаватым і пакаралі штрафам сумай адну базавую адзінку. Сума не бог ведае якая, але пачуццё горычы ў душы засталося - як у нашай «сацыяльнай» дзяржаве абараніць чалавека працы ад самавольства чыноўнікаў? Не кажучы ўжо пра тое, колькі часу і сродкаў было і яшчэ будзе затрачана супрацоўнікамі міліцыі і судамі, каб пакараць рабочых, якія сталі на абарону свайго таварыша, - падсумаваў Мікалай Герасіменка.

Нагадаем, 26 красавіка суд Маскоўскага раёна Берасця вынес папярэджанне ў гэтай справе намесніцы старшыні прафзвязу РЭП Зінаідзе Міхнюк. Слуханне справы адбылося без яе ўдзелу.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках