26 красавiка 2024, Пятніца, 13:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч: За гадзіну 25 чалавек падпісваюцца за бел-чырвона-белы сцяг

7

Нават моладзь, якая вырасла пад чырвона-зялёным, пазнае нацыянальны сцяг і падпісваецца за яго.

Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч распавёў "Радыё Рацыя" пра тое, як праходзіць кампанія збору подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

- Мы стаім у пераходзе на станцыі метро «Кастрычніцкая», людзі ахвотна падыходзяць і ставяць подпісы. Цяпер нават, здаецца, больш актыўна, чым у першыя дні. Прыкладна 25 подпісаў за гадзіну можна сабраць.

- Колькі ўжо сабралі, пачынаючы з 19 верасня?

- Пра колькасць пакуль не гаворым, бо ў нас не так шмат людзей задзейнічана ў гэтай кампаніі. Але ёсць такое меркаванне, што адзін чалавек за месяц лёгка можа назбіраць тысячу подпісаў. У залежнасці ад таго, колькі людзей будзе далучацца да акцыі, затым і агучым нейкія лічбы.

- А колькі подпісаў плануеце сабраць?

- Няма канкрэтнай мэты, бо проста разлічваем на станоўчыя вынікі. Гэта персанальная ініцыятыва, таму паглядзім, што атрымаецца. Але акцыя будзе доўжыцца прыкладна месяц - да 19 кастрычніка. Пасля перадамо подпісы ў Міністэрства культуры, Акадэмію навук.

- І на якую рэакцыю разлічваеце?

- Калі шчыра, то ілюзій няма. Мы жывем у краіне, у якой бел-чырвона-белы сцяг некалькі гадоў быў дзяржаўным, а цяпер уважаецца за незарэгістраваную сімволіку. Гэта ганьба, якую нават цяжка ўявіць! Аднак, адбываюцца і некаторыя станоўчыя змены. Бачым, што за вышыванкі людзей ужо не хапаюць, «Пагоня» амаль легалізаваная...

Таму, магчыма, нехта прыме пастанову і бел-чырвона-белы сцяг унесці ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці. Хоць галоўная сутнасць нашай ініцыятывы нават не ў гэтым. Многія людзі, і перш за ўсё моладзь, якая нічога не ведала пра існаванне бел-чырвона-белага сцяга, бо вырасла пад чырвона-зялёным, даведваецца аб гістарычным сцягу і ставіць подпіс. Гэта самае важнае!

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках