9 траўня 2024, Чацвер, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палатачнікі»: Калі прызываць у войска - то ўсіх!

33

Студэнтаў-завочнікаў «палата прадстаўнікоў» па-ранейшаму мае намер пазбавіць адтэрміноўкі ад прызыву.

У снежні мінулага года Міністэрства абароны прадставіла ў «палату прадстаўнікоў» законапраект, у якім прапаноўвалася забіраць у войска студэнтаў платнай формы навучання. Але на сваім паседжанні 3 лютага «дэпутаты» выказаліся супраць адмены адтэрміноўкі для студэнтаў-платнікаў. Як патлумачыў «Еўрарадыё» намеснік старшыні сталай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Анатоль Глаз, адзіным стрымліваючым фактарам для народных абраннікаў стаў аргумент, што столькі жаўнераў нам не трэба.

«Адзіным стрымліваючым фактарам для прыняцця гэтага рашэння стаў той факт, што можа быць лішак прызыўных рэсурсаў — і тады мы будзем студэнтаў і навучэнцаў прызываць не ўсіх. А гэта прынясе адпаведныя карэктывы негатыўнага плана», - заявіў «палатачнік».

Але як сцвярджае Мінабароны, у апошнія гады існуе вялікая праблема з прызыўнікамі — жаўнераў у войску не хапае. Таму даўкамплектаваць армію «дэпутаты» прапанавалі завочнікамі. І хоць Анатоль Глаз выступае за тое, каб абавязак перад радзімай выконвалі ўсе, ён задаволены хаця б тым, што завочнікам найхутчэй не ўдасца «адкасіць». Бо гэта каля 36 тысяч патэнцыйных абаронцаў радзімы!

«Калі прызываць — то ўсіх! Калі не лішак кантынгенту. А калі не ўсіх, то, канечне, завочнікаў, гэта правільная прапанова!».

Аргументы на карысць свайго пункту гледжання ў яго «жалезныя». Найперш — роўнасць ўсіх перад законам з пункту гледжання правоў чалавека. Па-другое, кажа, прызыў высокаадукаванай моладзі ў войска дазволіць раней паменшыць тэрмін службы да аднаго года.

Пакуль што папраўка ў закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», у адпаведнасці з якой завочнікаў прапануюць пазбавіць адтэрміноўкі, разгледжаная і падтрыманая дэпутатамі ў першым чытанні. Калі будзе другое чытанне, залежыць, паводле словаў Анатоля Глаза, ад таго, наколькі насамрэч вострая праблема недахопу жаўнераў у войску.

«Крытычны недахоп, пра які заяўляе Мінабароны, гэта праблема не сённяшняга дня. Яна ўзнікне ў 2010 годзе. Альбо падчас зімовага прызыву 2010 года. Гэта не сённяшняя праблема, якую неабходна вырашаць тэрмінова. Але калі трэба тэрмінова — 2 красавіка пачнецца сесія і можна прапусціць гэтае пытанне адным з першых», - упэўнены ён.

У той жа час дэпутат прапануе падстрахавацца і ўжо зараз унесці ў закон папраўку, у адпаведнасці з якой у войска будуць забіраць усіх без выключэння студэнтаў.

«Калі ў перспектыве такая сітуацыя ўзнікне, што прызыўных рэсурсаў спатрэбіцца столькі, колькі зараз студэнтаў, якіх рэальна можна прызваць па стане здароўя — абставіны ж розныя ёсць, тады трэба прымаць ўжо ў гэтым законе, што, да прыкладу, з 2015 года, альбо 2013 ці 2018, ісці на прызыў усім, хто навучаецца. Ужо трэба гэта ўказаць», - кажа «палатачнік».

Прадстаўнік прэс-службы Мінабароны Сяргей Кузьмянкоў адмовіўся каментаваць рашэнне «дэпутатаў» прапанаваць войску замест платнікаў — завочнікаў.

Што ж тычыцца таго, ці хопіць 36 тысячаў завочнікаў, каб зняць праблему недахопа прызыўнікоў, то, згодна са словамі прадстаўніка Мінабароны, ён у гэтым не ўпэўнены.

Такім чынам, можна чакаць, што Мінабароны будзе не толькі настойваць на найхутчэйшым прыняцці паправак у закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», якія пазбавяць адтэрміноўкі завочнікаў, але і даводзіць дэпутатам, што і гэтай дадатковай колькасці прызыўнікоў ім не хопіць. І да месца прыйдзецца аргумент дэпутата Анатоля Глаза пра тое, што з пункту гледжання правоў чалавека і роўнасці ўсіх перад законам трэба забіраць усіх. У тым ліку і платнікаў.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках