27 красавiка 2024, Субота, 12:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зінаіда Бандарэнка: «Катэгарычна супраць удзелу»

16
Зінаіда Бандарэнка: «Катэгарычна супраць удзелу»

Людзі ўжо ўголас кажуць, што гэта мёртвы кішэнны «парламент».

Сёння госця сайта charter97.org народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

- У прэсе была інфармацыя, што вы будзеце вылучацца кандыдатам у дэпутаты. Хацелася б ведаць працяг гэтай гісторыі.

- Я - сябра АГП. Акрамя гэтага, яшчэ і сябра Рады інтэлігенцыі. Напярэдадні Рада зрабіла заяву, у якой мы катэгарычна выказаліся супраць удзелу ў «выбарах». І раптам мне з АГП патэлефанавалі і прапанавалі быць спікерам. Я падумала, спікер – гэта значыцца ў камандзе кагосьці. Я пагадзілася, бо меркавала,што буду хадзіць і агітаваць, выступаць з прамовамі. І з’ехала ў Варшаву. А потым, калі вярнулася, у мяне пачалі пытацца: ты што, вылучаешся? Ды ні ў якім разе кандыдатам! Спікер, спікер, я нават і не зразумела, што гэта была такая задума Анатоля Лябедзькі. У свой час я ўдзельнічала ў выбарах і не прайшла, таму ведаю, што гэта ўсё дарэмна. Гэта была такая проста слоўная памылка, як кажуць, непаразуменне.

- А як вы ацэньваеце сёлетнюю выбарчую кампанію?

- Гледзячы на тое, як ідзе інфармацыя са сродкаў афіцыйных і неафіцыйных, мне падаецца, яна такая… больш актыўная. Людзі больш задумваюцца. Яны неабыякава ставяцца да гэтых «выбараў». І я адчуваю, што нашы грамадзяне ўжо саспелі да таго, каб не галасаваць за праўладных кандыдатаў. Людзі ўжо ўголас кажуць, што гэта мёртвы кішэнны «парламент». Інтарэсаў грамадзян «дэпутаты» не выказваюць. Мне падаецца, што людзі гэтыя «выбары» праігнаруюць. Думаю, што адбудзецца байкот.

- Ранней вы навучалі кандыдатаў партыі БНФ прамаўляць перад аўдыторыяй. Ці дапамагаеце каму-небудзь сёлета?

- Я, можна сказаць, ужо дапамагла. Мае заняткі не прайшлі дарэмна, сёння іх можна паслухаць у запісе.

- У нашай Свіслацкай акрузе «дэпутатам» лічыцца Давыдзька. Яго, як і ўсіх іншых «палатнікаў», за 4 гады жыхары не чулі і не бачылі. А што вы думаеце пра яго, як пра дырэктара БТ?

- Гэта паводзіны звычайнага чыноўніка. Але мне не хацелася б пра яго гаварыць... Мы з Генадзем быццам калегі і не аднойчы вялі і канцэрты, і прэзентацыі, а потым разышліся і ў жыццёвых, і ў духоўных, і ва ўнутраных інтарэсах. Некаторыя мае калегі засталіся там на тэлебачанні і працуюць у камітэце тэлерадыёкампаніі, то яны расказваюць, што людзі  да яго ставяцца аніяк. Проста яшчэ адно такое месца чыноўнік заняў і будзе прабівацца толькі дзеля сябе самога. Для людзей нічога не будзе рабіць, як і ніколі не рабіў.

- Цяпер плануецца зрабіць цалкам беларускамоўны канал БТ-3. На вашую думку, якім ён будзе?

- Дай Божа, каб атрымалася ў іх. Я ведаю, што набраць цяпер людзей: беларускамоўных журналістаў і асабліва вядоўцаў, будзе вельмі цяжка, таму што ўжо шмат чаго знішчана. Але я думаю, што тэлебачаннне і радыё памяняецца толькі са зменай ўлады. Калі ўсё застанецца на тых самых месцах і пры тых самых пасадах, то нічога не зменіцца.

- У 2011годзе вы пісалі адкрыты ліст да Лукашэнкі. Ці атрымалі адказ?

- Ды не, канешне. Гэта ліст, у якім я прасіла, каб выпусцілі бацькоў маленькага Даніка Саннікава? Я думаю, што гэта была выпадковасць, але праз дзень выпусцілі Ірыну Халіп, і я вельмі ўзрадавалася. А так афіцыйна я ніякага адказу не атрымала.

- Што вы думаеце, чуючы выраз «беларускія выбары»?

- Гэтае спалучэнне нагадвае пра тое, хто ў нас узначальвае «выбары», нашую выбарчую камісію, Узгадваецца адна спадарыняй, якая ўсім жанчынам рэкамендуе варыць баршчы. Яна зрабіла такімі нашы «выбары»!

- Калі б у вас сёння была магчымасць сказаць слова на тэлебачанні, з якім пасланнем звярнуліся б да людзей?

- У свой час я звярталася да народа, каб думалі, як змяніць уладу. Ведаеце, цяпер проста рызыкоўна выступаць з такой прамовай. Але хочацца сказаць, каб не гублялі чалавечых якасцяў. Беларусам вельмі цяжка заўсёды было жыць, а цяпер яшчэ цяжэй, і буде яшчэ горш. І не вядома, што нас чакае пад новы год. Не губляйце цярплівасці, дабрыні, шчырасці і заставайцеся сапраўднымі беларусамі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках