27 красавiка 2024, Субота, 17:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дабравольскі: Няўдзел у несправядлівых «выбарах» - крок да справядлівых

6
Дабравольскі: Няўдзел у несправядлівых «выбарах» - крок да справядлівых

Ніхто не верыць, што гэтыя «выбары» нешта вырашаюць.

Сёння з сайтам charter97.org падзяліўся сваімі меркаваннямі сябра палітрады АГП, грамадскі дзеяч, былы народны дэпутат СССР Аляксандр Дабравольскі.

- Наколькі дзейснай была форма ўдзелу ў «выбарах», распрацаваная АГП?

- Я думаю, што добрага выйсце не было ні ў кога, акрамя ўлады. І то ў стратэгічным плане яно таксама кепскае. А чаму для кожнай апазіцыйнай структуры не было добрага выйсця? Калі ўдзельнічаць у гэтых «выбарах» - гэта фактычна служыць шырмай для ўлады, падмацоўваць яе аўтарытэт у пэўнай ступені. Улада гаворыць, што вось у нас «справядлівыя выбары», а мы калі ў іх удзельнічаем, то так ці інакш пагаджаемся, што ўдзельнічаць у «выбарах» сэнс ёсць. Другі варыянт - гэта байкатаваць. У маральным сэнсе правільна байкатаваць, калі ёсць палітзняволеныя, калі не лічаць галасы, калі прымушаюць ісці на папярэдняе галасаванне. Але каб байкатавць, трэба мець вялікую матывацыю людзей быць актыўнымі. Яны, гэтыя людзі, баяцца. Грошай, каб ім заплаціць, наўрад можна знайсці, а паколькі ў іх няма матывацыі стаць кандыдатамі ці каб іхны лідэр стаў кандыдатам, таму што яны не вераць у «выбары» - гэтая тактыка таксама здавалася няўдалай. І пасля вывучэння сітуацыі толькі АГП знайшла такое выйсце, каб без вялікіх фінансавых сродкаў усё ж выкарыстаць  магчымасці і таго, і іншага варыянту. Калі ты ўдзельнічаеш, то ты можаш больш магчымасцяў мець, каб камунікаваць з выбаршчыкамі. І гэта значыць , што трэба рэгістравацца і выкарыстоўваць дзяржаўнае тэлебачанне і радыё, і дзяржаўныя газеты. А калі яны не даюцца, то тады з'яўляюцца інфармацыйныя нагоды, што ўлада баіцца даць слова апазіцыянерам. З другога боку - не ўдзельнічаць, бо гэта супярэчыць маральным прынцыпам, і такім чынам АГП прыняла рашэннне не толькі так зрабіць, але загадзя  заявіць, што выбараў у нас няма, а ўвесь сэнс - гэта дапамагчы людзям гэта зразумець. І няўдзел у «выбарах» несправядлівых - гэта крок да выбараў справядлівых. Прычым я хачу сказаць, што гэтая стратэгія была такой, што гэта кампанія «За свабодныя выбары без Лукашэнкі» не прывязана ніякім чынам да правілаў, якія Лукашэнка можа ўстанаўляць і мяняць падчас выбарчай кампаніі. Наогул, нават у тэрмінах не прывязаная, бо будзе працягвацца. У гэтым сэнсе ўпершыню апазіцыйная структура, на жаль, толькі адная, пачала гуляць паводле сваіх правілаў, а не лукашэнкавых.

- Наколькі паспяховай была гэтая кампанія?

- На конт паспяховасці... на жаль, не шмат спікераў змаглі выйсці ў эфір, а некаторых нават «парэзалі». Тым не менш, былі даволі яскравыя выступы розных людзей. Гэта дало свой эфект. А тое, што астатнім забаранілі, таксама дало свой эфект. Таму што гэтыя ўсе выпадкі сталі інфармацыйнымі нагодамі, а людзі змаглі атрымаць інфармацыю праз інтэрнэт пра тое, што спікерам АГП не даюць выступаць. Такім чынам, партыя прымусіла пра сябе гаварыць. Думаю, што АГП выкарыстала ў большай ступені гэтыя магчымасці, чым тыя, каго пусцілі ў эфір, але не запомніліся, таму што заклікалі людзей ісці на выбары.  

- Ці былі рэпрэсіі ў дачыненні да вашых спікераў?

- Былі. Але тут як кажуць: баішся гуляць - не гуляй. Баішся штосьці рабіць - тады сядзі дома. Была размова са спікерамі, якія павінныя былі  вулучацца. Яны выдатна ўсё разумелі. Людзі былі да іх гатовыя, яны ведалі, што будуць несправядлівыя дзеянні ўлады ў дачыненні да іх. Але ім усё ж праўда была даражэйшая за страхі.

- Вы былі народным дэпутатам СССР. Ці можна параўнаць дзейнасць дэпутатаў СССР і «палатнікаў»? Ці карэктнае такое параўнанне?

- Параўнаць гэта можна ў тым, што і тады Вярхоўны Савет СССР быў падкантрольны камуністычнай партыі - уладзе. Але ў ім была такая меншасць, працэнтаў 10, якая прымусіла ўладу лічыцца з інтарэсамі людей. Бо гэтую меншасць выбралі самыя актыўныя людзі. Я сам прайшоў у 1989 годзе, працуючы інжынерам-канструктарам, у тэрытарыяльнай мінскай акрузе, я адчуваў, што ў людзей ёсць проста прага да пераменаў. Цяпер параўнанне не вытрымлівае сітуацыя, таму што той парламент быў падкантрольны, а гэты аніякі, і не парламент. Той парламент ставіў праблемы і вырашаў праблемы. Нават меншасць прымушала большасць прыслухацца да таго, што хочуць людзі. А гэты «парламент» проста ператварыўся ў адстойнік для перадпенсійных чыноўнікаў. І Вярхоўны Савет 12-га склікання, дзякуючы ў першую чаргу дэмакратычным дэпутатам і апазіцыі БНФ, таксама прымушаў уладу лічыцца з тым, што хочуць людзі, а цяпер такое нават цяжка сабе ўявіць. Але што падобнае - да выбараў у 1989-м за некалькі год стала відаць, што людзі хочуць перамен. На сённяшні дзень такі час яшчэ не надышоў у Беларусі, але ўжо першыя прыкметы паводле апытанняў грамадскай думкі, паказваюць, што людзі хочуць перамен. Толькі што яны яшчэ баяцца, ім не хапае пачуцця ўласнай годнасці. Але гэта прыйдзе, я думаю.

- Пасля зняцця сваіх кандыдатаў, ці будзе праводзіцца яшчэ нейкая агітацыйная каммпанія?

- Гэта кампанія будзе працягвацца, таму што гэта кампанія «За справядлівыя выбары без Лукашэнкі». Але мне хочацца дадаць, што пасля гэтага этапа будзе такое пераасэнсаванне, дыскусія, як далей працягваць, там ёсць далей планы, што рабіць.

- На сённяшні дзень, на вашую думку, як настроена грамадства да «выбараў»?

- Я думаю, што зараз ужо ў асноўным ніхто не верыць, што гэтыя «выбары» нешта вырашаюць, і што гэтыя «выбары» хоць у нейкай ступені справядлівыя. Але як будзе далей  развівацца сітуацыя, сказаць цяжка, людзей будуць прымушаць прыходзіць. І цяпер Ладуцька даў загад, каб забяспечыць яўку людзей. Тут па школах, іншых установах ідуць загады пракантраляваць, каб людзі ішлі нават агітаваць на вуліцы. Усё гэта нічога не дасць, таму што калі людзі страцілі давер да гэтай улады і да гэтага «парламенту», які яны ўжо не лічаць парламентам, то іх можна прымусіць прыйсці, але абсалютна нельга прымусіць верыць у тое, што гэта справядліва. І тое, што ўлада страціла падтрымку ў выглядзе веры ў справядлівсцть сваіх дзеянняў, я думаю, ужо паправіць нельга.  

- Якія парады можаце выдаць выбаршчыкам, якіх змушаюць да ўдзел?

- Спікеры АГП гаварылі: не хадзіце на несправядлівыя «выбары», такім чынам вы зробіце крок да справядлівых. Калі пагражаюць, пайдзіце ў асноўны дзень і прагаласуйце супраць усіх. Усё роўна «выбараў» няма, такім чынам вы пакажаце. што пратэстуеце супраць гэтых «выбараў».  

- Які плён ад гэтых «выбараў»?

- Я не хачу казаць, што ёсць нейкая вялікая карысць ад гэтых «выбараў». Ні для ўлады, ні для апазіцыі ніякай карысці няма. І больш прыстойна іх было б наогул адмяніць і «палатку» скасаваць. Я думаю, адкрыць людзям вочы, якія мелі яшчэ нейкія сумненні, удзельнікам гэтай кампаніі ўдалося. Тут зараз галоўнае не засяроджвацца, што былі вось гэтыя разнагалоссі: удзельнічаць ці не. Зразумела, яны былі сэнсоўныя і нават прынцыповыя для большасці. Але не гэта галоўнае, галоўнае, што зараз людзі страцілі сваё права выбару, што яго ў іх ўкралі. І вось трэба пасля выбарчай кампаніі сабрацца і абмеркаваць, як мы разам можам вярнуць гэтыя выбары, каб у іх гэта права выбару было, каб яны самі маглі ўплываць на тое, што адбываецца ў краіне.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках