30 красавiка 2024, aўторак, 12:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Візіт Лукашэнкі ў Астану: прарыву не будзе

44
Візіт Лукашэнкі ў Астану: прарыву не будзе

Навошта Лукашэнка ездзіў у Казахстан?

Перамовы дыктатара Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка Казахстана Нурсултана Назарбаева прайшлі ў Астане 4 кастрычніка. Як паведамляе паводле вынікаў перамоў прэс-служба беларускага правадыра, Беларусь і Казахстан маюць намер пашыраць узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай і навукова-тэхнічнай сферах, дамагаючыся паглыблення эканамічнай інтэграцыі дзвюх краін.

Лукашэнка мяркуе, што практыка рэгулярных сустрэч лідараў дзвюх краін з'яўляецца правільным рашэннем, паколькі гэта падганяе выканаўцаў у Беларусі і Казахстане да рэалізацыі пастаўленых задач.

Паводле вынікаў перамоў стораны падпісалі план сумесных мерапрыемстваў на 2014-2016 гады ў рэалізацыі Праграмы эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін.

Лукашэнка і Назарбаеў падпісалі таксама сумесную заяву, у якой пацвердзілі цвёрды намер і надалей «цесна каардынаваць сумесныя намаганні ва ўсебаковым паглыбленні і пашырэнні беларуска-казахстанскіх стасункаў».

Чаму эканамічныя пытанні паляцеў вырашаць асабіста Лукашэнка, а не члены ўрада ?

- У нас, скажам так, і ўлада, і эканоміка носяць аўтарытарны характар, таму стасункі адбываюцца на ўзроўні прэзідэнтаў, - заявіў у інтэрв'ю «Товарищ.online» незалежны эканаміст Барыс Жаліба. - У развітых краінах усё гэта робіцца на ўзроўні бізнэсу, на ўзроўні спецыялістаў. Прэзідэнты ўсё ж такі займаюцца больш знешняй палітыкай. Але ў нас у СНД свае, як гаворыцца, асаблівасці, якія вынікаюць з савецкага мінулага: кіраўнікі дзяржаў ушчыльную займаюцца гаспадарчымі пытаннямі як у сябе ў краіне, так і на такіх сустрэчах.

Пры гэтым экспэрт не чакае ад сустрэчы кіраўнікоў нейкіх эканамічных прарываў, так як «таваразварот паміж краінамі невялікі, і абедзве краіны завязаныя перш за ўсё на расейскі рынак (асабліва беларуская эканоміка».

Сапраўды, тавараабарот Беларусі з Казахстанам за 8 месяцаў 2013 склаў 601,9 мільёна даляраў - крыху больш за 1% ад агульнага знешнегандлёвага абароту нашай краіны. Акрамя таго, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ён знізіўся на 48 мільёнаў даляраў, на што і паскардзіліся падчас сустрэчы кіраўнікі.

Жаліба мяркуе, што за кадрам паведамленняў прэс-службы, магчыма, засталася мэта Лукашэнкі прадаць штосьці са складскіх запасаў Беларусі, якія «перавысілі ўсялякія нормы».

- Верагодна, гэта тавары традыцыйнага экспарту: трактары, МАЗы, сельгастэхніка, кар'ерныя самазвалы БелАЗа. Тэрыторыя Казахстана велізарная, і гэтая тэхніка магла б знайсці прымяненне, - кажа экспэрт. - Ну, а з другога боку, мабыць, маглі абмяркоўваць магчымасці пастаўкі нафты з Казахстана, бо трэба адысці ад манапалізму расейскай крыніцы. Думаю, што такія пытанні агаворваліся. Але не ўсё патрапіла ў вусны прэзідэнтаў. Магчыма, пра штосьці дамовіліся, пра штосьці - не. Час пакажа. Але я не чакаю, што раптам узаемны тавараабарот або экспарт рэзка падскочыць. Гэта ўсё выпрацоўваецца гадамі.

На думку эканаміста, беларусам «было б нядрэнна выйсці на ўзровень зборкі нашай тэхнікі, што робіцца, напрыклад, у Венесуэле».

- Звычайна пасля такіх візітаў заключаюць нейкія рамачныя пагадненні, якія ўжо ў дэталях прапрацоўваюць спецыялісты. Паглядзім: калі нашы спецыялісты паедуць туды ці казахстанскія сюды, тады будзе вынік. А калі не - то гэтыя візіты застануцца чарговымі візітамі ветлівасці, - рэзюмуе Жаліба.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках