4 траўня 2024, Субота, 19:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дорн часткова прызнаў віну

5
Дорн часткова прызнаў віну

Выступаючы сёння ў судзе з апошнім словам, старшыня Іўдзейскага рэлігійнага аб'яднання ў Беларусі Юрый Дорн прызнаў сваю віну часткова.

Ён прызнаў віну ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Абвінавачванне па чч. 1, 2, 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Дорн не прызнаў, назваўшы яго «надуманым», і заявіў, што яно «не вынікае з матэрыялаў справы».

Максімальнае пакаранне па першым артыкуле - пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Другі артыкул прадугледжвае максімальнае пакаранне па трох частках у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох, да шасці і да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

21 сакавіка дзяржабвінаваўца Таццяна Рак запрасіла ў суда ў якасці пакарання для Дорна пяць гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Дзяржабвінаваўца таксама прапанавала забараніць абвінавачанаму займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчай дзейнасцю, на працягу пяці гадоў і абавязаць яго выплаціць штраф у 500 базавых велічынь.

Як паведаміў БелаПАН старэйшы памочнік пракурора Менска Сяргей Балашоў, прысуд будзе абвешчаны 29 сакавіка.

Першапачаткова Юрыю Дорну інкрымінавалася ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры), чч. 1, 2, 3 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў), ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры), ч. 1 арт. 427 (службовы падлог), ч. 2 арт. 377 (крадзеж, знішчэнне, пашкоджанне або ўтойванне дакументаў, штампаў, пячатак, крадзеж бланкаў) Крымінальнага кодэкса.

Дорн абвінавачваўся, у прыватнасці, у завалоданні ў 2001-2002 гадах домам у гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці, які ў некалькі прыёмаў быў набыты ад імя рэлігійнага аб'яднання нібыта для стварэння ў ім музея аднаго з яўрэйскіх рэлігійных дзеячаў. Аднак пасля афармлення здзелкі дом з дапамогай мясцовых жыхароў быў разабраны і вывезены праз пункт пропуску «Беняконі» ў Літву для адгрузкі ў ЗША. Затым, па версіі следства, Дорн, каб схаваць незаконнае набыццё дома ў Радуні, знішчыў дакументы, якія сведчаць аб здзяйсненні здзелкі і вывазе маёмасці рэлігійнага аб'яднання за мяжу.

Дорну таксама прад'яўленае абвінавачванне ў тым, што без дазволу праўлення аб'яднання ён аднаасобна здаваў у арэнду пад офісы і склады памяшканні рэлігійнай арганізацыі ў Менску розным суб'ектам гаспадарання. У 2005-2012 гадах было заключана некалькі дзесяткаў дамоваў арэнды.

Пасля частка з прад'яўленых першапачаткова абвінавачванняў былі перакваліфікаваныя дзяржабвінавачаннем.

47-гадовага Юрыя Дорна затрымалі 13 сакавіка 2012 года. Першая справа ў дачыненні да яго была ўзбуджаная Следчым камітэтам па ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры). Тады паведамлялася, што Дорн быў затрыманы пры атрыманні незаконнага грашовага ўзнагароджання ад аднаго з кіраўнікоў суб'екта гаспадарання.

Справу расследавала галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі.

Фота: «БелГазета»

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках