26 красавiка 2024, Пятніца, 21:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фазэль ігнаруе масавыя арышты апазіцыі падчас ЧС у Менску

45
Фазэль ігнаруе масавыя арышты апазіцыі падчас ЧС у Менску

Кіраўнік МФХ мяркуе, што рэпрэсіі падчас чэмпіянату свету ў хакеі палітыкай не з'яўляюцца.

«Я не маю ніякага дачынення да рэпрэсій», - заявіў БелаПАН прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазэль, камэнтуючы нядаўняе выказванне лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года і былога палітвязня Андрэя Саннікава.

12 траўня на прэс-канферэнцыі ў Варшаве палітык раскрытыкаваў кіраўніцтва МФХ і яе прэзідэнта ў сувязі з узмацненнем ціску на апазіцыю напярэдадні чэмпіянату свету ў Менску, што выявілася ў прэвентыўным затрыманні дзясяткаў актывістаў.

«Рэпрэсіі аднавіліся з новай сілай, асабліва ў сувязі з чэмпіянатам свету ў хакеі. У дадатак да дзевяці палітвязняў яшчэ 32 чалавека кінулі ў турму, - заявіў Саннікаў. - Немагчыма сёння не думаць пра Змітра Дашкевіча, які надоечы выйшаў з-за кратаў і ні за што трапіў назад у турму, пра Аляксандра Францкевіча - былога палітзняволенага, якога зноў пасадзілі за краты, пра Максіма Вінярскага, які 12 дзён трымаў галадоўку, у тым ліку і сухую. Можна таксама ўзгадаць пра тое, што ў Беларусь не ўпусцілі еўрапарламэнтара Марэка Мігальскага, які намагаў, каб гэты чэмпіянат быў перанесены ў іншае месца. Гэтую ініцыятыву падтрымалі шмат якія палітыкі, грамадскія дзеячы, акторы, праваабаронцы. Усе яны звярталіся наўпрост да кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакея. Сёння трэба ўстанавіць беспасярэднюю адказнасць ІІХФ і яе старшыні Рэнэ Фазэля за тое, што адбываецца ў Беларусі. Цалкам відавочна, што ўсе апошнія падзеі наўпрост звязаныя з правядзеннем чэмпіянату ў Менску».

«Гэткія заявы з'яўляюцца глупствам, - заявіў Фазэль. - Хакей закліканы аб'ядноўваць людзей. На трыбунах збіраюцца тысячы заўзятараў. Чэмпіянат транслюецца дзясяткамі тэлекампаній, аўдыторыя дасягае мільярда чалавек».

Пракамэнтаваць сённяшнія словы Рэнэ Фазэля сайт charter97.org папрасіў Андрэя Саннікава:

«Я б параіў прэзідэнту МФХ Рэнэ Фазелю спытаць пра тое, ці звязаныя рэпрэсіі з чэмпіянатам свету ў хакеі, у Вінярскага, Дашкевіча, Францкевіча, Рубцова, Кулакова, дзясяткаў іншых актывістаў апазіцыі, а таксама сотняў грамадзян Беларусі, якія сёння знаходзяцца ў турме на Акрэсціна, у іншых турмах і месцах пазбаўлення волі, а таксама ў дзевяці палітвязняў, якія сёння падпадаюць пад здзекі і катаванні ў карцэрах і штрафных ізалятарах.

Хачу нагадаць, што менавіта пра гэтыя рэпрэсіі я пісаў у сваім публічным лісце спадару Фазэлю, на які не атрымаў ніякага адказу. Ён можа далей рабіць выгляд, што спорт па-за палітыкай, але ён зрабіў менавіта палітычны падарунак дыктатару, прычыніў сур'ёзную шкоду здароўю сотняў беларусаў, якіх кінулі ў турмы, і павінен зразумець, што за гэткія пастановы трэба адказваць. Зноў хачу падкрэсліць сваю перакананасць у тым, што міжнародныя спартовыя федэрацыі не маюць права праводзіць спаборніцтвы найвышэйшага ўзроўню ў дыктатарскіх краінах, а калі такія пастановы прымаюцца, то яны павінны браць на сябе абавязкі дапамогі ўсім рэпрэсаваным у сувязі з такімі спаборніцтвамі», - заявіў лідэр «Еўрапейскай Беларусі».

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і дэпутаты Еўрапарламэнта неаднаразова заклікалі федэрацыю і Фазэля перанесці ЧС праз парушэнні Беларуссю правоў чалавека. На гэта прэзідэнт МФХ нязменна адказваў, што хакей па-за палітыкай.

Устурбаванасць арыштамі актывістаў апазіцыі пад час хакейнага чэмпіянату ў Менску днямі выказаў Еўразвяз у адмысловай заяве.

Фота: iltasanomat.fi

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках