29 красавiка 2024, панядзелак, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Майдан не дае спакою Лукашэнку

19
Майдан не дае спакою Лукашэнку

Прыняцце «антытэрарыстычных артыкулаў» - рэакцыя беларускіх уладаў на Еўрамайдан.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў былы адвакат, праваабаронца Павел Сапёлка.

- У пачатку 2015 у Крымінальным кодэксе з'явяцца новыя артыкулы, якія прадугледжваюць сур'ёзную адказнасць за тэрарыстычную дзейнасць. Чаму, на ваш погляд, гэтыя змены былі ініцыяваныя менавіта цяпер, а не, скажам, пасля выбуху ў менскім метро больш за тры гады таму, што выглядала б лагічна?

- Шчыра кажучы, я не ведаю, чым кіраваліся ўлады, прымаючы такія змены ў закон, бо адказнасць за ўчыненне тэрарыстычнага акту і так ужо прадугледжаная, а рознага роду прыгатаванні да яго ўчынення, аказанне нейкага садзейнічання, падбухторванне, падрыхтоўка таксама былі крыміналам. Адзінае рэальнае новаўвядзенне - гэта ўзмацненне жорсткасці адказнасці за захоп будынкаў і збудаванняў, калі гэта суправаджаецца прымяненнем рознага роду агульнанебяспечных метадаў, гэта значыць з ужываннем выбуховых рэчываў і гэтак далей.

- Адной з неадкладных рэакцый беларускага рэжыму на рэвалюцыйныя падзеі ва Украіне стала ўзмацненне жорсткасці закона аб ваенным становішчы. У сваю чаргу ўнясенне «антытэрарыстычных артыкулаў» у КК запланавана на пачатак наступнага года - у якім пройдуць прэзідэнцкія «выбары». Рэха Майдану па-ранейшаму не дае спакою рэжыму Лукашэнкі?

- Справа ў тым, што некаторыя са складаў злачынстваў, якія ёсць у Крымінальным кодэксе, да пары да часу ўважаюцца за «мёртвыя». Гэта значыць, напрыклад, да 2010 года ў Беларусі не працаваў артыкул аб масавых беспарадках. Дакладна таксама не працаваў артыкул пра адказнасць за захоп будынкаў і збудаванняў. І цяпер, відавочна, падзеі ў той жа Украіне паказалі, што гэта не прывідная, а самая сапраўдная рэальнасць, якая можа адбыцца ў кожнай дзяржаве, у тым ліку і ў нашай.

- Пасля ўваходжання гэтых артыкулаў у дзеянне, ці змогуць яны быць выкарыстаныя супраць прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, бо яшчэ ў 2006 годзе ўлады пагражалі людзям, што выхад на Плошчу будзе ўважацца за тэракт?

- Я не выключаю ўсякага развіцця падзей. Справа ў тым, што ва ўмовах адсутнасці справядлівага суда супраць апазіцыі і супраць нейкай грамадскай актыўнасці могуць выкарыстоўвацца практычна ўсякія склады злачынства, нават якія не маюць непасрэднага дачынення да апазіцыйнай дзейнасці. Бо мы былі сведкамі, як за грамадскую дзейнасць цалкам надумана быў пазбаўлены волі Алесь Бяляцкі. Ён быў арыштаваны з ужываннем нормы крымінальнага права, якая прадугледжвае адказнасць за ўхіленне ад выплаты падаткаў, хоць была зразумелая непасрэдная прычына яго арышту. І пра гэта кажуць не толькі беларускія праваабаронцы і палітыкі, але і сказаў Камітэт ААН у адвольных затрыманнях.

Таму яшчэ раз паўтару, што Крымінальны кодэкс Беларусі дастаткова аб'ёмны і заўсёды можна знайсці падыходзячы склад злачынства для таго, хто нязручны для рэжыму. А ва ўмовах адсутнасці справядлівага суда - вынесці адпаведны прысуд паводле гэтага складу.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках