4 траўня 2024, Субота, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БПЦ створыць на тэрыторыі Беларусі новыя епархіі

16
БПЦ створыць на тэрыторыі Беларусі новыя епархіі

У Беларусі доўжыцца раздрабленне дыяцэзій.

Пра гэта паведаміў у інтэрв'ю праграме «Контуры» тэлеканала АНТ мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Першыя крокі ў гэтым напрамку былі зробленыя летась 23 кастрычніка. Тады на пасяджэнні Святога сінода Рускай праваслаўнай царквы была прынятая пастанова ўтварыць ў межах Бярэзінскага, Барысаўскага, Крупскага, Лагойскага, Пухавіцкага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага раёнаў Менскай вобласці Барысаўскую епархію, вылучыўшы яе са складу Менскай епархіі. Епархіяльны архірэй Барысаўскай дыяцэзіі будзе мець тытул «Барысаўскі і Мар'інагорскі».

У межах Вілейскага, Валожынскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага, Мядзельскага, Стаўбцоўскага і Уздзенскага раёнаў Менскай вобласці была ўтворана Маладзечанская дыяцэзія, выдзеленая са складу Менскай епархіі. Епархіяльны архірэй Маладзечанскай дыяцэзіі будзе мець тытул «Маладзечанскі і Стаўбцоўскі».

Пастаноўлена ўтварыць ў межах Клецкага, Капыльскага, Любанскага, Нясвіжскага, Слуцкага, Салігорскага і Старадарожскага раёнаў Менскай вобласці Слуцкую епархію, вылучыўшы яе са складу Менскай епархіі. Епархіяльны архірэй Слуцкай дыяцэзіі будзе мець тытул «Слуцкі і Салігорскі».

Прынятая пастанова таксама вызначае тэрытарыяльныя межы Менскай епархіі ў межах Менска і Менскага раёна. Епархіяльны архірэй Менскай епархіі будзе мець тытул «Менскі і Заслаўскі».

У межах Менска, Менскага раёна і Менскай вобласці будзе ўтворана Менская мітраполія, якая ўключае Менскую, Барысаўскую, Маладзечанскую і Слуцкую епархіі.

Кіраўніком Менскай мітраполіі прызначаны мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.

Як заявіў тэлеканалу АНТ мітрапаліт Павел, ёсць просьбы біскупаў раздрабіць Віцебскую, Гомельскую і Берасцейскую епархіі. «Яны вялікія. У гэтых епархіях больш за 150-200 парафій. Але як архірэй можа наведаць, нармальна акармляць такую колькасць прыходаў? Гэта немагчыма. Таму ім патрэбныя ў дапамогу біскупы, якія будуць акармляць гэтую акругу або епархію. Так што працэс (раздраблення) будзе доўжыцца, але не да бясконцасці», - сказаў мітрапаліт.

Ён таксама заявіў, што пытанне аб царкоўнай самакіраванні ў Беларусі (не аб аддзяленні ад РПЦ, не пра аўтакефалію або аўтаномію) цяпер не стаіць. Гэтая тэма ўзнімалася святарамі летась увосень. Вяртацца да яе бліжэйшыя дзесяцігоддзі не плануецца.

Фота: БелТА

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках