27 красавiка 2024, Субота, 11:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Героі нашага часу: Ніна Багінская

14

Ніна Багінская - сапраўдны чалавек-сцяг. З бел-чырвона-белым сімвалам яна не прапускае ні адной акцыі. Але што мы ведаем аб гэтай далікатнай паджылай жанчыне?

"Радыё Свабода" прапануе пазнаёміцца з ёю бліжэй.

Што адразу кідаецца ў вочы ў менскай кватэры Ніны Багінскай, дык гэта процьма чорна-белых партрэтных фатаздымкаў на сценах у дыхтоўных рамах.

Бацькі, дзяды, цёткі-дзядзькі з іхнімі сем’ямі - спадарыня Ніна можа бясконца расказваць пра любога з іх, але нават у гэтым сваім кранальным паглыбленні ў гісторыю свайго роду спахопліваецца і адзначае, што памяць Міхала Жызнеўскага шануе не менш, чым памяць сваіх продкаў. А таму ніякая ўлада і ніякая міліцыя не забароняць ёй ускладаць кветкі і запальваць знічы ў знак глыбокай павагі да беларускага абаронцы Майдана.

Нязгодная з міліцэйскім хамствам

Ніну Багінскую разам з 8 паплечнікамі затрымалі каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Менску 22 студзеня - у гадавіну смерці Жызнеўскага. Праз свой сталы ўзрост - жанчына нарадзілася ў 1946 годзе - спадарыня Ніна атрымала тры з паловай мільёны штрафу, пяці іншым далі ад 5 да 15 дзён арышту.

Спадарыня Ніна абураецца хутчэй не прысудамі - яны прадказальныя - а хамскім абыходжаннем з ёю ды іншымі затрыманымі ў пастарунку. З падрыхтаванымі скаргамі на паводзіны міліцыянтаў яна збіраецца на прыём да міністра ўнутраных спраў і ў пракуратуру Цэнтральнага раёну.

«Паміж сабой міліцыянты часта ўжываюць лаянку, але каб абражаць затрыманых, я такога яшчэ не бачыла, хоць мяне затрымліваюць часта. Я не вытрымала і сказала, што яны як быдла паводзяць сябе, не па-людзку», - кажа Ніна Багінская.

Прынцыповы «заяц»

Пытаюся, ці лёгка ёй аплаціць штраф - пэнсіі ж у краіне вядома якія. На гэта спадарыня Ніна іранічна кажа, што грашовае спагнанне з пенсіянераў вылічваюць невялікімі часткамі, адымаючы ад той жа пенсіі. Так што практычна незаўважны той штраф:

«Я б сама не плаціла. Я і ў транспарце добраахвотна ніколі не плачу. Бяру пашпарт і еду. Калі з’яўляецца кантралёр, кажу, каб афармляў штраф. Некалькі разоў выпісвалі, а цяпер заўсёды адпускаюць. Ведаюць ужо мяне, прывыклі», - распавядае Ніна Багінская і дадае, што не трэба даваць грошы дзяржаве, якая не шануе сваю мову і гісторыю:

«Я кажу кантралёрам, што заплачу за праезд толькі тады, калі адзінай мовай у краіне будзе беларуская, а сцяг - бел-чырвона-белы. Некаторыя радуюцца за мяне і адпускаюць без складання пратаколу».

Чалавек-сьцяг

Ніна Багінская - сапраўдны чалавек-сцяг. З бел-чырвона-белым штандарам яна не прапускае ніводнай акцыі. Кажа, што ходзіць туды, каб падтрымаць моладзь:

«Мне больш шкада моладзі. Затрымліваюць не толькі мяне, але і Змітра Дашкевіча, Насту Палажанку, Юлю Сцяпанаву, Алеся Макаева, Яўгена Батуру. Ім горш, чым мне. Мне пенсію дзяржава дае і будзе даваць. А калі затрымліваюць маладых, то ў іх пасля праблемы на працы. Вось Яўген Батура атрымаў 10 дзён, не выйшаў на працу - усё, кантракт з ім не прадоўжаць. Я часта прапаноўваю, каб яны не выходзілі, бо будуць пасадкі. Кажу, давайце я сама акцыю правяду - мне што, ну дадуць штраф і сцяг забяруць. Але верагодна, што не пасадзяць».

Сцягі Ніна Багінская шые сама - і ледзь не ў прамысловых маштабах. Пасярод яе пакоя стаіць стол са швейнай машынай. Тканіну для сцягоў набываюць талакой - дапамагаюць Алесь Макаеў і іншыя паплечнікі.

«Сцягі шыю пастаянна - і міліцыя забірае, і іншым раздаю. Трэба, каб сцягі заўсёды былі ў запасе. Пакуль мае рукі варушацца, сцягі буду шыць».

Вучылася ў Заходняй Украіне

Ніна Багінская нарадзілася ў Менску. З чацвёртай класы марыла быць геолагам. З восьмай класы пачала займацца веласпортам. Аб’ездзіла палову СССР, удзельнічаючы ў спаборніцтвах і злётах.

Пасля школы вучылася ў менскім Радыётэхнічным інстытуце, дзе атрымала спецыяльнасць мантажніцы радыёапаратуры. Яшчэ адну вышэйшую адукацыю атрымала ва Украіне, у Івана-Франкоўскім інстытуце нафты і газу — там нарэшце збылася дзіцячая мара пра геалогію.

«Вучыцца мне было добра. Але і складана, бо шмат прадметаў выкладалі па-ўкраінску. У мяне ўвогуле часта пыталіся, чаму я гавару па-руску. Даводзілася тлумачыць, што я з Беларусі. Але ўжо тады я стала самастойна вучыць беларускую, хоць размоўнай практыкі і не было зусім», — узгадвае студэнцкія гады Ніна Багінская.

Дэлегат Устаноўчага з’езду БНФ

Ва Украіне Багінская стала спецыялістам у выведцы нафтавых і газавых радовішчаў. З такім дыплёмам трэба было ехаць на радовішчы ў Рэспубліку Комі і там працаваць. Але здароўе бацькоў прымусіла Ніну Багінскую застацца ў Менску, дзе яна пайшла працаваць геолагам у Беларускі навукова-даследчы геалагічны разведвальны інстытут, мэтай якога быў пошук нафты і газу.

«У інстытуце я раздражняла кіраўнікоў сваёй нацыянальнай пазіцыяй. У той час я ўжо запісалася ў БНФ і нават была дэлегатам Устаноўчага з’езду. З рук Зянона Пазняка да мяне трапілі матэрыялы „Камітэту-58“, арганізацыйнай групы ў стварэнні Таварыства памяці ахвяраў сталінізму „Мартыралёг Беларусі“. Я прынесла іх у інстытут, гэта выклікала нянавісць да мяне. Якраз у той час, а мне было ўжо 42 гады, я пачала размаўляць на беларускай мове. Я стварыла суполку БНФ у сваім інстытуце, запісалася шмат людзей. А кіраўнікамі нашай тэрытарыяльнай суполкі Партызанскага раёну былі Юры Дракахруст і Артур Вольскі. Яны дапамагалі, вучылі, як гуртаваць людзей».

Я супраць таго, каб у Беларусі здабывалі нафту — яна ў нас з лёгкімі фракцыямі, прыдатная для палётаў у космас, а ў нас ёй дамы абаграваюць.

З інстытуту Ніну Багінскую звольнілі пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, у 1994 годзе. Асноўнай прэтэнзіяй з боку кіраўніцтва было тое, што жанчына падрыхтавала важную справаздачу пра свой праект на беларускай мове.

Спадарыня Ніна кажа, што кіраўніцтва і не хавала намеру пазбавіцца ад яе — найперш за яе смелыя погляды і нежаданне іх хаваць:

«Я ўвогуле не саромелася ў ацэнках, што да нафтавых спраў. Па-першае, было відавочна, што Масква ніколі не дапусціць нават самых выдатных спецыялістаў з Беларусі да саюзнай нафтавай сыравіны, бо гэта стратэгічная сыравіна. Таксама я супраць таго, каб у Беларусі здабывалі нафту - яна ў нас з лёгкімі фракцыямі, прыдатная для палётаў у космас, а ў нас ёй дамы абаграваюць. Я казала пра гэта, а кіраўніцтва крывілася».

Шые не толькі сцягі

Маючы некалькі прафесіяў і спецыяльнасцяў, Ніна Багінская ўсё жыццё знаходзіла час на шматлікія хобі — шыццё тэхнікай пэчварк, разьба па дрэве, садаводзтва.

«Яшчэ я маю дыплом швачкі-матарысткі другога разраду. Шыць я вельмі люблю. Апроч сцягоў, займаюся тэхнікай пэчварк, у выніку якой старыя гальштукі майго мужа-нябожчыка і дзіцячая вопратка сына і дачкі атрымліваюць новае жыццё ў аплікацыях. Таксама я люблю рэзаць па дрэве. Тут я выкарыстоўваю карані, цікавыя галіны і ствараю розныя прадметы побыту і дэкору — вазы, скарбонкі, фігуры».

Калі я не буду абараняць мову і Беларусь, то я спаць не змагу спакойна.

Спадарыня Ніна кажа, што любоў да разьбы пераняла ад дзеда — той быў знаным майстрам разьбы па дрэве, рабіў мэблю па выпісаных з Пецярбургу часопісах.

«Але калі казаць пра хобі, то для мяне гэта найперш зямля. Нарадзіўшыся ў Менску, я заўсёды зайздросціла вясковым дзецям. Цяпер у мяне ёсць два лецішчы, на кожным з іх — сад, усяго 9 яблыняў. Я вельмі люблю яблыкі, на зіму нарыхтоўваю сок і сочыва. Сад мяне корміць. Калі я страціла працу ў інстытуце, гэтыя яблыкі кармілі маю сям’ю — нешта прадавалі, нешта сябры мянялі на памідоры, агуркі, капусту», — распавядае Ніна Багінская, разліваючы па кубках яблычны сок.

«Робіць рэвалюцыі і дома», — сын

Сын Павал падтрымлівае маці ў яе змаганні. Аднак у вулічных акцыях не ўдзельнічае, хоць на выбарах 2010 году збіраў подпісы за кандыдата ад БХД. Кажа, што такіх людзей, як яго маці, было вельмі мала ва ўсе гістарычныя эпохі, але менавіта яны — каталізатары зменаў:

«Няпроста мець маці-бунтарку, змагарку, рэвалюцыянерку. Яна рэвалюцыі робіць і дома, кіруе намі ўсімі. А ўвогуле трэба мець вялікую мужнасць, каб не баяцца. Мы з сястрой заўсёды вельмі хвалюемся за яе, але ведаем, што яна сапраўдны баец. Шмат людзей да яе звяртаюцца з просьбай пашыць прыгожы сцяг, і яна заўсёды з задавальненнем гэта робіць. Я вельмі маці падтрымліваю, але актыўна займацца тым самым не магу праз брак часу. Такіх людзей, як мама, вельмі мала. Але людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй мала ва ўсе часы. Яны як ядры, вакол якіх кансалідуюцца палітычныя працэсы пераменаў».

Правакатарка і абаронца

На развітанне Ніна Багінская прызнаецца, што любіць правакаваць міліцыянтаў, калі тыя непаважліва выказваюцца пра беларускую мову ці беларусаў як нацыю:

«Я люблю перамагаць міліцыянтаў логікай. Я іх правакую. Праўда, у адказ на іх правакацыі, калі яны пачынаюць казаць, што беларускай мовы не існуе, а беларусы — гэта тыя самыя расейцы. А калі я не буду абараняць мову і Беларусь, то я спаць не змагу спакойна. Для таго каб спаць спакойна, я павінна хадзіць на гэтыя акцыі. Трэба выходзіць на вуліцу, нягледзячы ні на што. Хай улады называюць нас цемрашаламі, але калі мы выходзім на вуліцу, іншыя бачаць, што мы нармальныя людзі з цвёрдымі поглядамі. Я мару, каб тыя, хто бачаць мяне на вуліцы, прыслухоўваліся да маіх учынкаў і рабілі тое самае. Чаму мы павінны дзяліцца з чужым народам? Трэба бараніць сваё. Цяпер моладзь больш агрэсіўная. І я ў чымсьці гэта пераймаю. Калі на нас нападуць, як на Украіну, то вазьму зброю ў рукі і буду абараняць сваю радзіму».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках